Роднай мове прысвяціліі мерапрыемства падсвільскія бібліятэкары.
Ужо стала добрай традыцыяй у Падсвільскай бібліятэцы адзначаць Міжнародны дзень роднай мовы ў кампаніі прыхільнікаў беларускай мовы, паэзіі і музыкі.
У святочны дзень самы час паслухаць і паразважаць пра гісторыю мовы, пра яе росквіт ў часы ВКЛ, пра заснаванне Таварыства беларускай мовы імя Скарыны і правядзенне Дзён беларускага пісьменства, пра з’яўленне курсаў “Мова ці кава” і “Мова нанова”. Усёй гэтай і іншай цікавай інфармацыяй дзяліліся падсвільскія бібліятэкары.
Самы час паказаць прыгажосць беларускага слова, прачытаўшы вершы, што на выдатна зрабілі верныя чытачы бібліятэкі: Валянціна Дзмітрыеўна Лагош, Аляксандра Іванаўна і Мар’ян Мячаслававіч Місевічы, Людміла Мікалаеўна Акунявец, Зоя Ігнацьеўна Зарыцкая, Любоў Міхайлаўна Нікіціна. А яшчэ праз гульню згадаць беларускія народныя прыказкі…
Дзякуючы музыкам, Мікалаю Фёдаравічу Саулічу і Уладзіміру Бурэню, на свяце гучалі беларускія найгрышы і песні, як доказ таму, што наша мова па мілагучнасці займае другое месца, прапусціўшы ўперад толькі італьянскую. Па добрай традыцыі ў гэты святочны дзень падсвільскія бібліятэкары пазнаёмілі з майстрамі слова – пісьменнікамі. На гэты раз з юбілярам 2020 года – Ганнай Зінкевіч. Вядучыя мерапрыемства пазнаёмілі прысутных з жыццёвым і творчым шляхам паэтэсы.
Відэаролік, падрыхтаваны падсвільскімі бібліятэкарамі на верш Ганны Зінкевіч “Шчасце”, стаў прыемным завяршэннем Міжнароднага дня роднай мовы ў Падсвільскай бібліятэцы.