Уладзімір Захараў і Алена Яроменак – удзельнікі “круглага стала”, які прайшоў у рамках тыдня прадпрымальніцтва. Яны расказалі пра першыя крокі ў бізнесе і разам выпрацавалі алгарытм дзейнасці, які можа стаць падказкай тым, хто хоча працаваць на сябе. Не ўсе пакупнікі асабіста знаёмыя з Уладзімірам Леанідавічам, але ўсе, глыбачане і жыхары сельскай глыбінкі, ведаюць, дзе ў Глыбокім знаходзіцца магазін “Атлант”, у якім больш за дваццаць гадоў яны купляюць такую патрэбную для дома бытавую тэхніку.
Уладзімір Леанідавіч – прадпрымальнік з дваццацітрохгадовым працоўным стажам і вопытам, якога хопіць для ўсіх ІП-пачаткоўцаў. А пачынаў ён у савецкі час, як і большасць яго равеснікаў. Адвучыўся ў Полацкім гандлёвым тэхнікуме. Атрымаўшы спецыяльнасць электрамеханіка па рамонце халадзільнага і гандлёва-тэхналагічнага абсталявання, вярнуўся ў Глыбокае. Пяць гадоў працаваў па сваёй прафесіі на Глыбоцкім участку рамонтна-мантажнага прадпрыемства Віцебскага аблспажыўтаварыства.
У “ліхія” гады развала Савецкага Саюза многія глыбачане па-рознаму прыстасоўваліся да няпростых эканамічных абставін. Адны былі незадаволены сітуацыяй, заробкамі, адсутнасцю перспектывы, але, як прывязаныя”, трымаліся за дзяржаўную работу. Другія кідалі яе і шукалі іншае прымяненне сваім сілам і здольнасцям.
Уладзімір Леанідавіч не баяўся самастойнасці, таму і замахнуўся на ўласную справу. У 1997 годзе, калі на прыватніка ў раёне глядзелі, як на дыназаўра, ён зарэгістраваўся індывідуальным прадпрымальнікам. Яго былы аднакурснік Мікалай Бабіч зрабіў тое самае і стаў напарнікам Уладзіміра. Праз два гады Уладзімір Леанідавіч заключыў дагавор на абслугоўванне бытавой тэхнікі з мінскім звадам “Атлант”. Гэта стала пачаткам плённага дзелавога супрацоўніцтва ў сервіснай і гандлёвых сферах, якое працягваецца да цяперашняга. Адкрыты ў 2007 годзе магазін “Атлант” у хуткім часе стаў лідарам продажу бытавой тэхнікі ў рэгіёне.
Сёння прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “Глыбокае Атлант-Сервіс”, нягледзячы на жорсткую канкурэнцыю з боку інтэрнет-магазінаў і профільных прыватных гандлёвых брэндаў, – прыбытковая камерцыйная фірма, якая спраўна выплачвае падаткі ў бюджэт нашага раёна, прадстаўляе гарантаваны сацыяльны пакет дванаццаці работнікам, а пакупнікам – шырокі асартымент тавараў з гарантыяй іх якаснага абслугоўвання і мае планы далейшага развіцця.
– Гэта цяпер дзяржава падтрымлівае прадпрымальнікаў, прадстаўляе цэлы комплекс ільгот па падатках, арэндзе, а раней разлічваць трэба было толькі на сябе. Пачынаў з “голай” ініцыятывы і ўласных рук, пашыраў партнёрскія кантакты, гадамі падбіраў калектыў – шукаў зацікаўленых і адказных людзей, тэхнічна граматных спецыялістаў, якім можна даверыць любую работу, напрацоўваў кліентскую базу, – расказвае Уладзімір Леанідавіч. – Цяпер наш калектыў – гэта сям’я, аб’яднаная адной мэтай: не проста трымацца на плаву, а працаваць з прыбыткам, мець годныя і стабільныя заробкі. Перад дзяржавай даўгоў не маем: летась выплацілі амаль 50 тысяч рублёў падаткаў у бюджэт раёна.
Уладзімір Леанідавіч прагрэсіўны кіраўнік: сваім работнікам давярае, іх работу не кантралюе, “на кавёр” нікога не выклікае, ініцыятыву заахвочвае, добрую работу адзначае рублём, а калі трэба, закасвае рукавы і дапамагае разгружаць тавар – фізічная сіла лішняй не бывае.
Падчас размовы з біснесменам спытала: “Што трэба для таго, каб бізнес быў прыбытковым?”
– Усё, што залежыць ад мяне і ад калектыву, мы робім, але прыбытак у многім залежыць а даходаў пакупнікоў, а імі пахваліцца могуць не многія. Таму распрацавалі сістэму растэрміновак і скідак – мы свайго пакупніка цэнім і ім даражым, – сказаў Уладзімір Леанідавіч.
Ну а што датычыць “набора прадпрымальніка”, які дапаможа адкрыць уласную справу, то ў ім, на думку майго суразмоўцы, павінны быць асабістая ініцыятыва, душа, што ляжыць да абранай справы, жаданне стаць гаспадаром, неабходныя базавыя навыкі ў абранай сферы дзейнасці, працаздольнасць, псіхалагічная і фізічная загартоўка і разуменне таго, што працаваць трэба пры любых умовах і сітуацыях.
Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»