Алена Мікульчык: «Жыць трэба са смакам»

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Сітуацыя, звязаная з пандэміяй, паўплывала на рух, тэмп жыцця, а таксама на працоўную і творчую дзейнасць многіх людзей. Рэжым самаізаляцыі перакрэсліў планы, унёс свае карэктывы ў паездкі, сустрэчы, арганізацыю мерапрыемстваў, у  адносіны паміж людзьмі. Але былі, ёсць і будуць людзі, якія ў любы час, нягледзячы на складанасць абставін,  знаходзяць магчымасці  для заняткаў любімай справай.

Адной з такіх апантаных творчых  людзей з’яўляецца  Алена Мікульчык.  Яна – вядомы эксперт беларускай нацыянальнай кухні, шэф-повар,  які цікавіцца гісторыяй сваёй краіны і  вывучае яе праз кулінарную спадчыну, а дакладней, “вяртае да жыцця” старадаўнія рэцэпты прыгатавання баларускіх страў, прапагандуе культуру харчавання і здаровую ежу. Алена пераканана, што пры жаданні,  кожны з нас, аддаючы перавагу менавіта нацыянальнай кухні, можа “жыць са смакам”.  Алена даволі часты госць на Глыбоччыне, добра ведае пра наш “Вішнёвы фестываль”  і  два гады назад была яго ўдзельніцай.  У рамках бізнес-форуму “Дзелавое партнёрства” адбылася прэзентацыя яе новай кнігі, а таксама яна   правяла майстар клас па прыгатаванні страў – дэсертнага супу з вішняў  і чырвонага віна, салаты з марынаваных  чырвоных бурачкоў і вішань, – якія ўпрыгожылі  святочны стол.

Напярэдадні “Вішнёвага фестывалю” яна прыехала ў Дом адпачынку “Чачалі”, дзе  два гады назад, падчас святкавання  Сусветнага Дня турызму,  стартаваў праект “Кулінарная спадчына-2018”. Разам з Аленай былі члены каманды,  памочнікі-прафесіяналы  відэааператар Аляксандр Бабіч і фатограф Вольга Акуліч, а таксама вядомыя ў краіне і за яе межамі спевакі і музыканты  дуэта NaviBand Арцём і Ксенія Лук’яненкі. Яны былі ў ліку дэгустатараў “Радзівілаўскай кухні”, якія падтрымліваюць  намаганні Алены Мікульчык у рэалізацыі яе кулінарных праектаў.

– З-за пандэміі ў мяне адменены многія  замежныя паездкі і мерапрыемствы, але дарэмна час я не губляю. Цяпер працую над новай кнігай, у якую ўвойдуць рэцэпты страў шляхецкай кухні XVIII-XIX стагоддзяў. Хачу сказаць, што шляхецкая  і сялянская кухні  маюць значныя адрозненні. Сяляне працавалі на зямлі, затрачвалі на работу шмат сіл і часу, а таму іх ежа, звычайна, была натуральнай — што вырасцілі, выгадавалі, тое і з’елі, хуткай для прыгатавання, высокакаларыйнай і сытнай, каб хутка наталіць голад. Галоўная ідэя сялянскай кухні – танна, хутка, смачна накарміць вялікую колькасць людзей.

У прадстаўнікоў шляхецкага саслоўя ўсё было па-другому, – расказвае Алена Мікульчык. – Рэцэпты прыгатавання многіх страў мелі іншаземнае паходжанне, бо арыстакратыя  сачыла за модай, у тым лікі і кулінарнай. Таксама захоўваліся і традыцыйныя стравы і тэхналогіі гатавання.  Шляхта часта  ладзіла прыёмы, запрашала гасцей, старалася здзіўляць іх  прыгатаванай смакатой. Мясныя стравы  гатавалі ў большасці выпадкаў з дзічыны: кабаноў, аляніны, зайчаціны з дабаўленнем рознага роду соусаў, падліў,  арэхаў і  свежых ягад. Былі звычайныя супы, а таксама дэсертныя, як напрыклад, “боршч” з вішань з віном і спецыямі. Шляхецкія  застоллі, бывала, працягваліся па месяцу. Госці елі, танцавалі, гулялі ў парках,  заключалі здзелкі, вялі размовы і дыскусіі. Умела падабраныя прадукты  харчавання, з густам і ў адпаведнасці з рэцэптамі прыгатаваныя стравы дазвалялі  пакаштаваць усё, што было на стале, без шкоды  для свайго здароўя. Гэта і пацвердзіла Алена Мікульчык у час чарговага прыезду на Глыбоччыну.

У той дзень яна  прыгатавала  любімыя стравы  знакамітага роду Радзівілаў – амлет з фундуком, гуляш з ялавічыны з арэхамі і вішнямі, свініну з грыбамі і салёнымі агуркамі ў сметанковым соусе, а таксама любімую страву Напалеона Банапарта –  свініну ў шакаладным соусе. У якасці дэсерту падалі тамлёную ў віне грушу  “па-радзівілаўску” і ягадны “боршч” з  французскім бісквітам замест хлеба, выпечаныя трубачкі-андруты. У гасцей была магчымасць прадэгуставаць таксама  шляхецкую ягадную наліўку “Рафалія” трохгадовай вытрымкі…

– Наша жыццё – гэта пастаянныя  дарогі, раз’езды, не так часта бывае вольны час, але я люблю кухарыць і  радаваць уласнаручна  прыгатаванымі стравамі Арцёма і нашага сына.  Раблю  розныя соусы, салаты,  выпякаю, эксперыментую. Я насамрэч люблю салодкае, але мясныя  стравы “радзівілаўскай кухні” мне вельмі спадабаліся. Увогуле, усё вельмі арыгінальна, смачна, па-майстэрску з густам аформлена – проста клас! – сказала Ксенія Лук’яненка.

– Мы спяваем песні па-беларуску, а вы гатуеце беларускія стравы. І мы, і вы хочам, каб беларусы  бераглі і захоўвалі спадчыну, цанілі і любілі сваё, ганарыліся сваім, нацыянальным, ці то музычным, ці  то кулінарным мастацтвам. Жадаю, каб вашы праекты паспяхова рэалізоўваліся, каб  колькасць прыхільнікаў сваёй, беларускай, кухні  павялічвалася, каб  вашы кулінарныя кнігі сталі настольнымі ў гаспадыняў у кожнай сям’і, – падтрымаў жонку Арцём Лук’яненка.

Удзельнікі мерапрыемства адзначалі  глыбокія веды Алены Мікульчык па гісторыі і культуры харчавання беларусаў, яе прафесійныя поварскія здольнасці, уменне зацікавіць і знайсці аднадумцаў. Усе яны сышліся ў адным: Алена дапамагла прысутным перамясціцца ў часе,  у якім жыла шляхта, і трапіць у сапраўдную  гастранамічную казку.

– З нецярпеннем будзем чакаць выхаду ў свет  чарговай кнігі Алены. Я   прапаную Дом адпачынку “Чачалі” як пляцоўку для яе прэзентацыі і далейшага супрацоўніцтва ў плане праектнай дзейнасці. Легенда пра Чачука, якую ведаюць многія нашы наведвальнікі,  і стравы шляхецкай кухні, якія нам выпаў гонар прадэгуставаць,  у сукупнасці могуць стаць пазнавальнымі  брэндамі камфортнага і  здаровага адпачынку  з нацыянальным каларытам на Глыбоччыне,  – сказала Людміла Чэбан і падарыла Арцёму і Ксеніі вішнёвіка – сімвал “Вішнёвага фестывалю”, дабрачыннасці і добрай весткі.

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2024

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru