Пра дарогі – не без трывогі. Галоўны дарожнік Глыбоцкага раёна Юрый Бервячонак расказвае аб планах па рамонце дарог.
Зіма на Глыбоччыну так і не прыйшла. Многія прызвычаіліся да еўрапейскага надвор’я і лічаць, што яно спрыяе эканоміі. Калі цёпла, менш паліва ідзе на ацяпленне дамоў. Лацвей працаваць на фермах і ў майстэрнях. Не трэба чысціць снег на дарогах… Але па словах дырэктара КДРБУП №145 Юрыя Мар’янавіча Бервячонка, хоць сёлета і не было снегу, сэканоміць не ўдалося.
– Чаму?
– Таму што замест расчысткі снегу мы праводзілі прафіліраванне дарог, якіх у нас на балансе 749 кіламетраў. Грэйдзеры працавалі па вясеннім графіку, а ў дні галалёду мы рабілі падсыпку. Тэхніка была задзейнічана, салярка палілася, саляныя сумесі расходваліся.
– Пачаўся новы год, а разам з ім з’явіліся спадзяванні, што якасць дарог, якія з’яўляюцца люстэркам любога населенага пункта, палепшуцца. Ці могуць на гэта разлічваць жыхары Глыбоччыны?
– Пачнём з таго, што ў планах “Віцебскаблдарбуда” выдзеліць на 2020 год на бягучы рамонт дарог ва ўсім Глыбоцкім раёне 893 тысячы рублёў, а гэта на 562 тысячы рублёў менш, чым летась. Маючы гэтыя сродкі, мы плануем адрамантаваць 9,5 кіламетраў аўтамабільных дарог, з якіх 8,5 кіламетраў – з асфальтавым пакрыццём. З іх 6 кіламетраў 400 метраў – дарога Дрэтунь-Дзісна-Празарокі, а дакладней участак ад мяжы з Міёрскім раёнам убок Празарок, участак 1,1 кіламетра дарогі Пліса-Мнюта-Бортнікі з гравійным пакрыццём і кіламетровы пад’езд да вёскі Замхава праз Чарневічы. Пры наяўнасці сродкаў мы гатовы выконваць і большыя аб’ёмы рамонтных работ, тым больш праблемных участкаў хапае. Па-першае, важна давесці да ладу дарогі Глыбокае-Круляўшчызна-Докшыцы, Зябкі-Ушачы, Юнькі-Варапаева-Мярэцкія, Дрэтунь-Дзісна-Празарокі, якія злучаюць наш раён з суседнімі і з’яўляюцца своеасаблівымі ўнутрырэгіянальнымі “артэрыямі”. Па-другое, адрамантаваць пад’езды да аграгарадкоў і да перспектыўных населеных пунктаў, у якіх пражываюць ад 200 да 500 чалавек. Па-трэцяе: з мэтай бяспекі дзяцей падтрымліваць у добрым стане дарогі, па якіх ходзяць школьныя аўтобусы. Але 893 выдзеленыя тысячы рублёў для такіх планаў – гэта кропля ў моры.
– Ці не крыўдна, што ў Глыбокім свой асфальтавы завод, працуе, не прастойвае, а дарогі ў нездавальняючым стане?
– Асфальтавы завод працуе не круглы год, а сезонна з вясны да восені. Летась, напрыклад, выраблена 10,5 тысяч тон асфальту, з якіх 8 тысяч 900 тон пайшло на дарогу Глыбокае-Бушыкі-Капыльшчына. 1 тысячу 600 тон скарысталі на ямачны рамонт дарог і часткова на добраўпарадкаванне тэрыторый дзяржаўных і прыватных аб’ектаў раёна. Робім, што можам, у рамках запланаваных фінансаў.
– Якія віды работ акрамя рамонту дарог выконваюць работнікі КДРБУП №145?
– На працягу года займаемся ачысткай прыдарожных палос ад смецця, якія кідаюць “культурныя” праязджаючыя вадзіцелі, высякаем хмызнякі, абкошваем ўзбочыны дарог і адкосы, змагаемся з баршчавіком Сасноўскага, ставім, замяняем, узнаўляем дарожныя знакі, рамантуем, фарбуем дарожныя павільёны і масты.
– На гэтыя работы выдзяляюцца дадатковыя сродкі?
– Летась мелі на ўсё гэта 695 тысяч, а сёлета 598, на 97 тысяч менш.
– Ну а сродкі, якія зарабляе прадпрыемства на аказанні платных паслуг не дапамогуць у правядзенні дарожных рамонтных работ?
– Мы прадаём арганізацыям і насельніцтву гравій, пясок, асфальт, аказваем транспартныя паслугі. Летась зарабілі 106 тысяч рублёў, якія накіравалі на рамонт тэхнікі. Гэта таксама неабходныя і даволі адчувальныя ў фінансавым плане расходы. Хоць існуючая сітуацыя даволі не простая, ні адзін запыт, ніводны зварот грамадзян мы без увагі не пакідаем, рэагуем своечасова, стараемся выпраўляць крытычныя сітуацыі і пастараемся зрабіць ўсё, што запланавалі на бягучы год.