Сяргей Цімафеевіч нарадзіўся ў Капыльшчыне, скончыў Глыбоцкае СПТВ-31 і з таго часу круціць “баранку”. А пачынаў ён сваю працоўную біяграфію ў калгасе “Зара” пры Іване Снарскім за рулём ГАЗ-53. Затым служыў ў ракетных войсках у Фрунзе ў Кіргзіі, быў вадзіцелем ЗІЛа-131. Пасля дэмабілізацыі нейкі час працаваў на грузавым “Мэрседэсе” ў прыватнай фірме і вось ужо 11 гадоў, ён – вадзіцель Глыбоцкай ПМК-48.
– За гэтыя гады я аб’ездзіў амаль усю Беларусь: Брэст, Калінкавічы, Магілёў, Салігорск, Віцебск, Наваполацк… Люблю дарогу і адчуваю сябе за рулём падарожнікам, перад якім адкрыаюцца невядомыя дагэтуль гарызонты. Цяпер будуем шматпавярхоўку. За дзень “накручваю” па 520 кіламетраў і рад таму, што вынікі працы ўжо бачны. Дом падрастае паверхамі і мне прыемна, што ў гэтым ёсць і часцінка майго старання, – гаворыць мужчына.
Ад таго, што будаўніцтвам кіруе Сяргей Зубко-малодшы, дыскамфорту не адчувае, а наадварот: ганарыцца тым, што сын “вырас” да майстра, і што ў свой час бацькі дапамаглі яму зрабіць правільны выбар.
Па словах Сяргея Зубко-малодшага, прафесія яго знайшла сама.
– Я вучыўся ў СШ№1 горада. У старэйшых класах канікулы ператвараў у чацвёртую працоўную чвэрць. канікулы працаваў. Мой дзядзя Сяргей Пятровіч Кожух, які на той час узначальваў Глыбоцкую ПМК-48, браў мяне на работу падсобным рабочым у ПМК-48, і я цэлае лета быў па прафесіі “прынясі-падай”: што скажуць, тое і рабіў. На той час я ў прамым сэнсе слова лічыўся непаўналетнім мільянерам. Заробленыя грошы аддаваў маме, за іх мы куплялі ўсё неабходнае да школы і на марожанае яшчэ хапала. Пасля школы мы на сямейным савеце вырашылі, што будаўнік – прафесія запатрабаваная пры любой сітуацыі, што яна дае патрэбныя веды і навыкі, з якімі ў жыцці не прападзеш, – расказвае Сяргей. – Я пайшоў па слядах “бацькі”, толькі вучыўся крыху па іншым профілі. Атрымаў прафесію каменшчыка і вадзіцеля ў СПТВ-168. Затым паступіў у Віцебскі індустрыяльна-будаўнічы коледж. Атрымаўшы дыплом, мог застацца там і працаваць па спецыяльнасці, але душа клікала на радзіму.
З 2018 года Сяргей уладкаваўся каменшчыкам у ПМК-48 і заклаў першыя цаглінкі ў сцены новага дзіцячага садка ў мікрараёне Паўночны. Затым яго прызначылі брыгадзірам будаўніча-мантажных работ. У падпарадкаванні ў маладога кіраўніка было шэсць чалавек, але рабочыя ведалі яго, ён – іх – у міні-калектыве было і ўзаемаразуменне, і ўзаемападтрымка. Адчуўшы, што будаўніцтва — яго сфера дзейнасці, Сяргей паступіў завочна на факультэт грамадзянскага будаўніцтва ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Цяпер ён – студэнт-завочнік і адначасова майстар, які разам з прарабам Ігарам Сямчонкам адказваюць за будаўніцтва жылога дома ў Шаркоўшчыне.
– На аб’екце працуюць 26 чалавек. Арганізоўваю рабочы працэс, сачу за дысцыплінай, кантралюю якасць будаўнічых работ і выкананне правілаў тэхнікі бяспекі. Работа адказная, але, як кажуць, вочы баяцца, а рукі робяць. Навыкі ёсць, памочнікі – пабач, калегі па рабоце – не першы год на будоўлі, таму работа спорыцца. Працуем вахтавым метадам: тры дні праз тры і фактычна без прастояў – сем дзён у тыдзень. Дом здадзём у эксплуатацыю сёлета і будзем радавацца гэтаму разам з навасёламі, – кажа Сяргей Сяргеевіч.
Малады чалавек кажа, што яму пашчасціла з калектывам і з выбарам прэстыжнай спецыяльнасці, што заробкі задавальняюць і што ў перспектыве не супраць кар’ерна “падрасці”. А пакуль ён – выканаўца будаўнічага праекта і адначасова аўтар праекта ўласнага жыцця, у якім, без сумневу, будзе і сям’я, і пабудаваны ўласнаручна прыгожы дом, дзе абавязкова паселіцца шчасце.