Аляксандр Казак: ці магчымы мор рыбы на вадаёмах Глыбоччыны

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Бывае такое, калі ў  рэках і вадаёмах колькасць растворанага ў вадзе кіслароду пры норме ад 5 да 30%  значна змяншаецца.

мор рыбы
Фота БелТА

Мор часцей здараецца зімой, але ў апошні час гэтая з’ява характэрна і  для лета. Размову на гэтую тэму вядзём з начальнікам раённай  інспекцыі аховы  прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Аляксандрам Аляксандравічам Казаком.

– У гэтым месяцы летні мор рыбы  эколагі зафіксавалі на Нёмане. А ці характэрна такая з’ява для вадаёмаў Глыбоччыны?

– У нашым раёне найбольш крытычнымі ў плане магчымых замораў  з’яўляюцца азёры Царковішча, Пятроўшчынскае, Забельскае, Мушкат і Алаізберг. Замор рыбы часцей за ўсё фіксуецца ў мелкаводных бясточных ці слабацякучых азёрах, малых рэках, а таксама ў час летне-вясенніх  паводак. У гэты час у вадацёкі паступае шмат рэчываваў арганічнага паходжання – часціц глебы і раслінных рэштак, – якія, акісляючыся, спажываюць значную колькасць растворанага ў вадзе кіслароду. А рыбе кіслароду не хапае і яна задыхаецца.

Акрамя названай прычыны, што яшчэ выклікае мор рыбы?

– Існуе цэлы комплекс гідралагічных, гідрафізічных, гідрабіялагічных  фактараў і механізмаў, якія прыводзяць да маштабнай гібелі рыбы. У іх ліку – тэмпературны і газавы рэжымы, мутнасць вады,  зарастаемасць водных аб’ектаў, састаў глебавага пакрыцця зон прамога змыву, гідрахімічныя параметры, такія як утрыманне ў вадзе жалеза і аміяку, гідралагічныя характарыстыкі  сцёкаў.

– Як, напрыклад, уплывае на заморы рыбы тэмпература?

– Тэмпература вызначае інтэнсіўнасць абменных працэсаў, асноўных фізіялагічных функцый рыб і прама ўплывае на іх дыханне, харчаванне, размнажэнне, паводзіны, а яшчэ – на растваральнасць кіслароду ў вадзе. Пры павышэнні тэмпературы вады хуткасць спажывання  кіслароду ўзрастае, а паколькі хуткасць яго паступлення пры гэтым амаль не змяняецца, то летам мінімум утрымання кіслароду наступае хутчэй і  колькасць яго ўтрымання  ў вадаёме зменшыцца.  Каб  такога не здарылася, тэмпература вады не павінна павялічвацца ў параўнанні з натуральнай тэмпературай воднага аб’екта больш чым на 5 градусаў з агульным павелічэннем тэмпературы для водных аб’ектаў, якія выкарыстоўваюцца для захавання і ўзнаўлення каштоўных   відаў рыб  – не больш за + 20 градусаў, для менш каштоўных – да +28. Тэмпература ў вадаёмах пры +27-33 градусы, – парогавая, пры ёй у рыб развіваецца цеплавы шок, і яна гіне.

– А якім чынам  абагачаецца кіслародам вадаёмная вада?

– Дзякуючы ветру, дажджу, канвекцыйнаму току і фотасінтэзу водных раслін.

– Чым адрозніваюцца зімовы і летні заморы рыбы?

– Размеркаванне кіслароду ў асноўным залежыць ад морфаметрычных і гідралагічных параметраў. Колькасць кіслароду ў азёрах зімой тым большая, чым большая іх водная маса, але пры адных і тых жа аб’ёмах воднай масы і пры абсалютна аднолькавай колькасці кіслароду ў іх, зімовы кіслародны дэфіцыт ўзнікае часцей у неглыбокіх азёрах. А ўвогуле недахоп кіслароду ў вадаёмах зімой – звычайная натуральная з’ява, якая характэрна для кожнага возера.

Што датычыць лета, то заморы здараюцца  часцей у перадранішні час, калі магчымасці фотасінтэзу водарасцей мінімальныя, затраты кіслароду на акісленне арганічных рэчываў  максімальнае, а насычэнне вады кіслародам за кошт ветра  нулявое. Летнія заморы —  з’ява надзвычайная і патрабуе прыняцця  неадкладных мер.

– Што гэта могуць быць за меры?

– Арганізацыйныя, прафілактычныя, аператыўныя і  экстраныя. У  якасці прафілактычных мер трэба скошваць і прыбіраць расліннасць у вадаёмах; садзіць суцэльныя лесахмызняковыя палосы ўздоўж берагоў рэк, якія  спыняць змыў арганічных і тонкадысперсных рэчываў; расчышчасць прытокі, арганізоўваць дадатковы водаабмен на аб’ектах. Павялічыць колькасць кіслароду ў вадзе дапамагаюць і аператыўныя меры, такія як механічная ці паветраная аэрацыя вады, вапнаванне водных аб’ектаў, ачыстка вадаёмаў ад снегу,   палонкі і лункі і, як экстраны выхад, — татальны аблоў заморных вадаёмаў.

– А вы кантралюеце ўзровень кіслароду ў вадаёмах Глыбоччыны?

– Мы разам  супрацоўнікамі міжраённай лабараторыі  аналітычнага кантролю  раз у 15 дзён на азёрах Глыбоччыны праводзім замеры  кіслароду і хімічных рэчываў і афармляем акт лабараторных даследаванняў.

Звяртаюся з просьбай да ўсіх жыхароў раёна. Калі вы станеце сведкамі  заморных з’яў  на рэках і азёрах, просім паведамляць аб гэтым у раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя па  тэлефоне 5-48-12 альбо ў Глыбоцкую міжраённую інспекцыю аховы жывёльнага  і расліннага свету па нумары  5-59-70.

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2025

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru