На Глыбоччыне пражываюць 36 чалавек, якія, згодга артыкула 19 Закона Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2009 года № 9-3 “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, што пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і іншых радыяцыйных аварый”, атрымліваюць дзяржаўныя выплаты.
У іх ліку – ліквідатары аварыі, перасяленцы з забруджаных радыяцыяй зон, дзеці-інваліды, на лёсе якіх 34 гады назад Чарнобыль паставіў сваю чорную пячатку.
З малой радзімай былі звязаны вялікія надзеі
Малая радзіма Раісы Касцюковай – вёска Янаўка Кармянскага раёна Гомельскай вобласці. Яна – другое па ліку дзіця ў шматдзетнай сям’і, у якой падрасталі тры хлопцы і дзве сястрычкі. Вясковае дзяцінства Раі нічым не адрознівалася ад дзяцінства яе равеснікаў: змалку дапамагала маме па доме, на кухні і па гаспадарцы, была нянькай для малодшай сястрычкі, збірала грыбы-ягады, бегала на возера, а пазней — на танцы і не думала, што некалі, уцякаючы ад радыяцыі, прыйдзецца пакінуць родныя мясціны.
– Як і многія вясковыя дзяўчаты, я выбрала прафесію бухгалтара. Скончыла Мінскі тэхнікум савецкага гандлю, вярнулася ў Карму. Выйшла замуж. Нарадзіла сына і дачку. Атрымалі кватэру. Дванаццаць гадоў адрацавала галоўным бухгалтарам раённага аддзела адукацыі Кармянскага райвыканкама. Усё было, як і ва ўсіх: на рабоце рупіліся, да бацькоў у вёску ездзілі, агароды садзілі, за святочным сталом збіраліся, жыццё планавалі… І тут узарваўся Чарнобыль. Гомельская вобласць аказалася ў ліку самых забруджаных, многія вёскі трапілі ў зону адсялення.
Мае сябры, суседзі, знаёмыя выязджалі хто куды: у Мінскую вобласць, на Віцебшчыну, Брэстчыну. Мы нейкі час пажылі ў Карме, але зразумелі, што рызыкаваць здароўем дзяцей не варта – рашыліся на пераезд. Выбралі Глыбокае, і, пражыўшы тут 26 гадоў, я пераканана, што мы не памыліліся, – гаворыць Раіса Юр’еўна.
Чужына стала не мачахай, а другой бацькаўшчынай
– У Глыбокім жыў мой старэйшы брат Аляксандр і я тады-сяды прыязджала да яго ў госці. Мне вельмі падабаўся гэты кампактны ўтульны прыгожы, з неверагоднай колькасцю квітнеючых ружаў і багаты азёрамі гарадок. Прырода Глыбоччыны нечым напамінала мне Карэлію, дзе давялося крыху пажыць, таму, параіўшыся з мужам, мы выбралі Глыбокае. У рамках дзяржаўнай праграмы падтрымкі сем’яў-перасяленцаў нам бясплатна выдзелілі кватэру па Садовай вуліцы, бясплатна прадставілі транспарт, каб перавезці нажытае, і з 1994 года свой радавы летапіс мы ўжо пішам на Глыбоччыне. Пакуль былі жывыя бацькі – хацелася дадому, і мы ездзілі ў Янаўку, а цяпер для мяне малая радзіма – гэта толькі родныя магілы і ўспаміны, якія заўсёды са мной, – уздыхае Раіса Юр’еўна. – За чвэрць стагоддзя Глыбокае стала для мяне і маёй сям’і другой бацькаўшчынай. Тут я была запатрабаванай, як спецыяліст. Без праблем улілася ў калектыў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, дзе 18 гадоў працавала галоўным бухгалтарам. У мяне былі выдатныя калегі – Вольга Шалаева, Ніна Шабалоўская, Алена Пятроўская, Ірына Малеша, Валянціна Хрысталовіч, – якія да цяперашняга застаюцца добрымі шчырымі сябрамі. Тут жывуць душэўныя спагадлівыя людзі, якія ніколі не адмовяць у дапамозе. Тут заканчвалі школу мае дзеці, адсюль я адпраўляла іх у дарогу, тут жаніла, сустракала ўнукаў. Тут я не адчуваю сябе адзінокай, бо мае родныя побач. З братам Сашам жывём у адным доме, малодшы брат Раман з сям’ёй – у вёсцы Петрунова. Да нядаўняга часу ў суседнім Шаркаўшчынскім раёне жыў брат Мікалай, які па сямейных абставінах пераехаў у Мінскую вобласць. Лёс надзейна звязаў мяне з Глыбоччынай, і на гэтай зямлі я адчуваю сябе шчаслівай!
У Раісы Юр’еўны і Аляксея Ціханавіча чацвёра ўнукаў: двое жывуць у Карме, двое – у Егіпце. Жанчына, якая вырасла ў шматдзетнай сям’і, з задавальненнем слухае дзіцячае шчабятанне, праўда, часцей па тэлефоне і скайпе.
– Памятаю, калі мы яшчэ жылі ў Карме, летам усіх дзяцей вывозілі ў Мінскую вобласць у піянерскія лагеры на адпачынак і лячэнне. Шлейф аўтобусаў хаваўся за гарой і ў пасёлку наступала цішыня, якая мяне надта пужала. І сёння адчуванне падобнае: гляджу ў акно – вясна, сонца, птушкі спяваюць, а дзяцей у двары не бачна і не чутна, вакол пуста – ні чалавека, і сэрца зноў трапечацца ад страху і трывогі. На маю думку мы перажываем другі Чарнобыль, толькі раней нас знішчала нябачная радыяцыя, а цяпер – вірус. Дай Бог нам усім сілы перамагчы гэтую эпідэмію і зноў радавацца жыццю, – з нотакамі ўпэўненасці пажадала Раіса Юр’еўна глыбачанам.