Па Беларусі – на веласіпедзе: вучні старэйшых класаў разам з настаўнікамі зладзілі велапаход

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

У чэрвені  юныя турысты, вучні 8-10 класаў Мярэцкаўскай БШ, Карабоўскай і СШ №1 горада,  Насця Жук, Оля Іванская, Вераніка Рудніцкая, Ігар Вяль, Жэня Логінаў і Аляксей Стахоўскі  пад кіраўніцтвам  настаўнікаў Аксаны Завадскай і Аляксандра Грыня ўдзельнічалі ў сямідзённым  велапаходзе I складанасці, які праходзіў па тэрыторыях Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай абласцей.

велопоход

– Цяпер канікулы,  у дзяцей шмат вольнага часу заняць які кожны можа, зыходзячы са сваіх інтарэсаў. Выхаванцам  гуртка “Юны турыст”, які працуе на базе Мярэцкаўскай БШ, я прапанавала  сесці на веласіпеды і адправіцца ў падарожжа па родным краі. Гэтым паходам мы можам, як кажуць, “забіць адразу некалькі зайцаў”.  Па-першае,  выпрабаваць сябе ў надзвычайных сітуацыях, загартавацца фізічна і маральна ў сапраўды няпростых спартанскіх умовах. Па-другое, не  з кніг і Інтэрнета, а, як кажуць пры знаёмстве “ ў жывую” атрымаць новыя веды па гісторыі і краязнаўстве. Па-трэцяе, у год 75-годдзя Вялікай перамогі пабываць на месцы пахаванняў загінуўшых салдат і партызан, ушанаваць іх подзвіг і схіліць галаву перад памяццю герояў, якія здабылі для нас каштоўны мір, — гаворыць Аксана Сігізмундаўна.

велопоход

Працягласць маршрута, па якім праходзіў велапрабег, складаў 337 кіламетраў. Са слоў педагога, ён быў распрацаваны так, што  большасць дарог больш нагадвалі паласу перашкод. Гэта вымагала ад удзельнікаў   фізічнай вынослівасці, цярпення, маральнай стойкасці, умення і  гатоўнасці   спраўляцца ў  экстрымальных сітуацыях.

– Па  заасфальтаваных бальшаках і гравійных дарогах  мы ехалі рэдка. Затое хапіла лясных сцежак, участкаў, заваленых бураломам, балоцістых мясцін, нізін, затопленых вадой. Прыходзілася перахадзіць у брод, пераносіць на сабе веласіпеды і нашы дарожныя запасы. Паколькі летам  без халадзільніка запасы ежы доўга не захоўваюцца, мы закуплялі прадукты, як кажуць, раз на раз. Разбівалі месцы стаянак, ставілі палаткі, гатавалі ежу, адпачывалі, дзяліліся ўражаннямі. За тыдзень падарожжа  толькі  адзін дзень  ішоў дрождж,  у астатнія было сонечна і цёпла, – расказвае Аксана Завадская. – У групе былі тры хлопчыкі  і тры дзяўчынкі. Чацвёра з іх адправіліся ў  велапаход  упершыню і ніхто з іх не пашкадаваў аб сваім выбары.

велопоход

У першы дзень удзельнікі велапрабегу на цягніку даехалі да Пастаў, там пераселі на веласіпеды і  за паўдня  праехалі  37 кіламетраў. У наступныя дні яны  пераадольвалі  ў сярэднім 50-60 кіламетраў.

– Падчас велападарожжа   спыняліся на рацэ Страча, якая з’яўляецца правым прытокам Віліі і працякае па тэрыторыях  Пастаўскага, Мядзельскага і Астравецкага раёнаў, уключаючы Нацыянальны парк “Нарачанскі”. Страча – своеасаблівая беларуская Мекка для  байдарачнікаў, якія праводзяць тут свае заезды.Ненадоўга спыніліся ў пасёлку Камарова на Мядзельшчыне. Тут  працуе прыватная пякарня. Хлеб, якім нас частавалі,  дзецям так спадабаўся, што яны елі яго лустамі без нічога. Праехалі пасёлак Свір, які размяшчаецца бліз возера з такой жа  назвай. У касцёле Святога Мікалая, які з’яўляецца  славутасцю края, ішла рэстаўрацыя, – праводзіць віртуальную экскурсію з паказам фотаздымкаў Аксана Завадская. – Пасля начлега на Віліі, якая злучае Беларусь  з Літвой,  праехалі аграгарадок Жодзішкі, што ў Смаргонскім раёне.  Менавіта ў Жодзішках ёсць прыродны скаладром і раней тут праводзіліся  чэмпіянаты саюзнага  маштабу. У вёсцы Дубок Астравецкага раёна захавалася драўляная капліца, пабудаваная ў 1928 годзе.

велопоход

Дзеці былі ўражаны прыгажосцю і  веліччу  касцёла, пабудаванага ў стылі неаготыкі ў Гервятах на Гродзеншчыне. Гэта самы высокі – 61-метровы – касцёл у Беларусі на фоне якога  чалавек выглядае маленькім мурашом.

На трэцюю  ноч мы спыніліся на ўзбярэжжы рэчкі Ашмянкі – гэта ўжо левы прыток Віліі. На наступны дзень ішоў дождж, але ад маршрута мы не адхіляліся.  Аб’ехалі вакол нядаўна ўзведзенай Астравецкай атамнай станцыі. Праехалі праз Варняны ў Астравецкім раёне. Там ёсць возера, а на ім астравок, дзе  ўзведзена вежа, у якой, бачна па ўсім, нехта жыве. Сувязь з зямлёй яе жыхары падтрымліваюць  з дапамогай пад’ёмнага маста. Далей наш шлях пралягаў  бліз  беларуска-літоўскага памежжа. У гэтых мясцінах, на хутары Марцінава,  яшчэ захавалася дача, на якой некалі адпачываў  Пётр Машэраў і дзе гасціла першая жанчына-касманаўт Валянціна Церашкова.

велопоход

Пазахапляліся прыгажосцю Сарачанскіх азёр, якія ўваходзяць ў рэспубліканскі ландшафтны заказнік. Праехалі праз вёску Жукойні-Жэлядскія ў Астравецкім раёне. У вёсцы ёсць касцёл знакаміты тым, што тут прайшла першая меса на беларускай мове. Старая брукаваная дарога вывела нас да чыгункі часоў першай Сусветнай вайны. Да цяперашняга на гэтым месцы захаваліся насып і мост.

Прыроднай жамчужынай можна назваць Нацыянальны парк “Блакітныя азёры”, дзе мы  таксама спыняліся на начлег. Размяшчаецца  ён на тэрыторыях Мінскага, Мядзельскага і Пастаўскага раёнаў і, як прыродны комплекс “Блакітныя азёры”,  уваходзіць у склад Нацыянальнага парку “Нарачанскі”.

велопоход

Фінішавалі мы там, дзе і стартавалі – у Паставах. Выдатным падарункам для дзяцей стала наведванне спартыўна-турыстычнага комплексу “Азяркі”. Знаходзіцца ён у маляўнічым месцы. Тут ёсць скаладром, вяровачны гарадок, утульныя і прыгожыя месцы для адпачынку.

велопоход

У роднае Глыбокае дзеці  вярталіся стомленыя, але задаволеныя, з багажом  новых ведаў, турыстычных навыкаў і яркіх уражанняў. Спадзяюся, што  гэты велапаход запомніцца  школьнікам надоўга. У свеце так многа цікавага і трэба імкнуцца ўсё гэта бачыць, – завяршыла свой аповяд Аксана Сігізмундаўна.

                   Фота з архіва А. Завадскай.

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2025

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru