ГОД МАЛОЙ РАДЗІМЫ: ЛАМЦІ.
Неаднойчы, праязджаючы па шашы Глыбокае-Полацк каля гэтай вёскі, задумваўся над яе назвай. І заўсёды схіляўся да аднаго варыянту: Ламці – хутчэй за ўсё – ад рускага слова “ломоть”, што ў перакладзе на беларускую мову адзначае скібка, лустачка (хлеба). Сённяшнія старажылы вёскі – Юзэфа Іосіфаўна Бондар і Яніна Мікалаеўна Кайранец (абедзвюм ужо больш за 80 гадоў) дакладнага адказу на гэтае пытанне не далі: маўляў, так яна называлася спрадвеку.
Ва ўсе часы вяскоўцы сеялі і вырошчвалі хлеб. Ды і сёння работнікаў сельскіх калектыўных гаспадарак паважліва называюць хлебаробамі. І наша версія мае пад сабой грунт, хай сабе і не такі трывалы.
Чытачы газеты, відаць, ужо зразумелі, што ў матэрыялах паводле задуманага намі праекту “Год малой радзімы” мы пішам пра невялічкія, маленькія вёскі Глыбоччыны. Пры гэтым кіруемся такой думкай: пакуль у вёсцы ёсць хоць адзін чалавек, пакуль вёска ў памяці тых, хто тут нарадзіўся, яна жывая. Ламцям у гэтым плане, можна сказаць, яшчэ пашанцавала: тут на працягу года пастаянна ў шасці хатах жыве 9 чалавек, улетку ж, калі прыязджаюць дачнікі, іх становіцца нашмат больш.
Вёска шашой падзелена на два крылы: адно распасцерлася на пагорку, другое – унізе. Праз шашу ў сваіх хатах жывуць і дзве мае гераіні, з якім меў цікавую размову.
Першай, з кім сустрэўся ў Ламцях, была Яніна Мікалаеўна Кайранец, якая пасялілася тут у 1965 годзе і жыве на правай палавіне вёскі (гэта калі ехаць на Полацк).
– Наша вёска вялікай ніколі не была: 12 дамоў на нашым пагорку і 15 – унізе, праз шашу, – адольваючы нясмеласць пры сустрэчы з незнаёмым чалавекам, пачала свой расказ жанчына. – Усе мы ведалі адзін аднаго, дружылі, разам і весяліліся, і плакалі. Шчыравалі і ў полі – я працавала ў паляводстве, — і дома, бо кожная сям’я развівала сваю асабістую гаспадарку. Без кароўкі, а яна для ўсіх нас была карміліцай, не ўяўлялі свайго жыцця. З мужам мы выгадавалі траіх дачок, і яны разляцеліся хто куды. І так сталася, што час змяніў і нас, і вёску. На нашай палове вёскі сёння жывуць Хралы, яны ўжо ў гадах, і іх глядзіць дачка, а таксама сям’я Лаханаў: муж і жонка працуюць у жывёлагадоўлі. Ну і я.
– І хто з вас трымае курэй? Разбрыліся вунь па ўсёй вёсцы?
– Я трымаю. На большую гаспадарку сіл ужо няма.
– Побач з вашай хатай і насупраць – дзве ладныя сядзібы, дагледжаныя, з парнікамі, на адной нават пасека ёсць.
– Дачнікі купілі дзве хаты і, калі прыязджаюць, а ўлетку тут і жывуць нейкі час, то працуюць на сваіх сотках ад ранку да вечара. Папросяць – я і парнікі іхнія гляджу, адкрываю і закрываю. І за сядзібамі прыгледжу. Ведаеце, улетку наша вёска ажывае. Чуваць і дзіцячыя галасы. У нас тут вельмі прыгожа, чыстае паветра, прастора. Не забываюць, часта прыязджаюць і мае дзеці.
– Яніна Мікалаеўна, можа, пара ўжо пераязджаць к дзецям?
– А як жа наша хаціна? Яна ж сірацінай застанецца. Не, не магу я пакінуць яе.
З размовы з Янінай Мікалаеўнай даведаўся, што адна з яе дачок – Валянціна Катовіч – працуе ў Глыбоцкай раённай бібліятэцы. І пры сустрэчы з Валянцінай папрасіў яе сказаць пару слоў пра сваю маці.
– Наша мама вельмі працавітая: была яна і на Дошцы гонару, і падарункі ёй уручалі, і на сходах у прэзідыум яе запрашалі. Мы вельмі ганарымся сваёй мамай. Сёння яна толькі курэй трымае, а зусім нядаўна ж яшчэ казу гадавала, сама траву касіла, кармамі казу забяспечвала, хоць мы і забаранялі ёй гэта рабіць, гаварылі, што ўсё зробім самі І гэта ў яе гады! Проста мама не можа без працы. І да вёскі душой прырасла. Пачынаем гаварыць пра горад, і слухаць нас не хоча. Таму стараемся як мага часцей прыязджаць к ёй, — адгукнулася на маю просьбу Валянціна.
Ехаў у Ламці і ўжо ведаў ад работнікаў раённага гісторыка-этнаграфічнага музея, што там жыве вельмі цікавая жанчына Юзэфа Іосіфаўна Бондар, якая ведае пра вёску, калі не ўсё, то шмат чаго.
Як аказалася, веды ў гэтай жанчыны сапраўды энцыклапедычныя, хоць ідзе ёй ужо 83-ці гадок. Родам Юзэфа Іосіфаўна з суседняй вёскі Булахі, а ў Ламці яна выйшла замуж за Івана Бондара. З мужам паставілі новую хату, выгадавалі трое сыноў.
– Ужо 12 гадоў прайшло, як гаспадара не стала, але душа яго ў хаце жыве. Вось гэтую тумбачку, на якой стаіць тэлевізар, мой муж зрабіў сваімі рукамі. Рукі залатыя меў. Хату мы паставіла вялікую, але муж пазней дабудаваў яшчэ адну палавіну. Казаў: “У нас жа тры сыны, хай ім будзе прасторна”, – Юзэфа Іосіфаўна ўздыхнула, хвілінку-другую памаўчала. – Сыны добрыя, працавітыя, двое жывуць ў Ломашах, трэці – у Наваполацку. І ён у вёсцы жыў бы, але так атрымалася, так склалася ў яго жыцці. Часта прыязджаюць. І не толькі сыны. Пяць унукаў у мяне, тры праўнучкі. Яны — радасць мая, мая раскоша: Дарынка, Даша і Аліска. (Жанчына ідзе да трумо, бярэ ў рукі здымкі і паказвае іх мне). Вось мае прыгажуні.
Размова наша доўжылася з гадзіну. Даведаўся я, што свой працоўны шлях жанчына пачынала рахункаводам-касірам ў Старынкаўскім сельскім Савеце, пасля была сакратаром у Празароках; у пазнейшыя гады – учотчыцай у брыгадзе саўгаса імя Ціміразева, нарміроўшчыцай ў майстэрні гаспадаркі.
– Вёска Ламці з 1921 па 1939 гады была пад Польшчай, мяжа паміж Усходняй і Заходняй Беларуссю праходзіла па чыгунцы ў вёсцы Загацце. І пасля вайны карэнныя жыхары вёскі, багацейшыя, павыязджалі ў Польшчу. Бяднейшыя засталіся. А ў 1949 годзе ў Ламцях арганізаваўся калгас імя Будзённага, у Булахах – імя Варашылава, а як аб’ядналі гэтыя гаспадаркі – паявіўся калгас імя Малянкова. У 1963 годзе ў Ломашах утварыўся саўгас імя Ціміразева, — і ў далейшым лёс многіх жыхароў вёскі ўжо быў звязаны менавіта з гэтай гаспадаркай, — зайшла ў нас размова і на такую тэму.
Пагаварылі мы і пра сённяшнія Ламці.
– Юзэфа Іосіфаўна, а ці ходзіце вы да каго-небудзь на сяло?
– Цяпер няма к каму хадзіць. На нашай палавіне вёскі жыве толькі Антаніна Сямчонак, яна яшчэ старэйшая за мяне. Не хоча яна пераязджаць к сыну ў Наваполацк. Удзвюх і перазімавалі. Праўда, у дзедавай хаце паявіўся яшчэ адзін жыхар, малады хлопец. І нас тут стала трое. А вось улетку людзей становіцца больш.
– Але ж вы можаце схадзіць, як у вас кажуць, на пагорак, шашу перайсці.
– Каля маёй хаты спыняецца аўталаўка, і адтуль, з пагорка, вяскоўцы самі прыходзяць сюды. Вось такое ў нас сяло атрымліваецца. Пагаворым, паўспамінаем. І кожнай з нас ёсць што ўспомніць. Маладыя сёння наўрад ведаюць, што быў такі час, калі жанчыне да родаў давалі адпачыць месяц і пасля родаў месяц. А рабіць трэба ж было, будавацца, жыць, думаць пра заўтрашні дзень. Выкручваліся як маглі. А сёння што? Жыві і радуйся. Усё добра, што тут Богу грашыць. Аўталаўка рэгулярна прыязджае. Паштальён у хату пенсію прынясе, што ні папросіш, усё купіць. Золата чалавек. І дома ў мяне парадак: і газ, і мікрахвалевая печ, і нават грубка руская ёсць. Дзеці прыязджаюць – адразу да грубкі: ці цёплая? Канечне, мне хочацца жыць доўга і добра. Мама мая шэсць месяцаў не дажыла да 100 гадоў. І мне ўжо за 80.
– Юзэфа Іосіфаўна, у вас жа трое сыноў, двое жывуць вельмі блізка – у Ломашах. Чаму б не пераехаць жыць к ім?
– Яны і хочуць, каб я пераехала. Але, скажы ты мне, як мне хатку сваю кінуць? З ёй жа ўсё мае жыццё звязана. І радасці, і нягоды, у жыцці ж усяго хапала. Мне хочацца ў сваёй хатцы жыць, калі паеду – захварэе яна, прападзе. А месца ў нас прыгожае, бяроз шмат, сок бярозавы свой будзе. І дзецям, і ўнукам і праўнучкам ёсць куды прыехаць. Не, без сваіх Ламцёў я не пражыву. Пакуль магу, пакуль хаджу – тут буду.
Не сумняваюся: такія ж словы пачуў бы і ад іншых жахароў вёскі Ламці.
Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»