Глыбоцкія бібліятэкары прапануюць жыхарам раёна паўдзельнічаць у праекце “Віртуальны парк паэіі “Льецца верш пра край Глыбоцкі”, прысвечаным Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Сённяшняя эпідэміялагічная сітуацыя патрабуе арганізоўваць культурна-масавыя мерапрыемствы ў віртуальным фармаце. Таму не выпадкова ў бібліятэкараў з’явілася ідэя такога літаратурнага праекта: і таленавітых выканаўцаў паэтычных твораў змогуць выявіць, і заахвоцяць іх да вывучэння творчасці нашых землякоў. Дарэчы, узрост і колькасць удзельнікаў-чытальнікаў арганізатары не абмяжоўваюць, як і іх фантазію і крэатыўнасць.
– Вершы можаце дэкламаваць з музычным суправаджэннем, выкарыстоўваючы атрыбуты, адпаведныя тэме твора, – звяртаецца да будучых канкурсантаў дырэктар Глыбоцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Валянціна Спасібёнак. – Абавязковая ўмова праекта: прымаем відэазапісы з чытаннем аднаго верша, прысвечанага Глыбоччыне, не больш за 3 хвіліны. Мова – руская ці беларуская – на ваш выбар.
Зацікавіліся? У вас ёсць час падумаць, знайсці верш, прачытаць, зрабіўшы яго запіс – конкурсныя работы будуць прымацца з 15 па 28 чэрвеня (уключна) 2020 года.
– Відэазапіс дасылайце на электронны адрас biblglub@telegraf.by з пазнакай “віртуальны праект” да 28 чэрвеня 2020 года з указаннем аўтараў верша і дадзеных пра выканаўцу (прозвішча, імя, імя па бацьку і дата нараджэння), а таксама кантактнай інфармацыі для зваротнай сувязі, – тлумачыць Валянціна Цімафееўна. – Дасланыя відэаролікі будуць размешчаны ў групе “Глыбоцкая цэнтральная раённая бібліятэка” сацыяльнай сеткі “Одноклассники”, на YouTube-канале “Культура Глыбоччыны”.
За дадатковай інфармацыяй звяртайцеся па тэлефонах: 8 (02156) 2-12-35 (Спасібенок Валянціна Цімафееўна), 8 (02156)2-17-74 (аддзел абслугоўвання і інфармацыі), 8 (02156)2-38-76 (аддзел бібліятэчнага маркетынгу).