“Не думаў, што перажыву вайну” – Іван Міхайлавіч Анашкевіч.

Для Івана Міхайлавіча і Валянціны Сцяпанаўны Анашкевічаў з вёскі Шо 2020 год тройчы юбілейны. У чэрвені гаспадар адзначыць 90 гадоў, а ў жніўні яго жонка – 85-ку з дня нараджэння. Ёсць і яшчэ дзве юбілейныя даты, аднолькава важныя для іх: шэсць з паловай дзясяткаў сумеснага жыцця і 75-годдзе Вялікай Перамогі. І хоць яны не ваявалі з фашыстамі са зброяй у руках – яны выпакутавалі права на свабоду, знаходзячыся на прымусовых работах у Германіі. Малалетнія вязні Вялікай Айчыннай не думалі тады, што застануцца жывымі і змогуць сустракаць Дзень Перамогі пад мірным небам бацькаўшчыны.
“Былі тры гектары зямлі – засталося 40 сотак”
Вёска Шо, акальцаваная з усіх бакоў лясамі і ўпрыгожаная пацеркамі блакітных азёр – зямля бацькоў і прадзедаў Івана Анашкевіча. Сям’я, у якой падрастаў хлопчык, была шматдзетнай: Міхаіл Сямёнавіч з Ганнай Сяргееўнай выхоўвалі чатырох сыноў і дачку.
– Пры Польшчы бацькі мелі тры гектары зямлі, коней, трымалі гаспадарку. Змалку я і мае браты Сенька, Валодзя і Антон ім памагалі: і аралі, і сеялі, і касілі. Як прыйшлі Саветы, сказалі ўсім пісаць заявы ў калгас і рабіць уступны ўзнос. Трэба было аддаць каня з павозкай, барану, плуг і сто кілаграмаў зерня. Зямлю абрэзалі так, што з трох гектараў пакінулі ўсяго 40 сотак на сем ртоў. Акрамя гэтага кожнай сям’і быў даведзены план харчовых паставак: здаць у год 5 кілаграмаў масла сметанковага, 100 кіль мяса і сотню яек, — успамінае Іван Міхайлавіч. — Так-сяк мы пачалі прызвычайвацца да новага ладу гаспадарання, а тут якраз Гітлер распачаў вайну.
“Маглі згарэць, загінуць ад куль і бамбёжкі”
– Немцаў у вёсцы мы ўбачылі ў пачатку 1942 года. Яны стаялі ў Падсвіллі, Празароках і Зябках, а да нас час ад часу наязджалі то на конях, то на матацыклах. Тут жа была партызанская зона, тэрыторыю кантралявалі атрады кароткінцаў і сувораўцаў. Немцы іх баяліся, таму прыязджалі толькі днём. А ноччу прыходзілі свае: з вёскі да партызан перайшлі сем чалавек, якія адведвалі родных і збіралі правізію для партызанскай кухні. Зімой, калі возера Шо замярзала, на лёд садзіўся самалёт, які прылятаў з Масквы. Ён забіраў параненых, прывозіў зброю і патроны. Аднойчы немцы з боку Слабады пачалі абстрэльваць вёску з пушак, а нямецкія самалёты бамбілі зверху. Снарады, якія траплялі ў ваду, падымалі фантаны вады, а на зямлі да цяперашняга бачны ямы ад іх узрываў. Вяскоўцы хаваліся, дзе маглі: хто ў лес бег, хто ў склеп, хто на агародзе ў баразну клаўся, — расказвае Іван Міхайлавіч, якому тады ішоў дванаццаты год. – Памятаю, немцы наляцелі ў вёску, сагналі ўсіх да старых могілак, паклалі на зямлю, а на пагорку кулямёт паставілі, каб ніхто галаву не падняў і не крануўся. Праз нейкі час закамандавалі ўставаць і загналі ў пуню. Дзверы дротам закруцілі, каб ніхто не вылез. Мы ж думалі, што згарым жыўём і свету белага больш не ўбачым. Як не пасівелі тады ад страху і невядомасці?! Ажно паступіла другая каманда: немцы вёску падпалілі, а нас, у чым стаялі, пагналі ў бок лесу. Ідзём і аж спіна макрэе: чакалі, што зараз пачнуць ззаду страляць па людзях. Пад аховай салдат і сабак праз Калечполле пагналі ў Псую.
– Ідзём натоўпам, дарослыя, дзеці і раптамі як бухнула! Мы ў крык, на зямлю паваліліся. Немцы па-свойму гяргечуць. Думалі, можа партызанская засада, але аказалася, Захарыха на міне падарвалася. Партызаны ставілі іх на лясных і палявых дарогах, вот яна на яе і наступіла. Адарвала ёй абедзве нагі да калень. Качаецца, бедная, крычыць ад болю, вакол кроў, а чым памагчы? – са слязьмі на вачах уступае ў гаворку Валянціна Сцяпанаўна. – Немцы “пашкадавалі” яе: застрэлілі на вачах дачкі, каб не мучалася. А нас прыгналі ў Псую, тады ў Зябкі, пасадзілі ў вагоны і павязлі ў свет, як у капейку. Так мы аказаліся ў Германіі.
На чужой старане не ў роднай маці
У Германіі на перасыльных пунтах адпраўлялі каго куды. Бацькоў ад дзяцей аддзялялі, меншых – ад большых. Каго на заводы бралі, каго да нямецкіх баураў на вёскі адпраўлялі. Тыя з ахвотай бралі ў парабкі ўкраінцаў і беларусаў, бо лічылі, што яны працаздольныя і надта цярплівыя.
– Мне ішоў сёмы год і я не ведаю, дзе мы былі. Памятаю, што жылі ў бараках сярод нейкіх скал. Працавалі на фабрыцы Вільгельма фон Брауке, рабілі дрот для арміі. У школе крыху вучыліся. На кухню тады-сяды адпраўлялі. Там варылі бульбу “ ў мундзірах” для ўсяго лагера. Мы, дзеці, ачышчалі яе ад шалупіння, круцілі на машынцы і кідалі ў суп. Пакуль працавала, наядалася і ў каструлю для свайго барака ўкідвала пабольш, каб гусцей было. Як давалі свабодны дзень, бегалі ў бліжэйшае мястэчка з надзеяй сустрэць землякоў, – успамінае Валянціна Сямёнаўна. – Вызвалілі нас амерыканцы. Прапаноўвалі ехаць ці ў Амерыку, ці ў Англію, але мы з мамай вярнуліся дамоў.
– Я трапіў у лагер астарбайтэраў непадалёк ад Дордтмунда. Жылі ў бараках, якія ацяпляліся самаробнай “буржуйкай”. Кармілі дрэнна: 150 грамаў хлеба ў дзень давалі і суп, у якім бульбіну і крупіну рэдка калі бачылі. Два разы ў месяц у нас, падлеткаў, бралі кроў, а пасля давалі стакан малака, — працягвае аповяд Іван Міхайлавіч. – Паміралі ад голаду і хвароб, бо ніхто нас там не лячыў. Вызвалілі нас амерыканскія салдаты, прапаноўвалі заставацца, але мы вярнуліся дамоў.

Сустрэча з радзімай на папялішчы
– А дома жыць не было дзе – вакол пустое папялішча. Нейкім цудам на прылеску засталася невялічкая лазня, дык там месціліся, можа, чалавек дванаццаць. Як прыйшла зіма, выкапалі зямлянку, зрабілі печ, палаці і жылі.
Галадавалі. Бульбу, якую хавалі ў буртах, пагніла, адзін горкі крухмал непрыгодны для яды застаўся. Лавілі рыбу, елі і ў Зябкі насілі на продаж. Хто вядро бульбы за яе даваў, хто кавалак сала, хто солі жменю, хто рубель. Ягады, грыбы, шчаўе збіралі, варылі – так і перабіваліся, – уздыхае мой суразмоўца.
– Абуць, апрануць, з’есці нечага было, але маладосць сваё брала. Пасля работы збіраліся па хатах, за бутэльку самагонкі наймалі музыканта з Латышоў і танцавалі. Пры лучыне, босымі пяткамі так польку адбівалі аж пыл курэў, – смяецца Валянціна Сцяпанаўна.
У 1955 годзе Іван і Валянціна ажаніліся. Нарадзіўся сын. Іван Міхайлавіч спачатку быў на паляводстве. Зарабляў капейкі, а трэба было хату будаваць. Нарыхтаваў лесу на зруб і паехаў на заробкі ў Магнітагорск, дзе ўжо працаваў яго брат Валодзя. Уладкаваўся на металаапрацоўчы завод спадручным газавырабшчыка.
– Плацілі добра, жыць можна. Зваў у Магнітагорск жонку, якая засталася ў вёсцы з дзіцём, але тая ў далёкі свет ехаць не адважылася. Праз год з рублём вярнуўся ў роднае Шо, паставіў хату. Працаваў трактарыстам, стаў абжывацца. На дваіх з братам Антонам, які жыў непадалёку, купілі каня, каб лаўчэй было агароды апрацоўваць. Карову трымалі, свіней – было што ў рот пакласці. Адзінаццаць гадоў слесарам на ферме працаваў. Граматы маю, медалі “За працоўную доблесць” і “За шматгадовую добрасумленную працу”. Вырабіў сорак гадоў стажу, пенсію атрымаў, – кажа Іван Міхайлавіч.
Валянціна Сцяпанаўна напачатку была бухгалтарам у гаспадарцы, тады кароў даіла. У Анашкевічаў двое дзяцей, унукі і маленькая праўнучка Мілана, якая жыве з бацькамі ў Маскве.
– Я не думаў, што перажыву вайну, прайду выпрабаванні холадам, голадам, страхам, смяротнай небяспекай і пастаяннай невядомасцю, буду дзяцей гадаваць, спаць класціся без боязі, што не ўстану, – кажа Іван Міхайлавіч. – Напярэдадні Дня Перамогі ўжо які год атрымліваю ад Прэзідэнта Лукашэнкі віншавальныя паштоўкі ў выглядзе пісем-трохкутнікаў, якія вайной палявой пошце з фронту дасылалі. Значыць, ведаюць і памятаюць пра нас.
Павага на дзяржаўным узроўні вельмі важна і патрэбна людзям, якія паклалі свае пакуты на алтар Вялікай Перамогі і атрымалі права патрыётамі звацца.
Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»