На ўчастку №21, які размяшчаецца ў будынку Галубіцкага сельвыканкама, свой выбар зробяць 645 выбаршчыкаў. Галасаваць на даму сёння будуць 232 жыхары вёсак Каралевічы, Слабада, Ясевічы, Іванаўшчына, Запалоўе, Пузыры, Шалагор’е, Жалнераўшчына, Ураджайнае, Вялікія давыдкі, Промежкі, Селішча, Атвалкі-2, Апанасенкі і Галубічы.
Падчас нашага знаходжання на ўчастак прыйшла Раіса Харэвіч з унучкай Насцяй, якая прыехала да бабулі з Наваполацка. Раіса Пятроўна ўсё жыццё жыве ў Галубічах, тут працавала, выйшла на пенсію.
– Пачынала я ў калгасе імя Свярдлова, які затым стаў філіялам “Галубічы” Глыбоцкага мясакамбіната, а цяпер гэта УП “Галубічы”. Адпрацавала галоўным бухгалтарам 35 гадоў. У свой час мы з мужам Валерыем Сцяпанавічам, які працаваў галоўным энергетыкам у гаспадарцы, не раз былі членамі выбарчых камісій. А сёння вось прыйшлі на ўчастак з Насценька. Хачу, каб яна жыла ў мірнай спакойнай краіне і была шчаслівай не дзе-небудзь, а тут, у Беларусі, — сказала Раіса Пятроўна.
Сустрэліся мы на ўчастку і з маладой выбаршчыцай Вольгай Казлоўскай. Дзяўчына пасля заканчэння Галубіцкай БШ паступіла ў Маладзечанскі каледж, атрымала прафесію повара-кандытара і цяпер працуе на адным з хлебазаводаў у Мінску. А зрабіць свой першы выбар прыехала на малую радзіму, у Галубічы, дзе нарадзілася, расла, вучылася і дзе да цяперашняга прыпісана, дзе жывуць і працуюць яе бацькі: мама Святлана Ягораўна і бацька Пётр Збышакавіч.
Старшыня выбарчай камісіі Валянціна Апанасёнак павіншавала Вольгу з яе першым самастойным выбарам і пажадала быць актыўнай грамадзянкай краіны, паспяховай у працы і ў асабістым жыцці.