3 жніўня начальнік Віцебскага ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь палкоўнік міліцыі Сяргей Мурашкін прадставіў калектыву Глыбоцкага райаддзела новага кіраўніка.
Ім стаў маёр міліцыі Васіль Васільевіч Марозаў. Ураджэнец Шаркаўшчыны ў свой час служыў у палку № 3214 асобага прызначэння ў Мінску і адразу пасля дэмабілізацыі прыйшоў на службу ў міліцыю. Пачынаў міліцыянерам групы затрымання ў Шаркаўшчынскім аддзяленні Дэпартамента аховы. Быў вадзіцелем тылавога забеспячэння Шаркаўшчынскага РАУС. Скончыў юрыдычны факультэт Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. Дыпламаваны спецыяліст 9 гадоў працаваў участковым інспектарам Шаркаўшчынскага РАУС. Быў старшым інспектарам па адміністрацыйный практыцы ў мясцовым ДАІ. З 2004 года і да жніўня гэтага года ўзначальваў Шаркаўшчынскае аддзяленне Дэпартамента аховы. Мае 29 год міліцэйскай выслугі.
Падчас прадстаўлення палкоўнік міліцыі Сяргей Мурашкін паставіў перад новым кіраўніком райаддзела канкрэтныя задачы: упэўненым крокам рухацца наперад, добрасумленна выконваць службовыя абавязкі, з гонарам апраўдваць дадзены крэдыт давер’я, мацаваць узаемадзеянне з кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, а таксама з профільнымі службамі райаддзела міліцыі, паважаць калектыў, цаніць кожнага супрацоўніка і, ставячы перад імі канкрэтныя задачы, строга кантраляваць і дабівацца выніку.