ТЦСАН “Крыніца” прапаноўвае дапамогу на ўсе выпадкі жыцця

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Дарогу ў тэрытарыяльны Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які размяшчаецца ў Глыбокім па вуліцы Мінскай,91, ведаюць усе, хто сутыкнуўся з жыццёвымі праблемамі і не змог вырашыць іх самастойна.  Аб тым каму дапамагаюць яго супрацоўнікі, якія віды паслуг аказваюць  і з якімі пытаннямі могуць звяртацца сюды жыхары раёна гаворым з намеснікам   дырэктара ТЦСАН “Крыніца” Таццянай Пятроўнай Плюта.

ТЦСАН “Крыніца”
Фотаздымак выкарыстаны ў якасці ілюстрацыі

—Хто з’яўляецца  патэнцыяльнымі  спажыўцамі  паслуг Цэнтра?

—Грамадзяне найбольш неабароненых у сацыяльным плане катэгорый: ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы,  непаўналетнія вязні,  адзінокія састарэлыя людзі,  пенсіянеры, якія па прычыне  захворванняў не здольны самі сябе абслугоўваць, інваліды,  шматдзетныя, няпоўныя  і сем’і, якія маюць нізкія  даходы, грамадзяне, якія па розных прычынах аказаліся ў складаным матэрыяльным становішчы альбо сталі ахвярамі дамашняга гвалту.

— Колькі відаў паслуг прапаноўвае для іх Цэнтр і па якіх тарыфах?

— Цэнтр, які мае  свой філіял у Падсвіллі, аказвае насельніцтву больш за 170 відаў  паслуг. Улічваючы тое, што многія грамадзяне, якія звяртаюцца да нас за дапамогай, маюць невялікія даходы, паслугі ім мы прадстаўляем  па сацыяльна нізкіх тарыфах. Напрыклад, у тым жа  Падсвіллі не першы год працуюць сацыяльная цырульня і майстэрня па рамонце абутку, дзе якасць абслугоўвання спалучаецца з прымальнымі цэнамі.

—Якія паслугі найбольш запатрабаваныя?

—Гэта надомнае абслугоўванне, якім займаюцца спецыялісты аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму пад кіраўніцтвам Марыны Морхат. На сёння  паслугамі 96-і сацыяльных работнікаў,  якія   дапамагаюць пажылым людзям на даму, карыстаюцца 785 жыхароў раёна. Акрамя гэтага, калі ў сям’і ёсць інвалід альбо ляжачы пажылы чалавек, якога нельга пакінуць аднаго, а трэба вырашыць неадкладныя пытанні ці проста адпачыць, дамачадцы могуць заказаць  паслугі няні ці сядзелкі.

Кожную вясну і ўвосень, напярэдадні зімовага ацяпляльнага сезона і напрацягу мая-верасня ў нас дастаткова заявак  на апрацоўку агародаў, распілоўку дроў, абкос прыдамавых тэрыторый.  Для  выканання гэтых работ  у нас ёсць конь, міні-трактар, бензапілы, трымеры. За студзень-чэрвень гэтага года мы аказалі 1 тысячу 638  разавых паслуг такога роду.

Паколькі некаторыя  пажылыя людзі, якія пражываюць у аддаленых сельскіх населеных пунктах,  як кажуць, не на сваім хаду, не ўсе транспартабельныя, даехаць да нас не могуць, то для даступнасці іх абслугоўвання мы стварылі спецыяльную мабільную брыгаду, своеасаблівы “Цягнік міласэрнасці”. У яе складзе медыцынскія і сацыяльныя  работнікі, псіхолагі, юрысты, якія  аказваюць патрэбную дапамогу з выездам на месца.

—Акрамя сацыяльных і бытавых паслуг, кансультатыўнай псіхалагічнай і юрыдычнай дапамогі, ці аказвае Цэнтр  паслугі, якія  дапамагаюць грамадзянам з карысцю праводзіць вольны час, развіваць здольнасці,  праяўляць грамадскую актыўнасць?

—Аказвае. З 2015 года ў  Цэнтры працуе аддзяленне дзённага прыбывання для грамадзян пажылога ўзросту і суправаджальнага пражывання, якое ўзначальвае Вольга Шаўчонак. Галоўная задача яго супрацоўнікаў –  стварыць для наведвальнікаў адпаведныя ўмовы для раскрыцця  іх творчага патэнцыялу, дапамагчы бязбольна  справіцца з адзіноцтвам, напоўніць  жыццё сэнсам і зместам, даць магчымасць людзям адчуць іхнюю запатрабаванасць і значнасць у грамадстве. Цяпер у аддзяленні 68 чалавек. Яны вядуць актыўны лад жыцця: арганізоўваюць лекцыі, цікавыя сустрэчы, выставы, вечары адпачынку, пешыя прагулкі і экскурсійныя паездкі.

Сацыяльная адаптацыя інвалідаў, якой займаюцца спецыялісты аддзялення дзённага прыбывання для інвалідаў пад кіраўніцтвам Наталлі Мурзіч, — яшчэ адзін сацыяльны накірунак дзейнасці Цэнтра. Наведваюць аддзяленне 46 маладых  людзей, у асноўным, з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Тут іх вучаць абслугоўваць саміх сябе, прывіваюць навыкі  працоўнай дзейнасці і самастойнага жыцця. У аддзяленні наладжана работа 15-і гурткоў і клубаў па інтарэсах, адкрыты 4 рэабілітацыйна-прафесійныя майстэрні. Напрыклад, у паліграфічнай міні-майстэрні праходзяць працоўную рэабілітацыю  маладыя людзі з інваліднасцю. Канцылярскую, друкаваную і сувенірную прадукцыю, якую яны выпускаюць, па невялікім кошце могуць набыць ўсе арганізацыі Глыбоччыны і яе жыхары. Наведвальнікі гэтага аддзялення таксама задзейнічаны на добраўпарадкаванні тэрыторыі Цэнтра. Яны садзяць кветкі, даглядаюць сад, працуюць у цяпліцы і  за сваю работу  з фонда сацыяльнай абароны насельніцтва атрымліваюць заработную плату, што дапамагае ім самасцвярджацца.

Для аказання грамадзянам паслуг часовага прытулку мы абсталявалі “крызісны” пакой”, дзе ёсць усе камунальна-бытавыя выгоды. На выпадак, калі ў сям’і няма паразумення і дамашні гвалт пагражае жыццю і спакою  дамачадцаў,  нейкі час яны могуць пажыць у “крызісным пакоі”, асэнсаваць сітуацыю і прыняць  рашэнне, што і як рабіць далей. Сёлета ў першым паўгоддзі  паслугамі “крызіснага пакоя”  пакарысталіся тры чалавекі. Працуе ў Цэнтры і “тэлефон даверу” 2-33-92, па якім, пры неабходнасці,  можна атрымаць экстраную псіхалагічную дапамогу.

—А якія новыя  формы жыццяабуладкавання можа прапанаваць Цэнтр?

—Можам прапанаваць  пражыванне ў патранатных, прыёмных, гасцявых і замяшчальных сем’ях і ў  дамах зімоўкі. У вёсцы Мосар Удзелаўскага сельскага Савета, напрыклад, абсталяваны Дом самастойнага пражывання, разлічаны на пяць чалавек,  для грамадзян пенсійнага ўзросту і інвалідаў  II  і III груп, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Цяпер  у камфортных умовах там пражываюць трое грамадзян з вышэй згаданых катэгорый.

— А што скажаце наконт матэрыяльнай дапамогі?

—Для падтрымкі сем’яў і грамадзян з нізкімі даходамі, а таксама тых, хто апынуўся  ў складанай сітуацыі, прадугледжана сістэма выплат дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі. Яна ўключае ў сябе штомесячную і аднаразовую сацыяльную дапамогу, забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця (гэтыя віды дапамогі  прадстаўляюцца сем’ям і грамадзянам з даходамі, ніжэйшымі  за ўстаноўлены крытэрый), а таксама сацыяльную дапамогу   для пакрыцця затрат на пакупку падгузнікаў інвалідам I  групы і дзецям-інвалідам з  IV ступенню страты здароўя (не залежна ад даходаў грамадзяніна). Пенсіянеры маюць магчымасць атрымаць тэхнічныя сродкі сацыяльнай рэабілітацыі

Акрамя гэтага, пенсіянерам, інвалідам, дзецям-інвалідам, якія трапілі ў складаную жыцёвую сітуацыю, а таксама для іх забеспячэння і бяспечнага пражывання, можа быць выплачана матэрыяльная дапамога са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. У дадатак гэтай катэгорыі грамадзян мы перыядычна  аказваем гуманітарную дапамогу ў выглядзе б/у адзення, абутку і прадуктаў харчавання.

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2024

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru