Два гады назад у рамках святкавання Сусветнага Дня турызму ў Доме адпачынку Чачалі стартаваў праект “Кулінарная спадчына-2018”. Мерапрыемства, без сумневу, стала запамінальным для ўсіх яго ўдзельнікаў і адметным тым, што старшынёй журы была вядомая ў краіне знаўца беларускай кухні Алена Мікульчык.
–Я – шэф-повар, гісторык кулінарыі і эксперт беларускіх страў, – гаворыць пра сябе жанчына.
Трэба дадаць, што яна вывучае, “вяртае да жыцця” і папаўняе беларускую кулінарную спадчыну падчас тэматычных экспедыцый у глыбінку і ў бліжняе замежжа. Алена была ўдзельніцай многіх міжнародных мерапрыемстваў, на якіх эфектна прадстаўляла нашы стравы і нацыянальныя кулінарныя традыцыі ў Маскве, Варшаве, Парыжы, Берліне, Пекіне. Яна – аўтар пяці кніг, на старонках якіх сабраны эксклюзійныя старадаўнія рэцэпты прыгатавання беларускіх страў. Адну з іх – “Смак беларускай кухні” – Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка ў якасці сувеніра ўручыў нядаўна пры сустрэчы расійскаму палітыку і дыпламату Валянціне Мацвіенка.
У канцы сакавіка Алена Мікульчык зноў прыехала на Глыбоччыну – на гэта раз для апрабацыі новых страў па мясцовых рэцэптах і для абмеркавання новага праекта “Кулінарная спадчына Глыбоччыны-2020”.
Бульбяныя лапцікі з начынкай, цыбрыкі з рознай падліўкай, поліўка чачалёўская ў гліняных кацялочках, марожанае “салодкае жыццё”, прыгатаванае з прадукцыі Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната – гэтымі стравамі здзіўлялі эксперта супрацоўнікі Дома адпачынку “Чачалі”.
Алена Мікульчык высока ацаніла смакавыя якасці пачастункаў і ў знак падзякі ўручыла сваю апошнюю кнігу намесніку дырэктара па камерцыйных пытаннях УП “Глыбоцкі МКК” Алесі Ждановіч. Затым Алена Мікульчык, Алеся Ждановіч і Людміла Чэбан абмяркоўвалі палажэнне аб правядзенні на Глыбоччыне новага конкурс-праекта.
–Мы ставім мэту з дапамогай праекта стымуляваць цікавасць жыхароў горада і раёна да нацыянальных беларускіх традыцый праз папулярызацыю кулінарнай спадчыны і яе папаўненне з выкарыстаннем экалагічна чыстай натуральнай прадукцыі нашага малочнакансервавага камбіната, якая была і застаецца вядомым брэндам малочнай прамысловасці Беларусі, а таксама развіваць гастранамічны турызм, які садзейнічае павышэнню культуры харчавання, здароваму ладу жыцця і актыўнаму адпачынку людзей, – кажа Людміла Сцяпанаўна.
Фотаздымкі Айвара Удрыса
Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»