“Пра тую зямлю, дзе нарадзіўся ты”. Вынікі I тура гістарычнага квіз-марафона.
Скончыўся тэрмін падачы адказаў на пытанні I тура квіз-марафону “Пра тую зямлю, дзе нарадзіўся ты”. На заклік прыняць удзел у краязнаўчай віктарыне адгукнулася каля 30 чалавек. Прыемна адзначыць, што нашы “марафонцы” паказалі досыць высокі ўзровень ведаў па гісторыі роднага краю. Спадзяемся, што падчас падрыхтоўкі адказаў, многія з іх адкрылі для сябе шмат новага і яшчэ больш зацікавіліся нашай агульнай мінуўшчынай.
А зараз, пазнаёмцеся з правільнымі адказамі на пытанні І тура:
- Абсалютная большасць удзельнікаў квіз-марафону дакладна вызначыла, што прыведзеныя ў пытанні вершаваныя радкі належаць таленавітаму паэту Віталю Рыгоравічу Гарановічу, імя якога неразрыўна звязана з СШ №3 г. Глыбокае, якой ён аддаў больш дваццаці гадоў жыцця. Гэта радкі з верша “Пад паўночнай зоркай”.
- У другім пытанні апісана першая сустрэча Паўліны Мядзёлкі і Янкі Купалы. Некаторыя нашы ўдзельнікі, разважаючы над тым, што звязвала лёс гэтых людзей, заходзілі вельмі далёка. Але амаль ніхто не забыўся напісаць, што ў 1913 годзе Паўліна Мядзёлка выканала ролю Паўлінкі ў пецярбургскай прэм’еры вядомай п’есы Янкі Купалы.
- Усе “марафонцы” назвалі імя чалавека, намаганнямі якога на Глыбоччыне было адроджана кавальскае рамяство – Аляксандр Сяргеевіч Дубіна. І Усебеларускае свята кавальскага майстэрства было названа ў гонар паэта-каваля Паўлюка Багрыма. А яскравая скульптурная кампазіцыя, урачыстае адкрыццё якой прайшло ў чэрвені 2014 года, – помнік барону Мюнхгаўзену. Але ў залік на гэта пытанне ідзе і варыянт пра каваныя кампазіцыі сквера Маладажонаў, адкрыццё якіх адбылося ў тым жа месяцы.
- У гады БССР Глыбоцкі раён па чарзе ўваходзіў у склад Вілейскай, Полацкай, Маладзечанскай і Віцебскай абласцей. Найбольшы ўнёсак у фарміраванне сучасных межаў Глыбоччыны мела далучэнне ў снежні 1962 года тэрыторыі скасаванага Пліскага раёна. Што датычыцца сельскіх Саветаў, то варта было ўказаць толькі тыя з іх, што нязменна знаходзяцца ў складзе раёна з моманту яго стварэння ў 1940 годзе. Такіх на гэты час засталося толькі тры: Абрубскі, Залескі і Узрэцкі. Залічваюцца таксама і тыя адказы, у якіх узгадваюцца толькі Залескі і Узрэцкі сельсаветы, бо як вядома з архіўных крыніц, у многіх дакументах 1940-х гадоў Абрубскі с/с называецца “Ластавіцкім”.
- Многія з удзельнікаў квіза здагадаліся, што ў апошнім пытанні тура гаворка ідзе пра глыбоцкую царкву Святой Троіцы, якая канчаткова спыніла сваё існаванне пасля пажару 1880 года. У сувязі з тым, што ў верасні 1878 года ў якасці праваслаўнай царквы быў асвечаны вялікі храм былога кармеліцкага манастыра, аднаўленне згарэўшай царквы Святой Троіцы палічылі немэтазгодным.
Нагадваем, што пераможцамі тура (як і ўсёй віктарыны) становяцца тыя, хто дае найбольшую колькасць правільных адказаў у найбольш кароткі тэрмін. За кожны правільны адказ налічваецца 1 бал. Трэба адзначыць, што шчыльнасць у турнірных табліцах абодвух узроставых катэгорый досыць вялікая, і ў гэтай сітуацыі на размеркаванне месцаў значны ўплыў мела тое, наколькі хутка вы дасылалі свае адказы. Таму, калі вы не ўбачылі сваё імя на п’едэстале, – не хвалюйцеся, ваша адставанне можа быць зусім нязначным.
Такім чынам, пераможцам І тура ва ўзроставай катэгорыі 14-18 гадоў стаў Кірыл Хоміч з Дзеркаўшчынскай ДС-СШ. Любоў і Надзея Семеш з Карабоўскай ДС-СШ імя Р.Мацеюна занялі другое месца, а Віялета Жук з Чарневіцкай ДС-БШ – трэцяе.
У старэйшай узроставай катэгорыі першай стала інжынер прадпрыемства “НИИ Белгипротопгаз” Дар’я Обух, другое месца заняла педагог-арганізатар і бібліятэкар Азярэцкай ДС-СШ Алена Кучынская, а трэцім стаў бухгалтар СУП “Мярэцкія” Канстанцін Блін.
Віншуем нашых прызёраў і шчыра дзякуем удзельнікам І тура – усім, хто не пашкадаваў часу, каб паглыбіць свае гістарычныя веды. На сайце Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея (glubmusej.by) удзельнікі квіз-марафону знойдуць поўную табліцу з вынікамі.
Пытанні наступнага тура чакайце ўжо ў красавіку. Уважліва сачыце за выпускамі раённай газеты “Веснік Глыбоччыны”. Да хуткай сустрэчы!
Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей