У адной з вёсак Глыбоччыны жылі-былі тры сястры – Часлава, Аліна і Ганна. Дзве з іх хацелі вывучыцца і асесці на бацькоўскай зямлі, а самая старэйшая, Часлава, начытаўшыся кніг аб падарожжах і прыгодах, марыла свет далёкі пабачыць… Звычайна так пачынаюцца казкі, а ў нас будзе аповед пра рэальнае жыццё самай няўрымслівай і апантанай з тройкі дзяўчат.
Кранаўшчыца з дыпломам сувязіста
Вёска Замошша – малая радзіма Чаславы. Змалку Чэся з сёстрамі дапамагала бацькам па гаспадарцы: градкі палола, у хаце прыбірала, карову даіла, кухарыла. Але і ніякай мужчынскай работы не баялася: і касіць навучылася, і дровы шчапала. Падчас вучобы ў Падсвільскай школе з ахвотай вывучала нямецкую мову, хацела стаць настаўніцай, але з-за хваробы прапусціла ўступныя экзамены ў Мінскім інстытуце замежных моў. Прачытаўшы ў газеце пра набор у Куйбышаўскае вучылішча, падала дакументы на… кранаўшчыцу – дзяўчыну нават кіламетры (ад Замошша да Куйбышава каля 2000 км) не спынілі. Скончыла вучылішча з чырвоным дыпломам. Вярнулася ў Беларусь, паступіла ў Віцебскі тэхнікум сувязі. Атрымаўшы дыплом, разам з сяброўкамі напісала запыт у міністэрства з просьбай накіраваць на работу ў Сібір. Дзяўчатам прапанавалі два месцы: у Іркуцку і ў Ніжнявартаўску.
– Быў красавік 1979 года. Мы з Надзяй Шолахавай пяць сутак на цягніку дабіраліся да Іркуцка. А там такая прыгажосць: таёжныя сопкі, цясніны, вакол усё квітнее. Жылі мы ў інтэрнаце, працавалі інжынерамі праектна-каштарыснага аддзела мантажнага ўпраўлення. Памятаю, як адпраўлялі мяне ў камандзіроўку на БАМ, то валёнкі давалі, каб ногі не адмарозіла. Але ж Іркуцк – гэта Усходняя Сібір, паўночных надбавак у нас не было, працавалі за 85 рублёў у месяц, а нашы сяброўкі ў Ніжнявартаўску хваліліся трыма сотнямі. Праз тры месяцы я звольнілася і паехала ў роднае Замошша, – расказвае Часлава Ігнацьеўна. – Дакументы недзе ў дарозе згубіліся, чакала іх з Іркуцка тры месяцы. За гэты час у Шыпах на танцах пазнаёмілася з Пецем Баранавым з Запалоўя. Каханне было з першага погляду, пачуцці маладыя, гарачыя. І праз тры месяцы мы ўжо згулялі вяселле. Жылі з бацькамі мужа, а нам хацелася самастойнасці, таму я спісалася з сяброўкамі, і мы “навастрылі лыжы” на Ніжнявартаўск.
Бацькі Пеці былі супраць нашага ад’езду ў такую даль, параілі пераехаць да радні ў Латвію. Мы так і зрабілі. Жылі ў пасёлку Кокнесе, які размяшчаецца на правым беразе Даўгавы, за сто кіламетраў ад Рыгі. Муж працаваў вадзіцелем на чыгунцы, я на той час ужо
стала мамай – гадавала сыночка Жэню. Нам там і кватэру далі, але ў нас абодвух было адчуванне, што мы тут чужыя. На пад’ём мы абодва лёгкія, сабралі рэчы і махнулі ў Ніжнявартаўск.
Жыццё ў Радужным
– У Ніжнявартаўску прыпісацца было нерэальна: туды ехалі на заробкі з усяго Савецкага Саюза, таму мы перабраліся за 200 кіламетраў у пасёлак Радужны Цюменскай вобласці Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі. Ад дому – даль несусветная. Маразы іншы раз даходзілі да мінус 60, ацяпленне ў кватэрах размярзалася. Гэта мы ўсё пазней перажылі, а як прыехалі, то там яшчэ толькі будаваўся першы цагляны дом. На пустыры, “вырваным” у тайгі, размяшчаўся так званы бочкадром – пасёлак з чыгуначных цыстэрнаў, у якіх жылі прыезджыя, – успамінае Часлава Ігнацьеўна. – З цягам часу мы з Пецем і сынам Жэнем там абжыліся. Я працавала па спецыяльнасці на газаперапрацоўчым заводзе “Белаазёрны”, а муж – спачатку вадзіцелем у канторы сувязі, пазней аформіў прадпрымальніцтва. Накупляў спісанай тэхнікі, рамантаваў яе, рабіў гусенічныя ўсюдыходы, “таптаў зімнікі” – пракладаў дарогі праз балоты да новых нафтавых радовішчаў, на вялікагрузным “Урале” вазіў трубы нафтавікам. Затым узялі крэдыт, купілі экскаватар. Пеця хоць і не мае тэхнічнай адукацыі – рукі ў яго залатыя. Як кажуць, жалеза ў іх “спявае”, і з набору запчастак тэхніка на колы становіцца.
У 1986 годзе Баранавым далі кватэру. Дом, у якім яны жылі, нагадваў інтэрнацыянальную міні-краіну: рускія, украінцы, чачэнцы, таджыкі, малдаване, узбекі – усе былі адной дружнай сям’ёй. Разам святы адзначалі, дзяліліся ўсім, што мелі. Праз год пасля наваселля Часлава нарадзіла дачушку Паліну. Каб не сумаваць па доме, заманіла ў Радужны абедзвюх сясцёр.
– Усё ў нас там было добра, але ж мы вяскоўцы. Рукі сумавалі па зямлі, па агародах, па нашай глыбоцкай прыгажосці. А тут жа мерзлата, тайга, кедроўнікі. Ні бярозак нашых, ні кветак. І мы прыладзіліся так: едзем у водпуск у Замошша і вязём адтуль саджанцы, кусты, расаду. Мы там нават клубніку пасадзілі, варэнне варылі. Пеця зрабіў парнікі вялікія, у іх агуркі, памідоры, як у вёсцы, раслі (у гаспадыні аж вочы загараюцца, калі яна расказвае пра любімы занятак). Я пастаянна закруткі рабіла, суседзяў частавала. Бэз пасадзілі беларускі, праўда, расцвіў ён толькі ў той год, як мы пакідалі Радужны. Каб атрымаць там ураджай, трэба добра папацець. Усе дзіву даваліся, што мой Пеця за чарназёмам і гноем на «Татры» аж у Цюмень за 1 200 кіламетраў ездзіў. Тады капалі градкі на паўкалена ўглыб, кідалі туды галінкі і кару дрэў, хлам усялякі, зверху ўкладвалі спецыяльную “падушку” – пласт з пластыкавых бутэлек, а наверх гной клалі і чарназём насыпалі. Дрэва гніе, выдзяляе цяпло, пластык яго захоўвае. Расло ўсё хутка – праз два месяцы ўраджай мелі за кошт доўгага светлавога дня, які плаўна пераходзіў у белыя ночы, – кажа жанчына.
Часлава Ігнацьеўна з захапленнем расказвае і пра багацці тайгі:
– З дзясятак метраў пройдзеш, брусніц – хоць лапатай грабі. За некалькі хвілін – поўны кошык. Едзем з мужам на ўсюдыходзе па першым сняжку, які прыцярушвае зямлю ўжо ў кастрычніку, а за намі чырвоны след цягнецца: гэта расціснутыя журавіны пад гусеніцамі такі колер даюць. Грыбы, ягады муж прычэпамі прывозіў. Побач рака Об з прытокамі працякала. Мой Пеця пастаянна на рыбалку ездзіў. Мы на зіму па шэсць двухсотлітровых бочак рыбы салілі, па 20 патэльняў за адзін раз на вячэру смажылі, катлеты рыбныя пяклі. Свіней не трымалі, бо ласі, алені побач хадзілі, а Пеця паляўнічым быў.
Сібірскі перыяд жыцця, які пачаўся для нас у 1982-м, працягваўся 33 гады. Што ні кажыце, а большая частка душы засталася там, сярод снягоў і марозаў.
«Я наноў пазнаю радзіму»
Выгадаваўшы дзяцей, выйшаўшы на пенсію, атрымаўшы статус шматдзетных бабулі і дзядулі, Часлава Ігнацьеўна і Пётр Віктаравіч Баранавы вярнуліся на Глыбоччыну і, нягледзячы на гады, пачалі жыццё, як кажуць, з чыстага ліста. Купілі ў Арэхаўна хату, адрамантавалі, давялі да ладу, падсыпалі дарогу, распрацавалі соткі, пасадзілі малады сад. Залатыя рукі гаспадара, які большую палову жыцця, па словах жонкі, пражыў у гаражы, знайшлі прымяненне і тут. Ён ужо зрабіў пілараму, трактарок, фразу, выкапаў і зарыбіў сажалку, збудаваў альтанку, змайстраваў у пясочніцы экскаватар для ўнука Мішы, работу якога даволі лоўка дэманструе жонка-кранаўшчыца.
– Сын з нявесткай і тры ўнучкі засталіся ў Радужным, дачка з зяцем і ўнукам жывуць у Маскве, а сёстры за намі на Глыбоччыну вярнуліся. Малая радзіма, адпусціўшы нас у далёкую дарогу, зноў вярнула сваіх дачок дадому, дзе ўсё нібыта знаёма і разам з тым непазнавальна. Я знаёмлюся са сваёй бацькаўшчынай нанова: радуюся прылёту шпакоў, слухаю жаўрукоў і салаўёў, саджу кветкі, цешуся навакольным хараством. З задавальненнем займаюся парнікамі і агародам. Тут, у адрозненне ад Сібіры, усё расце абы ў зямлю ўкінуў, – гаворыць Часлава Ігнацьеўна. – Я пражыла цікавае, напоўненае яркімі і прыемнымі ўспамінамі жыццё. На маім шляху сустракаліся шчырыя, добрыя людзі – і гэта не забываецца. І калі раней у бытавой мітусні некалі было схамянуцца, задумацца, то цяпер для мяне галоўнае – думы аб вечным і значным, спакой і гармонія на душы. А адчуваю я гэта, калі любуюся роднымі краявідамі, сустракаюся з дарагімі сэрцу людзьмі, чакаю ў госці дзяцей і ўнукаў. І за ўсё за гэта дзякую Богу.