Менавіта столькі свежых смачных кандытарскіх вырабаў з прымяненнем “вішнёвай” тэхналогіі, выпеклі напярэдадні фестывалю на Глыбоцкім хлебазаводзе.
– Наша прадпрыемства выпускае 52 віды кандытарскіх вырабаў, 10% з якіх займае “вішнёвая” прадукцыя. Яе мы выпускаем на працягу ўсяго года, а напярэдадні “Вішнёвага фестывалю” з улікам таго, што на Глыбоччыну прыязджае шмат гасцей і турыстаў, павялічваем аб’ёмы. Так, з 20 па 25 ліпеня кандытары хлебазавода, падрыхтавалі для ўдзельнікаў свята амаль дзве тоны “вішнёвых” прысмакаў, якія “раз’ехаліся” па васьмі фірменных магазінах філіяла ў Глыбокім і Шаркаўшчыне, а таксама па дзяржаўных і прыватных гандлёвых кропках горада, якія з’яўляюцца нашымі пастаяннымі заказчыкамі, — гаворыць начальнік лабараторыі філіяла ААТ “Віцебскхлебпрам” Глыбоцкі хлебазавод Рэната Гапон. – У асартыментным пераліку торты тварожны з чарэшняй, “Казка”, “Сакура”, “Ягадная забава” і “Чырвоны вельвет”, рулеты “Вішнёвы смак” і “На дэсерт”, пірожныя “Прафітролі з вяршкамі” і “Салодкі вечар”, пернік сувенірны “Глыбоцкі”, Булачкі “Тэрмошка”, пірог “Вішанька” і булачкі “Вішнёвыя фантазіі”.
Усю гэту смакату на працягу тыдня выраблялі пекар Ала Варанкевіч, машыніст-раздзелачнік Марына Васільева, цеставод Наталля Бузо, а таксама кандытары Людміла Жынь, Святлана Нябеская, Жанна Брэхун, Паліна Парпуціс, Надзея Шантар пад кірнаўніцтвам інжынера-тэхнолага Таццяны Бясецкай.
У калектыве кандытараў, які мы назвалі, працуюць сапраўдныя прафесіяналы. 37 гадоў на вытворчасці Людміла Жынь. Яна – майстар на ўсе рукі, настаўнік для навічкоў, якія прыходзяць пасля заканчэння спецыялізаваных навучальных устаноў. Вось і цяпер яна ўзяла пад сваё крыло Паліну Парпуціс. Дзяўчына родам з суседняй Шаркаўшчыны, працуе тут па размеркаванні пасля заканчэння Полацкага вучылішча. Кажа, што працай і калектывам задаволена.
Двойчы святочным аказаўся перадфестывальны тыдзень для Таццяны Бясецкай: 22 ліпеня яна адзначыла свой дзень нараджэння. Майстар-прафесіянал з 20-гадовым працоўным стажам, які спячэ торт па любому эскізу, ідэі і жаданні заказчыка, з добрым настроем рабіла справу, якая стала галоўнай у яе жыцці – дарыць людзям радасць. Віншуем Таццяну Іванаўну з яе прыгожай асабістай датай, жадаем ёй здароўя, кахання і шчасця, а ўсяму калектыву – працоўнага плёну, новых цікавых ідэй і задаволеных пакупнікоў.