Вадзім Вайцяховіч родам з Докшыц. І ў школе там вучыўся, і з бацькамі зараз жыве, а вось працуе ў Глыбокім. Так атрымалася…
Цудоўна атрымалася! Так лічаць і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Працук, і інжынер па стандартызацыі і сертыфікацыі вытворчай лабараторыі Глыбоцкага МКК Таццяна Еркіна, якая на прадпрыемстве адказвае за работу з моладдзю. Якраз тут, на малочнакансервавым камбінаце, два гады таму 1 жніўня і з’явіўся запіс у працоўнай кніжцы “тэхніка-механіка” Вадзіма Вайцяховіча.
А глыбоцкі старт у выпускніка Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа сапраўды стаў яркім. У лютым 2020 года Вадзіму Вайцяховічу, наладчыку абсталявання кансервавага цэха Глыбоцкага МКК, была ўручана маладзёжная прэмія “Прызнанне” ў намінацыі “Адкрыццё года”.
– Вадзім – чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, без яго не абыходзіцца ні адно спартыўнае і маладзёжнае культурна-масавае мерапрыемства, – аб’явілі тады на ўрачыстай цырымоніі вядучыя, а намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Тарасевіч уручыла ўзнагароду.
Такі яркі старт у маладога спецыяліста, па яго словах, атрымаўся дзякуючы знаёмству з Таццянай Еркінай, якая запрасіла паўдзельнічаць у адным з раённых мерапрыемстваў. І асабліва яркі – менавіта спартыўны.
– Помню, як абагнаў глыбоцкага спартсмена на стометроўцы, – прыгадвае Вадзім шматбор’е на спартакіядзе сярод працоўных калектываў і арганізацый раёна і тлумачыць: – Лёгкай атлетыкай заняўся ў каледжы. На занятках па фізкультуры трэнер зацікавіўся маім высокім вынікам, з якім прабег стометроўку. Пачаліся трэніроўкі, а неўзабаве – дасягенні і перамогі на спаборніцтвах, нават на абласным узроўні. З задавальненнем удзельнічаю ў футбольных турнірах, бо футбол люблю з дзяцінства. І цяпер трэніруюся ў складзе докшыцкай каманды.
– На той стометроўцы ў Вадзіма не было роўных: супернікі па часе аказаліся далёка ззаду, – удакладняе Таццяна Еркіна. – Наогул з усіх спаборніцтваў XIX круглагадовай Спартакіяды-2019 сярод працоўных калектываў і арганізацый Вадзім Вайцяховіч вяртаўся з заваяванымі прызавымі месцамі. І, дзякуючы яго высокім вынікам, наша прадпрыемства заняла 3-е месца. К таму ж Вадзім уваходзіць у Савет маладых спецыялістаў раёна, з’яўляецца актыўным удзельнікам маладзёжнага атрада аховы правапарадку.
З лёгкасцю згаджаецца ён і на ўдзел у турзлётах:
– У першы год маёй работы на камбінаце запрасілі на раённы турзлёт. І адразу пасля яго трапіў на абласны ў складзе каманды ад Глыбоцкага раёна. Тады перамогу прывезлі: каманда моцная сабралася.
І хоць у апошнія месяцы па вядомай прычыне спартыўных спаборніцтваў стала менш і турзлёты адмяняюцца, сваю спартыўную форму малады чалавек падтрымлівае на стадыёне на турніках ці з футбольным мячом. Дарэчы, Вадзіму зусім не падабаецца жыццёвая схема: дом-работа-дом-работа – таму, акрамя спорту, аддае час і заняткам для душы:
– Захапіўся чытаннем кніг па самаразвіцці. Найпершую задачу сабе паставіў: навучыцца разумна распараджацца грашыма.
А яшчэ ў выпускніка каледжа ёсць жаданне атрымаць вышэйшую адукацыю. І ведаючы, які ўдалы старт атрымаўся ў Вадзіма на Глыбоцкім МКК, і ўлічыўшы, што ў кастрычніку яму споўніцца ўсяго 22, то не сумняваемся, што нямала перамог чакае яго: і спартыўных, і працоўных, шмат будзе ім пастаўлена мэтаў, якія абавязкова рэалізуе.