Надбаўка да пенсіі донарам.
“Пакуль быў малады, працаваў, не аднойчы здаваў кроў. Цяпер выходжу на пенсію і хачу спытаць: “Ці праўда, што я, як донар, магу мець штомесячную надбаўку да пенсіі і пра якую суму ідзе гаворка? – пытаецца глыбачанін Мар’ян Пятровіч.
К. Баравік, начальнік аддзела прызначэння пенсій і сацыяльнай падтрымкі насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама: Заканадаўства прадугледжвае надбаўку да пенсіі пры дасягненні агульнаўстаноўленага ўзросту толькі тым грамадзянам, якія ўзнагароджаны нагрудным знакам выдатнасці “Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь”, знакамі Гонару “Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь”, “Ганаровы донар СССР” і “Ганаровы донар Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа БССР”. Пры такой умове пенсія можа быць павышана на 40% мінімальнага памера пенсіі па ўзросце. Сума надбаўкі складала 23 рублі 99 капеек. Каб яе атрымаць, трэба пры звароце за прызначэннем пенсіі прадставіць нам неабходныя дакументы, якія пацвярджаюць атрыманыя званні. З пытаннямі і за кансультацыямі звяртайцеся па тэлефоне 2-32-46.