Запаветны трохкутнік таты

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

Запаветны трохкутнік таты.

75 лет Победы
Феафанія Пятроўна Грынь

Феафанія Пятроўна Грынь з вёскі Гваздова захоўвае франтавы трохкутнік – вестку з вайны ад свайго бацькі. Чаканы ліст вось ужо 75 мірных гадоў беражэ памяць аб салдацкім лёсе. Яго і сёння нельга чытаць без душэўнага трапятання нават тым, хто не бачыў самай жахлівай вайны мінулага стагоддзя.

“Вайна пачалася, калі мне было 9 гадоў. Немцы прыйшлі ў вёску без бою. Летам 41-га сабралі ўсіх мужчын у адну хату і  папярэдзілі: “Калі мы пачуем хоць адзін стрэл, расстраляны будзеце ўсе”. Страху нагналі на людзей, а потым адпусцілі. Тры гады жыцця прайшлі ў акупацыі”, – успамінае далёкія падзеі Феафанія Пятроўна.

Жанчына добра памятае, як гналі палонных па бальшаку каля вёскі Гваздова: “Як толькі ўдалечыні пыл пачынаў падымацца, мы ўжо ведалі – палонных вядуць. Якія яны былі худыя, змучаныя… Вяскоўцы насілі ім вараную бульбу, ваду і хлеб, і немцы дазвалялі ім есці. Памятаю, як мы на карамыслах вёдры цягнулі. Кожны дзень іх гналі бальшаком з-пад Дзісны ў лагер ваеннапалонных, і так усё лета. На абцягнутым калючым дротам двары ў Беразвеччы ўтрымлівалі людзей, яны капалі глыбокія ямы, каб сагрэцца: чым глыбей – тым цяплей. Аднойчы палонныя рускія забілі вартаўнікоў і ўцяклі. Хавацца беглі ў бор праз нашу вёску. Хто дужэйшы – утрох аднаго вялі. Якраз той ноччу пайшоў снег, і іх сляды былі добра бачныя. Ззаду ішлі немцы з сабакамі…”

Тады яшчэ маленькай дзяўчынцы Фані добра запомнілася, як набліжаўся фронт: “Вяскоўцы, як пачулі грукат з боку Полацка, разбегліся: адны разам з каровамі ў балота ўцяклі, другія схаваліся ў склепах на хутары недалёка. З абодвух бакоў бамбілі – нашы салдаты немцаў праганялі, а тыя ўпіраліся. Шмат хат тады згарэла. Немцы, адыходзячы, забралі ў нас двух коней і парсючка. Мы спрабавалі аднаго каня схаваць аж у Казюках каля лесу, але гэта не дапамагло. А другі быў зусім малады, жарабя яшчэ, ні разу не запраганы. Знайшлі яго ў лесе застрэленым, відаць, немцы не далі яму рады”.

У ліпені 44-га Глыбоцкі раён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Феафанія Пятроўна ўспамінае, як нашы салдаты наладзілі пякарню прама ў двары іх хаты. Формы ў іх свае былі і чаны вялікія. Яны замешвалі цеста і пяклі хлеб, а потым везлі на фронт. Цэлую палявую кухню разгарнулі.

“Аднойчы ваеннаслужачыя пайшлі ў нашу дрывотню і знайшлі там сала – яно было закапанае ў зямлі. Кажуць тату: “Гаспадар, мы сала тваё знайшлі”. Але не ўзялі ні кавалачка. Тады ён адрэзаў кавалак і падзяліўся з салдатамі”, – з усмешкай расказвае жанчына.

75 лет Победы
Сям’я Хайноўскіх: Сафія і Пётр разам з дачкой Фаняй. Гэты здымак прайшоў разам з Пятром Хайноўскім усю вайну. 1939 год.

Неўзабаве абвясцілі мабілізацыю. Старэйшых мужчын адпусцілі, а астатніх паставілі ў дзве шарэнгі, раздзялілі на тых, хто адправіцца ваяваць ў Мурманск, і тых, хто пойдзе на наш фронт.

“І колькі тады палягло людзей… Тату забралі, абмундзіравалі і паслалі ў Полацк. Маці, каб пакарміць мужа, ішла ў Падсвілле, тады на таварным цягніку (каб пусцілі, гарэлкі ўзяла) везла ў Полацк мех ежы. Прыехала, а яго там ужо няма. Толькі прыйшла дадому – прынеслі навіну, што салдаты ў Крулеўшчыне стаяць. Яна зноў хатуль закінула на плечы, запрагла каня і паехала. У той час у нас з маці атрымалася ячмень пасеяць і сабраць. Не галадавалі, было што есці”, –  згадвае мая суразмоўца.

Пётр Іванавіч Хайноўскі, тата Феафаніі Пятроўны, быў паранены на вайне два разы. Фронт, шпіталь, зноў фронт… А потым пісаў у лісце, як ваяваў пад Берлінам, як фарсіраваў Одэр. Са слязамі на вачах жанчына перадае ўспаміны бацькі: “Тата казаў, вада была чырвоная ад крыві. Яны плылі па рацэ, а кулі білі усё роўна дождж”.

Аб Вялікай Перамозе сям’я даведалася ад чалавека з сельсавета. Той прыехаў у вёску і пачаў крычаць: “Пабеда!”.

“Пабеда… а мы з маці плачам – пісьма ад таты няма. Каб выжыць, трэба было працаваць шмат. Мы бульбу садзілі, і на пожні маці працавала, і сена касілі. А пісьма ўсё няма. Гэткі дождж ліў кожны дзень! Людзі не змаглі жыта пасеяць, бульбы не выбралі, галадоўка пачалася, – з горыччу ўспамінае той цяжкі час жанчына. – Стала нам лягчэй, як нарэшце атрымалі ліст. Тата пісаў, што знаходзіцца ранены аж ў Гразаўцы, за сотні кіламетраў ад Масквы. Вясна прайшла і лета, восень… Тата вярнуўся з вайны пад Каляды. Пачалося новае жыццё”.

трохкутнік
Франтавы трохкутнік ад 16 сакавіка 1945 года – чаканы ліст ад таты Пятра 

фронтовое письмо

фронтовое письмо

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

 

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2024

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru