«У Гулідаве і сонца свеціць ярчэй, і паветра чысцейшае, і трава зеляней»

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Гулідава – невялічкая вёска (крышку больш за 50 жыхароў) амаль на самай мяжы Глыбоцкага і Пастаўскага раёнаў.

Гулідава
Гулідава

У вёсцы – тры асноўныя вуліцы: Школьная, Садовая і вуліца імя Рамана Мацеюна. Школьная – нагадвае пра не такі ўжо і далёкі час, калі ў вёсцы была васьмігадовая школа; Садовая – таму што шмат садовых дрэў; трэцяя вуліца названа ў гонар воіна-інтэрнацыяналіста Рамана Мацеюна, які загінуў у Афганістане пры выкананні службовых абавязкаў і пасмяротна быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Падчас падрыхтоўкі гэтага артыкула зайшоў у інтэрнэт і ў пошукавіку набраў слова “Гулідава”. І знайшоў больш за трыццаць невялічкіх каментарыяў былых жыхароў вёскі, якія калісьці пакінулі яе, але пры любой магчымасці вяртаюцца сюды сёння – хоць на тыдзень, хоць на два-тры дні, на дзень… Найбольш тэкстаў напісаў Іосіф Мацяюн, брат загінуўшага ў Афганістане Рамана. Па сутнасці гэта нават не каментарыі, а невялічкая дзённікавая аповесць – прызнанне ў любові да сваёй вёскі. І чытаецца  аповесць на адным дыханні. З яе можна даведацца пра галасістых гулідаўскіх салаўёў, якія звінелі на ўсё наваколле,  пра прыгожае Гулідаўскае возера, адкуль раней рыбу цягалі мяхамі,  пра багаты парк, які колісь шумеў у цэнтры вёскі, пра колішняга жыхара Васіля Калапеньку, які нечакана для яго самога стаў вельмі папулярным у Гулідаве.  Калі вяскоўцы ішлі ў той бок, дзе стаяла ягоная сядзіба, то казалі так: “Пайду пад Калапеньку”. Гэтак жа нейкі час называлася і вуліца вёскі (сёння яна носіць імя Рамана Мацеюна).

“Гулідава не толькі калыска майго дзяцінства. Гэта найлепшае месца ў свеце. У Гулідаве і сонца свеціць ярчэй, і паветра чысцейшае, і трава зеляней. Тут пахаваны мае бацькі, мае прадзеды, суседзі. Тут назаўсёды засталося маё сэрца”, – прызнаецца Іосіф Мацяюн.

У адным з каментарыяў ён выказаў такую думку: тым, хто нарадзіўся ў вёсцы і пераехаў у горад, жыць нашмат складаней. У тым сэнсе, што ў іх ёсць пачуццё віны перад вёскай. І ўсё ж аўтар разумее, што час настаў такі: урбанізацыя. Таму, каб хоць крышку зменшыць сваё пачуццё віны, прыязджае са сваімі роднымі на малую радзіму, глядзіць за бацькоўскай хатай, сустракаецца і падоўгу гутарыць з тымі, хто жыве тут сёння.

З некаторымі вяскоўцамі пазнаёмімся і мы.

хата
Хата, у якой нарадзіўся Раман Мацяюн – воін-інтэрнацыяліст, які загінуў у Афганістане

Сфатаграваў хату, у якой нарадзіўся Раман  Мацяюн і ягоныя браты, і задумаўся: “Куды і к каму пайсці? З кім найперш сустрэцца?”. З роздуму вывелі словы жанчыны, якая  цераз вуліцу несла з дрывотні бярэмца дроў: “Каго вы шукаеце?”. Жанчыну звалі Зіна, і яна, паказаўшы мне хату, дзе жыве  хросная  маці Рамана, заўважыла: “Яна вам усё раскажа”.

У Крысціны Мікалаеўны Сівіцкай (так звалі гаспадыню), мабыць, як і у кожнага чалавека, лёс быў не просты. Нарадзілася ў вёсцы, падрасла – паехала к старэйшай сястры ў Карэлію. Там працавала на будоўлі, была кранаўшчыцай, але, як сама прызналася, вёска не адпускала, снілася, клікала к сабе. Вярнулася. Працавала на свінаферме (“Вялікая свінаферма была, 5 тысяч галоў”), пасля – цялятніцай. Як шматдзетная маці на пенсію пайшла ў 50 гадоў.

Бабуля
Крысціна Мікалаеўна Сівіцкая

– Так, вёска не такая, як была раней, – расказвае Крысціна Мікалаеўна. – Сёння ўжо няма ў нас ні школы, ні клуба, ні канторы. Раней жыхароў было больш за 100 чалавек.  Дзіцячыя галасы звінелі ў кожным доме.  Цяпер жа – цішыня. І ўсё  вёска мне па-ранейшаму дарагая. Дзеці прыязджаюць, завуць: “Мама, паедзем з намі!”. А я адмаўляюся, мне тут добра, спакойна. Не прыжылася б я ў горадзе.

Калі загаварылі пра Рамана Мацеюна, жанчына, хусцінкай змахнуўшы слязінку з вачэй, згадала: “Харошы быў, уся іхняя сям’я была харошая… Ужо ведаў, што яго адпраўляюць у Афганістан, і перад ад’ездам зайшоў ка мне, развітаўся, сказаў, што абавязкова вернецца. Не вярнуўся…”

У зале на шафе ўбачыў вялікае фота Рамана Мацеюна. І адно гэта сказала мне пра многае.

Пагаварылі мы і пра жыхароў вёскі. І жанчына патлумачыла, дзе хто жыве, дзе хто працуе, з кім можна сустрэцца і пагаварыць, падкрэсліла, што маладых жыхароў у вёсцы  вельмі мала, большасць – пенсіянеры.

Наступнае наша знаёмства – з Нінай Уладзіміраўнай і Аляксандрам Мінавічам Катовічамі, якія жывуць на вуліцы Садовай. Гаспадыня нарадзілася ў Белевічах, гаспадар – у невялічкай вёсцы Падкраеўшчына. Абое з малых гадоў – у працы. Ніна пасля 7 класаў пайшла ў паляводчую брыгаду (“Рукамі лён рвалі, жыта сярпамі жылі, і толькі тады, як на палі прыйшлі камбайны, працаваць стала лягчэй”), пазней даглядала цялят. З фермы і на пенсію пайшла. Аляксандр пачынаў дарожным майстрам у Станелевічах (Пастаўскі раён), потым вывучыўся на трактарыста, працаваў у Навадруцку, урэшце вярнуўся у калгас.

– Як мы трапілі ў Гулідава? – перапытаў Аляксандр Мінавіч. – Гэта цэлая гісторыя. Былы старшыня Мікалай Катовіч падпісаў нашу Падкраеўшчыну пад знос. Сёння так толькі адзін чалавек жыве. І  трэба было будавацца. Мы і пабудаваліся ў Гулідаве. А з Нінай я пазнаёміўся ў мясцовым клубе, дзе збіралася моладзь з усёй акругі. Два гады сябравалі, а калі я прыйшоў з арміі, вырашылі пажаніцца. Тут, у Гулідаве, і пражылі ўвесь час. Мне ўжо 77 год пайшоў, жонка на тры гады маладзейшая.

– У свой час трымалі вялікую гаспадарку: дзвюх кароў, свіней… Цяпер ужо сілы не тыя, – прадоўжыла размову  Ніна Уладзіміраўна. – Ды і мала хто сёння ў Гулідаве кароў трымае, на ўсю вёску – іх толькі чатыры.

Як аказалася, Катовічы – шчырыя прыхільнікі нашай раённай газеты, і раней выпісвалі яе, і цяпер выпісваюць.

– У адным з нумароў з цікавасцю прачытала пра сваю родную вёску Белевічы, — заўважыла жанчына і дапоўніла: – Раз прыехалі к нам, то, мусіць, напішаце і пра Гулідава.

– Абавязкова напішам, – запэўнілі мы.

Любоў і Уладзімір Федаровічы жывуць у адным з трох цагляных дамоў, што стаяць на вуліцы імя Рамана Мацеюна. Уладзіміра дома не было, і пра жыццё-быццё сям’і ў вёсцы Гулідава мы пагаварылі з гаспадыняй.

Любоў
Любоў Федаровіч

– Я не тутэйшая: нарадзілася на Украіне, але большую частку жыцця пражыла ў Расіі, – пачала свой аповед жанчына. – Там і з будучым мужам сустрэліся. І калі Уладзімір прапанаваў вярнуцца на сваю малую радзіму, я адразу згадзілася. Адразу ж, як прыехалі сюды, стала працаваць цялятніцай. Было гэта пры Віктару Аляксеевічу Асону. Муж таксама пайшоў на ферму. Мусіць, мы добра зарэкамендавалі сябе, бо неўзабаве нам выдзелілі катэдж. Апошнія 12 гадоў перад пенсіяй загадвала фермай у Гулідаве.

– І як жывецца вам у вёсцы?

– Добра жывецца. Дзвюх кароў на падворку трымаем, свой трактарок ёсць, гектар зямлі маем, муж хоча яшчэ зямлі ўзяць. Скажу вам так: жыць можна ўсюды. Калі ж ты яшчэ працалюбівы, то ў вёсцы лепш.

Наўрад тут што можна дабавіць да гэтых слоў. Прайшоўся па падворку, агледзеў пабудовы, пазнаёміўся з гаспадаркай і пераканаўся: тут жывуць гаспадары.

Андрэй Кабылінскі, наступны герой майго расказу, жартам называе сябе маладым чалавекам. Кажа: “А ў вёсцы так, калі ты яшчэ не на пенсіі, то малады”. Зрэшты, і па гадах, і па тым, як выглядае, Андрэй сапраўды адзін з самых маладых жыхароў вёскі Гулідава. Як і ягоная жонка Ірына.

Гулідава – радзіма бацькі Андрэя. Сам ён нарадзіўся ў Глыбокім, вучыўся ў СШ №1, у  Глыбоцкім СПТВ, цяпер працуе ў Шунеўцах у кацельні.

Ірына – з Пастаўскага раёна. Раней працавала ў калгасе, цяпер займаецца хатняй гаспадаркай.

Сядзіба
Сядзіба Андрэя і Ірыны Кабылінскіх

– Гэты дом пабудаваны ў 1926 годзе, – паведаміў Андрэй. Калі ж я засумняваўся: маўляў, вельмі ж ён добра выглядае, зазначыў: – Ну, а я абнаўляю яго, як кажуць, даводжу да ладу: каб і выглядаў прыгожа, каб і жыць у ім было камфортна.

Сядзіба Кабылінскіх стаіць крышку ўбаку ад вёскі, метраў за 50 ад мяжы з Пастаўскім раёнам. І выглядае вельмі прыгожа. Па тым, што ўбачылі на вялізнай тэрыторыі каля дома, дзе ёсць і тэхніка, можна меркаваць, што ў Андрэя і Ірыны ёсць вялікія планы па развіцці сваёй гаспадаркі.

– У Глыбокім у нас ёсць дом. Маглі б жыць там. Вось толькі не хочам, не цягне нас у горад. У вёсцы нам лепш, – заўважыў напрыканцы размовы Андрэй.

І завяршыць свой артыкул хачу яшчэ адным “інтэрнэцкім” запісам Іосіфа Мацеюна, датаваны днём 26 мая 2019 года:

– Учора вярнуўся з Гулідава, прыжылі з братам там тры дні. Пабудавалі на студні новы дах заместа старога, зусім згніўшага, адрамантавалі пліту, каб дым ішоў у комін, а не ў пакой, і шмат чаго яшчэ зрабілі. А самае галоўнае – я паслухаў гулідаўскіх салаўёў. І слухаць іх можна бясконца. Наперадзе – лета, і я зноў паеду ў вёску, ужо не працаваць, а проста адпачыць. Падыхаць родным паветрам, пакупацца ў возеры, пагутарыць з аднавяскоўцамі.

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

 

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2024

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru