З нараджэннем, “вішнёвыя” сем’і!

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Нараджэнне новай сям’і – гэта заўсёды хвалююча і адказна. А абменьвацца заручальнымі пярсцёнкамі, падмацоўваць свае пачуцці пацалункамі, даваць абяцанні вернасці перад  бацькамі, сведкамі, роднымі і блізкімі  і гаспадарамі  “Вішнёвага фестывалю” – яе Вялікасцю  Вішнёвай каралевай і баронам Мюнхаўзенам –  гэта, вядома ж,  запамінальна і яшчэ больш адказна.   Жаніху і нявесце трэба  добра  пастарацца, каб вясельная ўрачыстасць, на якой прысутнічала столькі  паважаных гасцей, стала пажыццёвым упрыгожваннем  іх маладой сям’і, аб’яднанай адным лёсам і каханнем.

“Вішнёвы фестываль” 2013 года заклаў добрую традыцыю: адзначаць нараджэнне новых сем’яў на Глыбоччыне  ў цэнтры горада, на народным вяселлі, гасцямі якога могуць быць і жыхары раёна, і прыезджыя госці. У той год  апладысменты, кветкі, песні і шчырыя віншаванні  ўдзельнікі свята  дарылі  Алегу і Юліі Раманчукам, Аляксандру і Людміле Белым, Дзянісу і Анастасіі Сарокам, Яўгену і Марыі Русакам. У наступныя гады гістарычны вясельны летапіс  Глыбоччыны папоўнілі Ягор і Юлія Кухта, Аляксандр і Таццяна Іваноўскія, Эдуард і Святлана Пірэйкі, Міхаіл і Дзіяна Фядотавы, Дзмітрый і Аксана Юковічы, Аляксандр і Таццяна Вышадкі. У некаторых сем’ях за гэты час нарадзіліся нават не па адным, а па двое дзетак. Важкасці і значнасці мерапрыемству надавалі “сярэбраныя” і “залатыя” юбіляры, якія дзяліліся вопытам свайго сямейнага жыцця, адкрывалі сакрэты яго даўгалецця і жадалі маладым цярпення, старання і  моцнага кахання.

Галоўнымі дзеючымі асобамі сёлетняга “вішнёвага” вяселля сталі глыбачанін Аляксандр Дзюшко і жыхарка вёскі Ажуны Пастаўскага раёна  Дзіяна Блашкаўскас.  Вяла шлюбную цырымонію загадчыца Глыбоцкага раённага аддзела ЗАГС Святлана Ігнатовіч.

Па даўняй традыцыі перад маладымі расцілалі вышываны ручнік, каб іхняя, адна дарога на дваіх, была роўнай і гладкай. Ён і Яна разам запальвалі свечкі, якія сімвалізуюць  дамашнюю ўтульнасць і сямейнае цяпло. У знак павагі  і падзякі за выхаванне, яны нізка кланяліся  бацькам і прымалі ад іх віншаванні. Свае падарункі маладажонам уручыла Вішнёвая каралева з памочніцамі-вішанькамі і Барон Мюнхаўзен, з ролямі якіх выдатна справіліся  загадчыца аўтаклуба ЦТКіНЦ Ірына Альхімовіч, выхаванцы Даша Шылько і Саша Далгалёва і  рэжысёр народнага тэатра мініяцюр “Ідучыя на смех” філіяла №3 Падсвільскага ГДК Аляксандр Дыро. Шчаслівыя, абсыпаныя пялёсткамі ружаў,  у суправаджэнні гаспадароў “Вішнёвага фестывалю” Аляксандр і Дзіяна, ужо як муж і жонка,  прайшлі па вуліцах цяпер ужо роднага, аднаго на дваіх, Глыбокага.

– 25 ліпеня  заключаны шлюб быў не адзіны. Пасведчанні аб нараджэнні сям’і атрымалі глыбачанін Павел Альшэўскі і яго спадарожніца жыцця Любоў Вольская з Ніжняга Ноўгарада; мінчанін Аляксандр Пліско і глыбачанка Аліна Фярковіч; жыхар Лепельскага раёна Уладзімір Лосеў і пастаўчанка Аксана Пракоф’ева; жыхар Наваполацка Дзмітрый Данілаў і жыхарка г. Столін Брэсцкай вобласці Вікторыя Казуля, — гаворыць загадчыца Глыбоцкага раённага аддзела ЗАГС Святлана Ігнатовіч. – А яшчэ хачу сказаць пра  сям’ю Валерыя Іванавіча і Ніны Фёдараўны Захаранкаў.

Сёлета 26 ліпеня  яны адзначылі брыльянтавае вяселле!!!  Валерый Іванавіч родам з вёскі Экімань, што на Полаччыне, Ніна Фёдараўна нарадзілася ў Лёзненскім раёне, але 60 гадоў назад яны пераехалі на Глыбоччыну і да цяперашняга жывуць тут. Менавіта Глыбокае стала малой радзімай для    іхніх дочак  і чатырох ўнукаў, якія прыязджаюць на лета да бабулі і дзядулі. Жадаем  гэтым  добрым шчырым прыгожым душой людзям, якія адначылі ні многа, ні мала — цэлых 60 гадоў сумеснага жыцця,  здароўя, аптымізму,  доўгага веку, праўнукаў і чакаем  праз 5 гадоў  на чарговай юбілейнай урачыстасці, якую з задавальненнем арганізуем для іх.

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru