Глыбокае – гэта горад рытму, руху і дынамікі, якія спрыяюць прыемным зменам і радуюць яго жыхароў.

Будуецца жыллё, узводзяцца аб’екты сацыяльнага прызначэння, адкрываюцца магазіны, вядзецца рамонт дарог і добраўпарадкаванне гарадскіх тэрыторый… Усё гэта робіцца ў адпаведнасці з горадабудаўнічым праектам “Генеральны план горада Глыбокае”. Аб тым што ўжо зроблена, што знаходзіцца ў працэсе будаўніцтва і якая перспектыва закладзена ў ім гаворым з начальнікам аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Аляксандрам Георгіевічам Латышонкам.
– Галоўнае пытанне для любой сям’і – гэта жыллё. Якімі тэмпамі вядзецца яго будаўніцтва ў Глыбокім?
– Даволі інтэнсіўна ідзе шматкватэрная жылая забудова і індывідуальнае будаўніцтва. Кватэрная забудова – гэта жылы мікрараён Паўночны-2. Сюды падведзены інжынерна-тэхнічная інфраструктура – газ, вада, каналізацыя – і сувязь, зроблены пад’язныя дарогі. У двух здадзеных у эксплуатацыю пяціпавярхоўках ужо атрымалі кватэры з выгодамі і справілі наваселле 120 сем’яў. У трэцім квартале гэтага года будзе завершана будаўніцтва трэцяга 60-кватэрнага дома, а гэта плюс 3 тысячы метраў новага камфортнага жылля па вуліцы Паўночнай, 39. У наступным годзе будаўніцтва шматкватэрных дамоў у мікрараёне Паўночны-2 будзе працягнута. Згодна праектнай дакументацыі тут будуць узведзены восем 60-кватэрных дамоў. Тэрмін будаўніцтва кожнага новага дома – прыкладна 9-11 месяцаў.
Ужо падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя і аб’яўлены тэндар па вызначэнні падраднай арганізацыі, якая будзе ўзводзіць 40-кватэрны жылы дом па вуліцы Леніна, 133 А. Будаўніцтва распачнецца ў гэтым годзе.
Што датычыць індывідуальнай забудовы, то цяпер яна актыўна ідзе ў раёне Радужнай і ахоплівае першы, другі і трэці завулкі Радужныя, вуліцы Полацкую, Корсака, Вішнёвую і Варанкевіча. Прыватнікі будуюць дамы, а мы падводзім да іх вада- і газаправод, каналізацыю, дарогі, абуладкоўваем дзіцячыя пляцоўкі.
Пад далейшае індывідуальнае будаўніцтва будуць адведзены землі ў раёне вуліцы Шмырова ў Глыбокім. Горадабудаўнічы праект згаданага жылога мікрараёна будзе гатовы ўжо ў гэтым годзе.
Сёлета запланавана ўвесці ў эксплуатацыю не менш за 6 тысяч 150 метраў квадратных жылля, з якіх 3 тысячы квадратных метраў — гэта дом на Паўночнай,39 і 3 тысячы 150 метраў — індывідуальная забудова. Думаю, што намечаныя абавязацельствы мы выканаем.
– Размовы аб неабходнасці будаўніцтва ў Глыбокім чацвёртай сярэдняй школы вяліся даўно. Цяпер, гледзячы па ўсім, яны пяройдуць у справу і планы стануць рэальнасцю?
– У Глыбокім дзве гарадскія школы – СШ№№2 і 3 – займаюцца ў дзве змены. Аблегчыць умовы навучання для дзяцей і працы – для педагогаў дапамагло б будаўніцтва чацвёртай гарадской школы. Старшыня райвыканкама Аляксандр Шубскі выступаў з гэтай ініцыятывай з першых дзён работы ў нашым раёне. Яго ініцыятыва знайшла падтрымку падчас прыезду ў Глыбокае Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігара Сергіенкі і старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалая Шарстнёва. Было дадзена даручэнне аб распрацоўцы неабходнай дакументацыі. У перспектыве на зарэзерваванай тэрыторыі паміж жылымі мікрараёнамі Паўночны-1 і Паўночны-2 і плануецца будаўніцтва 4-й сярэдняй школы.
– Якая сітуацыя ў плане будаўніцтва аб’ектаў сацыяльнага прызначэння?
– Пад асабістым кантролем Аляксандра Мікалаевіча і пры падтрымцы старшыні Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, нашага дэпутата Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі вядзецца рэканструкцыя фізкультурна-аздараўленчага цэнтра. У наступным годзе аб’ект плануецца здаць у эксплуатацыю. Жыхары горада і раёна атрымаюць выдатны падарунак: ездзіць у Докшыцы, каб паплаваць у басейне, ім ужо не прыйдзецца. Умацоўваць здароўе дарослыя і дзеці змогуць на месцы: у сваім, гарадскім басейне.
Аб’ектам увагі старшыні райвыканкама Аляксандра Шубскага стала колішняя спартыўная пляцоўка, якая знаходзіцца паміж дамамі №№138 і 142 у жылым мікрараёне МКК. Па яго ініцыятыве быў дадзены старт работам па яе рэканструкцыі і абуладкаванні, якія вядуцца ў рамках праекта “Benfesto – дзецям”. Гэта будзе камбінаваная пляцоўка, на якой змесцяцца спартыўна-гульнёвая для заняткаў міні-футболам са штучным травяным пакрыццём; пляцоўка для сілавых відаў спорту і дзіцячая гульнёвая. У рэалізацыі гэтага сацыяльнага праекта самы актыўны ўдзел прымае ААТ “Глыбоцкі МКК”, які выдзяляе тэхніку, рабочых і фінансаванне, а таксама ААТ “Тураўскі малочны камбінат”, і Асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футбола”.
– Добраўпарадкаванне гарадскіх тэрыторый стала добрай традыцыяй, якая кожны год падмацоўваецца канкрэтнымі справамі. Што зроблена і што робіцца ў гэтым накірунку сёлета?
– Зрабілі і заасфальтавалі пешаходную дарожку па вуліцы Мінскай ад СШ№1 ўбок вуліцы Буйніцкага. Добраўпарадкавалі ўчастак, які прылягае да дзіцячай пляцоўкі “Брыганціна” па вуліцы Ламаносава. Пракладзена тратуарная дарожка да дзіцячага сада №4. Там жа праз дні два-тры з’явіцца заасфальтаваная аўтамабільная стаянка. У стадыі завяршэння добраўпарадкаванне па вуліцы Маладзёжнай каля дзіцячага сада №3. На “Вішнёвы фестываль” змогуць пайсці па новым тратуары жыхары вуліцы Калініна. На бліжэйшую і далейшую перспектыву запланаваны не меншыя аб’ёмы работ па будаўніцтве, рэканструкцыі і добраўпарадкаванні наша горада.