Бабуля Юзэфа: “Багацце – ад Бога, сям’і і людзей!”

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

У Абрубе-Псуеўскім па вуліцы Азёрнай жыве 95-гадовая Юзэфа Ігнацьеўна Маўчун.

Юзэфа Малчун

Сюды напярэдадні Дня Перамогі прыехалі старшыня Псуеўскага сельвыканкама Аляксандр Гіль і ўпраўляючы справамі Наталля Гузёнак, каб  уручыць ёй юбілейны медаль «75 лет Победы в Великой Отечественной войне». Сустрэла гасцей Юзэфа Ігнацьеўна з паклонам, прыветлівай усмешкай і вершаваным  радкоўем-запрашэннем: “Заходзьце, госці, будзем піць і есці – прашу вас прысесці”. Вядома ж, папрасілі расказаць пра вайну,  якая пакінула свой след у лёсе жанчыны.

Вайна ўварвалася ў наш лёс

–Нарадзілася я ў вёсцы Слабодка на Псуеўшчыне.  Маму я зусім не памятаю, бо мне споўніўся годзік, як яна памерла,  пакінуўшы  нас  з братам Віцем сіротамі. Тата Ігнат Антонавіч ажаніўся другі раз, бо без жанчыны ў хаце мужчыну з двума дзецьмі і з гаспадаркай было надта цяжка. Стася Іосіфаўна, якая прыходзілася нам з Віцем мачахай, была добрай душы чалавек і замяніла нам родную маму. У шлюбе з бацькам нарадзіла яшчэ двух дзяцей. Змалку я працавала на зямлі, бацькам памагала. Скончыла чатыры класы Слабадской школы. Як у дзеўкі ўвабралася, закахалася ў хлопца, які мне ўзаемнасцю адказваў. Але пачалася вайна, і нас  назаўсёды разлучыла куля, якая скасіла яго без пары, –  успамінае Юзэфа Ігнацьеўна. – Замуж я выйшла за Валодзю Маўчуна ў Абруб-Псуеўскі, дзе і жыву да цяперашняга. Ён быў старэйшы за мяне, добры чалавек, гаспадарлівы. Як пажаніліся, не думалі, што прыйдзецца родную зямлю пакінуць ды ў белы свет, як у прочкі, падацца па волі чужынцаў.

1943 год: Уладзімір і Юзэфа Маўчуны

У нас тут лясы кругом, таму як немцы прыйшлі, многа хто з вяскоўцаў пайшоў у партызаны. Я аднойчы  ноччу  праводзіла партызан да чыгункі, якую яны ўзрываць ішлі. Затым карову  сваю ў лес ім аддалі – нада ж  нешта  людзям есці. Немцы пра  сувязь вяскоўцаў з партызанамі, відаць, здагадваліся, таму неяк  раптоўна  наляцелі з аблавай, усіх з хат павыганялі, пагналі на Зябкі. Там  у  пуні ноч патрымалі, а раніцой, як скаціну, у вагоны загналі і павезлі. І  апынуліся мы за дзве тысячы кіламетраў ад роднай хаты.

Юбілейны медаль і кветкі  паўналетняму вязню Юзэфе Маўчун  уручаюць Аляксандр Гіль і Наталля Гузёнак

На прымусовых работах у Германіі

Лагер Алендорф, куды трапілі Уладзімір і Юзэфа Маўчуны, знаходзіўся ў 17 кіламетрах  ад горада Гісен, быў акружаны  лесам і высокімі гарамі.

–Лагер нагадваў невялікі гарадок, дзе стаялі дзясяткі даўжэзных баракаў. Звозілі сюды  людзей адусюль і засялялі ў баракі па нацыянальнасці: у адным жылі палякі, у другім – французы, у трэцім – чэхі, у чацвёртым – італьянцы, у пятым – беларусы… Шчасце, што нас з мужам  не раздзялілі. Нашы нары двух’ярусныя размяшчаліся побач, а па суседстве знаёмыя  спалі. З Мікалаем Пасюкоўскім і яго жонкай, якую панечкай звалі, мы  ў тым лагеры і жылі, і дамоў разам вярталіся, – гартае старонкі памяці бабуля Юзэфа. – Я працавала на ваенным заводзе. Знаходзіўся ён пад зямлёй у лесе і быў так замаскіраваны, што ніколі не здагадалася б, што  там такія цэхі і памяшканні. Зверху раслі дрэвы, кусты, мох, а ўнізе – канвееры, абсталяванне, вузкакалейка, сотні рабочых. (Гэта  быў адзін з абаронных заводаў, якія па загадзе Гітлера ў канцы 1943 года,  размяшчаліся ў горных бункерах, падземных шахтах і штольнях – аўт.). Я пераймала з канвеера снарады і ўкладвала іх у скрынкі. Працавалі без выхадных па 12 гадзін у дзень. У 5.30 немец хадзіў па бараку і будзіў па-свойму: “Палавіна шостага. Уставаць”. Падымаліся, сёрбалі нейкую  баланду  і ішлі на работу. Цэлы дзень да вечара галодныя, а як прыходзілі, то ў бараках на кожнага было выдзелена па скібачцы хлеба і кіпяток. Вот і ўвесь наедак: глынеш і не адчуеш, што ў роце было. Валодзя працаваў на тым жа  заводзе, ён разам з італьянцам зараджаў электракары. Італьянец яго частаваў цыгарэтамі, а муж не курыў, прыносіў іх мне. Я ішла на кухню  да  повара і абменьвала цыгарэты на вараную ў шалупіннях бульбу. Гэты абмен дапамагаў выжываць. Есці, спаць, вядома ж, хацелася, але маладыя былі, цярпелі. Колькі разоў бачыла, як над нашым лагерам праносіліся,  нібы чорныя хмары, аж неба не было бачна, нямецкія самалёты.  Ляцелі бамбіць нашых тымі снарадамі, што мы  на заводзе выпускалі. Мы ўсё разумелі, але  ж што рабіць, калі жылі пад прымусам і пагрозай смерці?

Адбылі мы ў тым лагеры год. Вызвалілі нас амерыканцы, нікога не праганялі, можна было заставацца, але Валодзя надта дамоў хацеў.

Дома і сонца ярчэйшае

– Вярнуліся мы з Валодзем у свякроўчыну хату – ёй палягчэла: дзве пары рук у падмогу атрымала, а  то вайной, людзі казалі, апранала мужавы штаны і за плугам сама хадзіла, і сеяла, і касіла, – працягвае расказ Юзэфа Ігнацьеўна. – Пасля вайны мы абое ў калгасе працавалі: ён падвозчыкам на ферме,  я даглядчыцай, а пазней – малаказборшчыца. Па 35 гадоў стажу  вырабілі. Як абжыліся трохі, сваю хату, у якой цяпер жыву, па суседстве са свякроўчынай старыцай, будаваць сталі. У нас тады ўжо дзеці былі. Вот думалі з Валодзем, як пажэняцца хлопцы, нявестак у дом прывядуць, унукі народзяцца – нада, каб усім месца хапала. Разагналіся па квадратах, а  кукуем цяпер тут удваіх з малодшым сынам. 16 гадоў назад муж памёр, дзеці раз’ехаліся, хто куды. Люблю, калі ўсе разам збіраемся:
і людна, і весела, і пагаварыць ёсць з кім.

Бабуля Юзэфа сцвярджае, што яна багаты і шчаслівы чалавек. У яе тры сыны, тры ўнучкі, сем праўнукаў. Дзеці выраслі, вывучыліся, сталі паважанымі людзьмі. Самага малодшага Мікалая лёс завёў у Германію: хлопец служыў у разведцы ў нямецкім Перлебергу, за 400 кіламетраў ад Алендорфа, куды ў гады вайны былі вывезены на прымусовыя работы яго бацькі. Мікалай у свой час працаваў на заводзе ў Наваполацку, у цяплічным агракамбінаце «Вясна»,  але ўжо гадоў 20 як вярнуўся ў бацькоўскую хату. Даглядае маці, займаецца гаспадаркай.

З сынамі (злева напрва) Мікалаем, Іванам і Аляксандрам

– Да нядаўняга часу ў нас быў і конь, і карова, і свінні, а цяпер  з жыўнасці толькі кот. Агародніну не купляем, сваю маем. У мяне ёсць мотаблок, саджу соткі, – кажа Мікалай Уладзіміравіч. – Маме ў чэрвені споўніцца 96, але яна яшчэ камандзір і кантралёр добры – параду дасць, загадае, што і як трэба зрабіць, усё праверыць. Раней шыла, вязала, цяпер  больш адпачывае.

– Дзякуй Богу, што мы адолелі ўсе выпрабаванні, дамоў вярнуліся. Сям’я ёсць, хлеб і да хлеба. Мне нічога не баліць.
Вочы трохі падводзяць, а  ногі, і язык  яшчэ добра ходзяць, –
жартуе бабуля Юзэфа.  – Я гатова сваё здароўе  маладым аддаць, каб яны хвароб і бальніц не ведалі…Як дажыву да ста гадоў, – прыязджайце, частаваць буду.

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2024

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru