Ілля Дуброўскі – вучань 3 класа Шунеўскай СШ. Хлопчык расце дапытлівым і шмат чым цікавіцца акрамя школьных прадметаў. Напрыклад, ён займаецца спортам, з’яўляецца пастаянным актыўным ўдзельнікам розных творчых конкурсаў.
Вось і нядаўна прыняў удзел у раённым этапе рэспубліканскга конкурсу “Выратавальнікі вачыма дзяцей”, прымеркаваным да прафесійнага свята работнікаў пажарнай службы, і заняў другое месца.
– Ілля сам рабіў пажарны аўтамабіль, а таксама прадставіў на конкурс маляваныя работы. Мы радуемся яго поспехам і падтрымліваем у жаданні звязаць свой лёс з прафесіяй выратавальніка. Наколькі гэта не лёгкая, адказная і небяспечная работа Ілля ведае не з кніг, а з рэальнага жыцця, бо яго тата Ігар Валер’евіч Дуброўскі не першы год працуе старшым майстрам газадымаахоўнай службы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і абслугоўвання Глыбоцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Гледзячы на яго, хлопчык змалку фізічна загартоўвае сябе, цікавіцца пажарнай тэматыкай, збірае тэматычнае партфоліа і ўпэўнены, што некалі зменіць бацьку на яго службе, – гаворыць настаўніца пачатковых класаў Шуняўскай СШ Наталія Расціславаўна Малей. – А яшчэ сімвалічна тое, што бацька і сын у адзін дзень, 26 ліпеня, святкуюць дні нараджэння. У сувязі з гэтымі асабістымі датамі і з прафесійным святам, якое работнікі пажарнай службы адзначаюць 25 ліпеня, ад імя адміністрацыі школы, ад сябе і бацькоў хачу павіншаваць у асобе Ігара Валер’евіча ўвесь калектыў раённага аддзела МНС. Выказваю падзяку супрацоўнікам райаддзела за супрацоўніцтва з намі, за вучобу школьнікаў правілам бяспекі і паводзін, за праводзімую прафілактычную работу: гутаркі, віктарыны, конкурсы… Жадаю здароўя, рабочых змен без агню і дыму, годнай падрастаючай змены, якая без боязі выбірае вашу прафесію і хоча стаяць на варце жыцця людзей.
Фота з сямейнага архіва