Яны не ўзводзяць сцены, не возяць будаўнічыя матэрыялы на аб’екты, не тынкуюць і не фарбуюць, але без іх працы, якая ўкладзена ў чарцяжы, разлікі, акты выкананых работ, не было б і будоўлі.
Вытворча-тэхнічны аддзел (ВТА) Глыбоцкай ПМК-48, у якім працуюць спецыялісты-“тылавікі”будаўнічай сферы, узначальвае Святлана Кармалысава. Ураджэнка Пскоўскай вобласці, яна амаль сорак гадоў жыве на Глыбоччыне і лічыць яе сваёй другой радзімай. Святлана Міхайлаўна скончыла Велікалукскі інстытут і ў жо 16 гадоў працуе ў Глыбоцкай ПМК-48. Пачынала ў планава-эканамічным аддзеле, была вядучым інжынерам ВТА, а цяпер кіруе аддзелам.
– Мы сумесна з вытворцамі работ і майстрамі плануем месячныя заданні, рыхтуем дакументы для ўдзелу прадпрыемства ў падрадных таргах, заключаем дагаворы будаўнічага падраду з разлікам дагаварных (кантрактных) цэн, каардынуем работу субпадрадных арганіазацый і забяспечваем іх праектна-каштарыснай дакументацыяй, – пералічвае рабочыя абавязкі Святлана Міхайлаўна. – У нашай кампетэнцыі ўносіць змяненні ў праектную дакументацыю па аб’ектах будаўніцтва і складаць каштарысную дакументацыю на дадатковыя работы, ажыццяўляць кантроль за будаўніцтвам і адпаведнасцю аб’ёмаў выкананых работ праектна-каштарыснай дакументацыі і тэхнічным нормам, разам з выканаўцамі работ і майстрамі рыхтаваць выканаўчую дакументацыю і перадаваць яе заказчыку. Спецыялісты аддзела сочаць за ходам будаўніцтва аб’ектаў, своечасовым фінансаваннем і за тэрмінамі ўводу іх у эксплуатацыю, кантралююць афармленне і вядзенне журналаў выканання работ, вядуць улік выкананых будаўніча-мантажных работ па аб’ектах, выканаўцах і заказчыках, афармляюць акты выканананых работ па аб’ектах, кантралююць, каб яны былі своечасова падпісаны заказчыкам і прадстаўлены ў бухгалтэрыю, вызначаюць фонд заработнай платы, адпаведна актаў выкананых работ.
З усімі гэтымі абавязкамі спраўляюцца чатыры спецыялісты: Святлана Кармалысава і яе вопытныя памочнікі Ванда Шабашова, Канстанцін Яцкоўскі і Кірыл Мялешка, які працуе на прадпрыемстве зусім нядаўна.
– Наш міні-калектыў згуртаваны, дружны. Мы адзін аднаму дапамагаем і узаемазамяняем. Робім усё, што ад нас залежыць, стараемся, каб ва ўсіх была работа, заробкі і добры настрой ад таго, што наша праца ацэнена і прафесія будаўніка па-ранейшаму запатрабавана ў грамадстве, – кажа Святлана Міхайлаўна. – Віншую калег з прафесійным святам. Жадаю ім жыць здарова і па-будаўнічаму здорава, з аптымізмам і ўпэўненасцю ў тым, што заўтра абавязкова будзе лепш, чым сёння.