У № 59 за 22 ліпеня газеты “Веснік Глыбоччыны” мы пісалі пра добраўпарадкаванне, якое актыўнымі тэмпамі вядзецца ў горадзе, і з дапамогай фотаздымкаў паказвалі відавочную розніцу паміж тым як было і як стала цяпер у любімых куточках горада. Сёння мы працягваем цыкл матэрыялаў пра абнаўленне Глыбокага.
За тыдзень да “Вішнёвага фестывалю” работа спорылася адразу на трох гарадскіх аб’ектах: па вуліцы Маладзёжнай каля дзіцячага садка №3, каля дзіцячага садка №4 і на вуліцы Калініна.
На ўкладцы асфальту на вулічным участку і на тратуарнай дарожцы агульнай плошчай 189 метраў квадратных працавала брыгада старшага майстра ДРБУ-145 Ігара Пракапёнка ў складзе рабочых Руслана Казачка, Антона Кобзіка, Алега Петуха, машыністаў-асфальаўкладчыкаў Івана Рудзько, Юрыя Алінцэвіча і Усціна Пятрагі. На аб’екце былі задзейнічаны 7 адзінак тэхнікі, у тым ліку 2 дзесяцітонныя МАЗы. На згаданым участку было ўкладзена больш за 40 тон асфальтабетону. Цяпер тут роўна, гладка, хапае месца для праезду машын, зручна і бяспечна для дзяцей, якія ідуць у садок.
Завершаны рамонтныя работы і на ўчастку пад’язной дарогі, што вядзе да дзіцячага сада№4 па вуліцы Леніна,14. Тут для бяспекі маленькіх пешаходаў пракладзена тратуарная дарожка, пашырана і заасфальтавана стаянка для аўтамабіляў. Запланаваныя будаўнічыя работы закончаны і на вуліцы Калініна.
– Па Калініна мы асфальтавалі тратуарную дарожку даўжынёй 543 метры і шырынёй 1 метр 20 сантыметраў, а гэта 650 квадратных метраў. Па тэхналогіі таўшчыня слоя асфальту 4-4,5, а на з’ездах у двары і ў завулкі – да 6 сантыметраў. Для работ нам спатрэбілася амаль 70 тон асфальтавай сумесі, – гаворыць майстар ДРБУ-145 Віктар Бандарэнка. – Разам са мной тут працавалі майстры Аляксандр Банькоўскі і Андрэй Цяліца, рабочыя Сяргей Коўган, Станіслаў Пучынскі, Юрый Кахнюк, Віктар Бабенка, Генадзь Свідэрскі, Юрый Міхалевіч, а таксама вадзіцель пагрузчыка Анатоль Махальскі і МАЗа – Васіль Шаурка.
Падчас майго знаходжання на аб’екце, пагаварыла з гаспадаром дома №8 па вуліцы Калініна Пятром Ісідоравічам, які майстраваў у сваім двары новыя прыступкі.
– І работнікі філіяла прадпрыемства электрычных сетак і будаўнікі ДРБУ-145 папрацавалі тут добра. Паклалі новыя бардзюры, тратуарную дарожку падсыпалі, падраўнялі, заасфальтавалі. Аж не верыцца, што цяпер выходзіш за веснічкі і ногі па роўным ідуць. Наш двор ніжэй узроўню дарожкі аказаўся, таму раблю прыступачку, каб было зручней сыходзіць. Каля хаты што падрамантуеш, зробіш – радуешся, такое ж адчуванне задаволенасці і ад таго, што робіцца ў горадзе. Мы тут жывём, самі для сябе якасць і камфортнасць жыцця павялічваем, гэта прыемна, – кажа мужчына.
Размову падтрымаў і жыхар дома № 24 Іван Васюковіч.
– Я жыву на вуліцы Калініна з 1961 года. Тады ў нас яшчэ не было ні асфальту, ні тратуараў. Памятаю, падсыпку вуліцы і першыя ходнікі зрабілі толькі ў 1990 годзе, і я па іх 44 гады хадзіў на работу. Ад таго часу, а гэта трыццаць гадоў прайшло, акрамя ямачнага работу на нашай вуліцы ніякія работы не праводзіліся. Сёлетнім летам наша вуліца ажыла, а разам з ёй і ўсе мы, яе жыхару, бо ппрыемна, калі ў жыцці нешта мяняецца да лепшага. Работнікі УП ЖКГ зрабілі падсыпку. Мае былыя калегі з філіяла Глыбоцкіх электрычных сетак, дзе я адпрацаваў 32 гады вадзіцелем, паклалі новыя бардзюры, а брыгада ДРБУ-145 паклала новенькі асфальт. Атрымалася, як кажуць, блісь ды ясь, – сказаў Іван Міхайлавіч.
Добраўпарадкаванне ў горадзе, на якое ўжо пайшло больш за 100 тысяч бюджэтных сродкаў, працягваецца.