Карэнні роду Арцёма Лук’яненкі, які разам з Ксеніяй Жук, стварыў музычную групу NaviBand, – на Глыбоччыне.

Яго бабуля Ніна Сцяпанаўна родам з Бервякоў, а дзядуля Васіль Васільевіч Шыкуць з суседніх Мацясоў, што ў Удзелаўскім сельсавеце. Бацькі Арцёма Жанна Васільеўна і Сяргей Аляксандравіч жывуць у Глыбокім, дзе нарадзіўся і ён сам. Хлопчык вучыўся ў раённай гімназіі, але яго дапытлівасць і цікаўнасць выходзіла далёка за межы прадметнага навучання і школьных урокаў. З малых гадоў Арцём навучыўся гуляць у шахматы. Мог часамі катацца на веласіпедзе. Збіраў і калекцыяніраваў запчасткі і дэталі. Здзіўляў равеснікаў прыдуманымі фокусамі. Актыўнаму, творчаму і крэатыўнаму юнаку не сядзелася на месцы і ён гатоў быў спрабаваць сябе ў розных сферах дзейнасці.
Выступаў у клубе вясёлых і знаходлівых пад кіраўніцтвам Анатоля Гіголы. Пісаў у газету. Скончыўшы гімназію, паступіў на факультэт журналістыкі БДУ, праз год стаў вядучым на радыё “Сталіца”. Але сіла творчасці аказалася мацнейшай за выбар яго прафесіі – Арцём пачаў сур’ёзна займацца музыкай. Менавіта яна дапамагла нашаму земляку знайсці не толькі блізкага па духу чалавека, але і адчуць асалоду ад ад свабоднага творчага “палёту”.
У ліпені Арцём і Ксенія Лук’яненкі пабывалі на Глыбоччыне. Спачатку ў доме адпачынку “Чачалі” ў якасці экспертаў-дэгустатараў кулінарных страў Радзівілаўскай кухні, што гатавала Алена Мікульчык у рамках праекта “Кулінарная спадчына-2020”, а затым на пабыўцы дома, дзе гасцяваў у бабулі і дзядулі іх сыночак Мацей.

Падчас мерапрыемства Арцём сустрэўся са сваёй былой настаўніцай.
–Я выкладала ў класе, дзе вучыўся Арцём, музыку і спевы. Ён быў таленавітым хлопчыкам, адкрытым шчырым, ад якога зыходзіла дадатная энергетыка, і тым не менш у дзіцячай школе мастацтваў займацца не хацеў. Яго не прываблівала тэорыя, яму хацелася практыкі, а таму ён з ахвотай хадзіў на рэпетыцыі, удзельнічаў у музычных конкурсах і заўсёды трапляў у тройку пераможцаў – звычайна займаў другое месца. З аднаго боку было крыўдна, што яго недаацэньваюць, а з другога – гэта матывіравала яго для заняткаў музыкай з мэтай дарасці да лідара. Ён быў церпялівы, умеў сабраць волю ў кулак, канцэнтравацца на галоўным. Ужо тады было бачна, што Арцём – чалавек сцэны, і што ён абавязкова зойме на ёй свае пачэснае месца. Фактычна, так і сталася: Арцём і Ксенія былі ўдзельнікамі міжнароднага конкурсу “Еўрабачанне-2017” і мелі мільённую падтрымку слухачоў, – гаварыла Ганна Шакола.
Арцём пазнаёміў Ганну Казіміраўну са сваёй другой палавінкай лёсу і вядучым голасам дуэта NaviBand – Ксеніяй. Ім было аб чым пагаварыць і было чым абмяняцца: Ганна Казіміраўна падарыла Арцёму і Ксеніі музычны зборнік “Пад акорды белага раяля”, выдадзены ў 2017 годзе, а яны ёй – свой апошні музычны альбом з паштоўкай NaviBand і сваімі аўтографамі.

Спляліся ў дуэце галасы, а ў жыцці – пачуцці
–Калі мы пазнаёміліся з Арцёмам я зразумела, што той хлопец, які быў дагэтуль побач са мной, – чужы і далёкі. З Арцёмам мне было цікава, бо ён разумеў мяне, умеў слухаць і чуць, выказваў ідэі і прапановы, якія былі мне па душы. Даволі хутка я адчула, што Арцём – мой па духу чалавек, і што я хачу быць з ім побач у творчасці і ў жыцці, – кажа Ксенія. – Аб’яднаў нас інтарэс, зблізіла музыка, а песня “Абдымі мяне”, якую мы напісалі разам, спляла ў дуэце не толькі нашы галасы, стала радыёхітом і пачаткам музычнай кар’еры, але і заклала падмурак нашага сямейнага жыцця.
– Я быў не багатым студэнтам, а хацелася нечым здзівіць Ксенію, і я эканоміў, збіраў стыпендыю, каб мы змаглі разам адпачыць. Паездка ў Грузію стала нашым першым сумесным незабыўным падарожжам. Сябравалі і прыглядаліся мы адзін да аднаго нядоўга, усяго паўгода, а тады пажаніліся. Паасобку мы былі дзве палавінкі, а разам – сталі адным цэлым і былі перакананы, што зможам многае, – кажа Арцём.
Як чалавек крэатыўны ён прыдумаў цэлы спектакль-розыгрыш у фінале якога зрабіў Ксеніі прапанову стаць яго жонкай і надзеў на яе палец, які дзяўчыне свярбеў за дзень да падзеі, заручальны пярсцёнак.
Яна разам ужо сем гадоў і за гэты час ні разу не пашкадавалі аб тым, што зрабілі крок насустрач адзін аднаму. У іх сумесным жыцці, якое некалі пачалося з падарожжа, усталявалася добрая традыцыя: кожны Новы год яны сустракаюць у розных гарадах і краінах. Ужо пабывалі ў Львове, Рызе, Вільнюсе, Нью-Ёрку… Кожная паездка, па словах маладых людзей, абагачае іх жыццё новым вопытам, сустрэчамі, цікавымі знаёмствамі і незабыўнымі ўражаннямі, дае магчымасць вывучаць сусветную музычную культуру і несці ў свет сваю, нацыянальную, адчуваць свабоду творчасці, якая не мае межаў.
Два гады назад Арцём і Ксенія сталі бацькамі. Як Мацей крыху падрос, ездзілі на выступленне разам з ім. Хлопчык змалку чуе музыку, любіць іграць на дзіцячай ўдарнай устаноўцы і, хто ведае, магчыма, у будучым дуэт NaviBand ператворыцца ў трыа ў складзе з юным выканаўцам.
Ну а ў звычайным жыцці ў Арцёма і Ксеніі падобныя на нашы паўсядзённыя клопыты: трэба рабіць рамонт у кватэры, карміць сям’ю, выхоўваць сына, адведваць бацькоў, не губляць сувязі з сябрамі і аднакласнікамі…

“Гісторыя майго жыцця” на “Еўрабачанні”
2014 год быўдаволі “ўраджайным” для дуэта Navi (такой была першапачатковая назва): выйшаў дэбютны альбом “Лаві” і акустычны – “Сонцам сагрэтыя” з песнямі на беларускай мове. Творчасць маладых выканаўцаў даволі высока ацаніла спявачка Дзіяна Арбеніна, з якой Арцём і Ксенія выступілі на двух канцэртах групы “Начныя снайперы”. А затым былі іх сольныя канцэрты ў Маскве, удзел у фестывалях Дружбы, у музычных вечарах у Мірскім палацы…
У 2015-м годзе дуэт стаў групай, а песня “Абдымі мяне” прынесла яе выканаўцам званні Лаўрэатаў Нацыянальнай музычнай прэміі “Ліра” ў намінацыі “Лепшая песня на беларускай мове”. Арцём і Ксенія сталі намінантамі прэміі “Героі году”. Выступалі на “Славянскім базары” ў Віцебску, з сольнымі канцэртамі ў Санкт-Пецярбурзе і Варшаве. Выпусцілі сінгл (грампласцінка на адным баку якой запісана толькі адна песня) “Гэта зямля” і выйшлі ў фінал нацыянальнага адбору міжнароднага конкурсу “Еўрабачанне-2016”, але па выніках галасавання гледачоў дуэт заняў чацвёртае месца.
–У нас з Ксеніяй быў цэлы год часу для падрыхтоўкі да паўторнага ўдзелу. На конкурсную сцэну “Еўрабачання”, а праходзіла яно ў Кіеве, мы ўзышлі з песняй “Гісторыя майго жыцця”. Адчувалі надта вялікую адказнасць, бо прадстаўлялі сваю краіну ў свеце, – гаворыць Арцём.
І хоць па выніках група NaviBand заняла 17-е месца, беларускі голас быў чутны на сусветнай культурнай прасторы. Маладыя людзі справіліся з эмоцыямі і працягвалі працаваць. У тым жа годзе выдалі альбомы “Ілюмінацыя” і “Адной дарогай”, напісалі музыку да спектакля “Весы” прэм’ера якога праходзіла ў ММАТ імя Чэхава. Пасля нараджэння сына ў 2018 годзе Арцём і Ксенія адправіліся разам з ім у музычнае турнэ па Еўропе.
–Пяты па ліку музычны альбом мы выпускалі ў Кіеве ў 2019 годзе – зрабілі самі сабе выдатны падарунак на Новы год. Яго саунд-прадзюсарам быў Віталь Цялезін, які працаваў з вядомымі спевакамі Расіі і Украіны. Праект не танны, але мы лічам, што заробленыя грошы павінны ўкладваць у развіццё, расці і развівацца творча, пашыраць геаграфію нашых выступленняў, – гаворыць Арцём.
Напярэдадні правядзення II Еўрапейскіх гульняў ў Беларусі праходзіла эстафета “Полымя міру”. Арцём і Ксенія Лук’яненкі былі яе ўдзельнікамі і пранеслі алімпійскі агонь па Глыбоччыне.
–Мы жывёму Беларусі і любім яе, але, як і для ўсіх музыкантаў і творцаў, наш дом – гэта ўся планета. Будзем старацца, каб яе жыхары даведваліся пра нашы традыцыі, культуру і мову з нашых выступленняў, – сказаў Арцём.
На здымках: ; група NaviBand у складзе Арцёма ( вакал, гітара), Ксеніі (вакал, клавішы), Аляксандра Табольскага (электрагітара), Уладзіслава Чашчавіка (бас), Уладзіміра Бегера (ударнікі); апошні альбом групы і аўтографы яе выканаўцаў.