Я дажыў да 75 гадоў – ці павысяць мне пенсію?
Фёдар Яўгеньевіч сёлета ў сакавіку адзначыў 75-ы год свайго нараджэння. “Ці атрымаю я ў сувязі з дасягненнем гэтага ўзросту надбаўку да пенсіі” – пытаецца мужчына.
К. Баравік, начальнік аддзела прызначэння пенсій і сацыяльнай падтрымкі насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама: Згодна Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 студзеня 2012 года №35 “Аб павышэнні пенсій” грамадзянам, якія пастаянна пражываюць у краіне і з’яўляюцца непрацуючымі атрымальнікамі пенсій з 1 студзеня 2012 года прадугледжаны даплаты ў сувязі з дасягненнем 75-і гадоў у памеры 75 % ад мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце – у сакавіку бягучага года сума даплат складала 44 рублі 98 капеек. Пры дасягненні 80-гадовага ўзросту прадугледжаны даплаты ў памеры 100% ад мінімальнага памера пенсіі –(59 рублёў 97 капеек). Акрамя гэтага, грамадзянам, якім споўнілася 80 гадоў, згодна Закона “Аб пенсійным забеспячэнні”, выплачваецца 50% мінімальнай пенсіі па ўзросце (у сакавіку 2020 года гэта 29 рублёў 98 капеек). Агульная сума выплат грамадзянам, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту, складзе 89 рублёў 95 капеек у дадатак да налічанай працоўнай пенсіі.
Даплаты ўстанаўліваюцца з першага чысла наступнага месяца, які ідзе за месяцам, у якім грамадзянін дасягнуў указанага ўзросту. Калі, напрыклад, ён нарадзіўся 3 сакавіка, то надбаўка будзе налічвацца з 1 красавіка і дададзена да красавіцкай пенсіі. Гэтыя даплаты не атрымаюць грамадзяне, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі і тыя, што пражываюць у дзяржаўных стацыянарных сацыяльных установах і знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні.
Магчыма, не ўсе ведаюць, што на згаданую даплату не могуць разлічваць грамадзяне 75 і 80-гадовага ўзросту, якія зарэгістраваныя індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Перыяд, на працягу якога пенсіянер быў прадпрымальнікам, вызначаецца з дня дзяржаўнай рэгістрацыі ў Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў да даты выключэння з гэтага рэгістра. Калі дзейнасць грамадзяніна знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі, ён будзе лічыцца працуючым і даплат да пенсіі не атрымае.
Звяртаем увагу, што ў адпаведнасці з артыкулам 93 Закона РБ “Аб пенсійным забеспячэнні”, пенсіянер абавязаны ў 5-дзённы тэрмін паведамляць органу, які здзяйсняе пенсійнае забеспячэнне, пра абставіны, што ўплываюць на змяненне памера пенсіі ці заканчэнне яе выплаты. Да гэтых абставін адносяцца таксама факты рэгістрацыі грамадзяніна ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка і выключэння яго з адзінага дзяржаўнага рэгістра.