Лета – гарачая пара не толькі для вяскоўцаў, але і для работнікаў будаўнічай брыгады УП ЖКГ. Чацвёрты месяц яны займаюцца добраўпарадкаваннем гарадскіх тэрыторый.

– Напярэдадні Дня Незалежнасці поўнасцю закончылі рамонтныя работы на ўчастку вуліцы Ламаносава побач з дзіцячай пляцоўкай “Брыганціна”. Уздоўж рэчкі Бярозаўка пракладзены тратуар, пастаўлены парныя лаўкі для адпачынку гараджан. Па новым тратуары ўжо ходзяць жыхары вуліцы Мінскай. На 50% выкананы работы па замене бардзюрнага каменя і праколадцы тратуараў па вуліцы Калініна.

Актыўна працуюць там работнікі філіяла Глыбоцкія электрычныя сеткі, а тратуарную плітку прадстаўляем мы – яна ў нас уласнай вытворчасці, – гаворыць майстар УП ЖКГ Віктар Шышко. – Цяпер будаўнічая брыгада нашага прадпрыемства працуе на ўчастку дарогі, што вядзе да дзіцячага садка №4. Сёння на аб’екце задзейнічаны міні-экскаватар Е-16, якім упраўляе Сяргей Мартыновіч, і “Беларус-320”, на якім працуе Міхаіл Шарабайка, а таксама рабочыя Юрый Шышко, Андрэй Плескачэўскі, Дзмітрый Раманчук, Юрый Нікіцін і брыгадзір Аляксандр Капшуль.

Са слоў Віктара Уладзіміравіча, на гэтым участку будзе ўкладзена па 115 метраў квадратных бардзюрнага і дарожнага каменя і 175 метраў квадратных тратуарнай пліткі.
– За тыдзень, думаю, з даведзеным аб’ёмам работ справімся. Чарговы аб’ект – вуліца Савецкая. За выдзеленыя нам са сродкаў так званага дарожнага збору 20 тысяч рублёў плануем пакласці тратуар паміж двума аўтобуснымі прыпынкамі з боку возера Вялікае, – сказаў Віктар Уладзіміравіч.