“…А мы з табою вышыванкі
Матуліны ці збераглі?”
Самы час згадаць гэтыя радкі з верша “Вышыванкі” Алеся Жыгунова, бо 2 ліпеня ў нашай рэспубліцы гэты дзень прысвячаецца вышытаму нацыянальнаму арнаменту.

Да Дня вышыванкі рыхтуюцца і ў нашым раёне. Глыбоцкі РК ГА “БРСМ” разам з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама пры падтрымцы раённага гісторыка-этнаграфічнага музея ўжо правёў 29 чэрвеня для працоўнай моладзі і членаў “БРСМ” велапрабег #ровар.by. Яго ўдзельнікі з велаэкскурсіяй даехалі да “беларускага Версаля”, каб у культурна-дэндралагічным комплексе правесці дабрачынную акцыю “Аднаўленне святынь. Скарбы роднай Беларусі” і адкрыты дыялог “Беларусь: учора, сёння, заўтра”.
З панядзелка пачалася акцыя “Падары немаўляці вышыванку”. Маладых маці і іх малышоў, якія народзяцца ў час з 29 чэрвеня па 5 ліпеня, чакаюць падаруначкі ад нашай грамадскай арганізацыі і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
З 29 чэрвеня па 3 ліпеня “ФОТАцэнтр” І.І. Касевіча праводзіць тэматычную фотасесію. Жадаючыя сфатаграфавацца ў вышыванцы могуць гэта зрабіць са зніжкай у 10 %. Можна правесці і сямейную сесію ў вышыванках, толькі загадзя дамовіўшыся з фатографам.
Яшчэ адно наша мерапрыемства – фотаконкурс “Сэлфі з вышыванкай”, распачаты 2 чэрвеня, – блізіцца да завяршэння. Чакаем вынікаў з рэспублікі. А фотаздымкі нашых удзельнікаў можна ўбачыць на старонцы “Глубокский РК ОО “БРСМ”” сацыяльнай сеткі “ВКонтакте”.
А менавіта 2 ліпеня ў інтэрнэт-акаунце Глыбоцкага РК ГА “БРСМ” пакажам майстар-клас нашых рамеснікаў “Зрабі вышыванку”. На Цэнтральнай плошчы горада будзе гучаць радыёгазета “У гэты дзень пра вышыванку”. Аматараў прыгод чакае квэст “Знайдзі вышыванку”. На нашых старонках “БРСМ” і “Молодёжь Глубоччины” сацыяльных сетак “ВКонтакте” і “Instagram” будзем даваць пытанні: адкажаце правільна і хутка – адшукаеце месца ў горадзе, дзе мы пакінулі для вас сюрпрыз – вельмі прыгожую вышыванку ў падарунак.
Гэта наша з вамі свята, глыбачане! Сваю нацыянальную культуру, свае вытокі, свае карані трэба памятаць – далучайцеся!
Ж. Нарыцына,
першы сакратар РК ГА “БРСМ”