Любіць зямлю і людзей – гэта талент.
У гэтым пераканана мая суразмоўца Феліцыя Славецкая з Дзеркаўшчыны. Яна, як кажуць, ад галавы да пят, вясковая жыхарка, якая ніколі не рвалася ў горад, бо змалку была душой прывязана да роднай зямлі. Хата, у якой нарадзілася і да цяперашняга жыве, – яе бацькоўская вотчына і своеасаблівы музей, у якім калісьці пагаспадарыў час.
Сіла зямнога прыцягнення
– Бацькавай хаце, напэўна, гадоў сто ўжо. Тут прайшло маё дзяцінства. Адсюль мама мяне на вучобу адпраўляла, чакала, сустракала. Сюды я бегла з работы, каб перакусіць у абед. Тут перад люстэркам прыбіралася, калі на танцы ішла. У гэту хату мой будучы муж сватацца прыходзіў… Тут усё дыхае ўспамінамі. Тут паветра лёгкае і, здаецца, што вуглы на мой голас адзываюцца, – кажа жанчына. – Як была вайна, немцы ў нашых краях шмат чаго папалілі, згарэў з усімі дакументамі і сельсавет у Воўкаўшчыне. Пакуль у пасляваенныя гады вёска адбудоўвалася, спачатку сельсавет, а тады амбулаторыя ў нашай хаце “кватэравалі”. У адной палове жыла наша сям’я, а ў другой размяшчаліся названыя дзяржаўныя ўстановы. Так што цяпер я, лічыце, жыву ў доме-музеі.
8 сакавіка Феліцыя Антонаўна адзначыць 85-гадовы юбілей. Больш за 36 гадоў у гэтай саліднай жыццёвай скарбонцы займаюць яе працоўныя будні.
Першы крок да выбару прафесіі, дзяўчына зрабіла, скончыўшы Дзеркаўшчынскую сямігодку. У школе ёй добра давалася матэматыка і мара паступіць у педагагічнае вучылішча магла б з лёгкасцю збыцца. Але яна не стала настаўніцай, бо лёс прывёў яе ў навучальную ўстанову зусім іншага профілю.
– У Бегосава, што ля Верхнядзвінска, быў сельгастэхнікум, і я паступіла туды. Пакуль два гады вучылася, ён пераехаў у Полацк. Атэстатат з кваліфікацыяй малодшага агранома я атрымлівала ўжо там. Разам са мной вучыліся Валянціна Павульская, Вольга Велічковіч, якая пазней была старшынёй калгаса “Новы шлях” ў Запруддзі. На работу брыгадзіркай у калгас “Герой працы” мяне браў старшыня Лука Аляксандравіч Барановіч. У месяц я “зарабляла” 40 працаднёў, за якія плацілі 20 рублёў, – успамінае Феліцыя Антонаўна. – Грошы былі невялікія, а работы многа. У сельскай гаспадарцы ў 50-ых гадах тэхнікі і коней было мала, усё рабілі ўручную, саматугам. Калгаснікі жалі, лён рвалі, касілі, а мне трэба было штодня на кожным участку пабываць і абмерыць кожнаму зробленае за дзень. Работа адказная, патрабавала канкрэтыкі. Не на вока прыкідвала, а мерыла, як кажуць, цюцелька ў цюцельку, бо ад правільнасці падліку залежалі заробкі. А людзей жа тады было столькі, што поля не бачна. Запрагала я ў павозку свой “Мэрсэдэс” – каня Мальчыка, якога мне выдзелілі ў дапамогу — і ездзіла па ўчастках. “Прыпаркуюся”, дзе травы больш, каб каню быў занятак, а сама “казу” ў рукі і бегаю па полі, абямяраю. Бывала, ужо зоркі на небе, а я толькі з брыгады еду. Дзяцей, а ў мяне два сыночкі падрасталі, калі не было з кім пакінуць, з сабой на поле брала. Яны ў павозцы на сене качаюцца, а я працую, – успамінае Феліцыя Антонаўна. – Спаборніцтвы паміж брыгадамі часта арганізоўвалі і мы, па працоўных паказчыках, неаднойчы выходзілі пераможцамі. Работа мне падабалася, людзям я патрапляла, паважала іх за старанне і працу.
А дамоў прыходзіла – там свая работа: агароды, гаспадарка. Вяскоўцы да працы апантаныя, цяглыя, але раней больш за 30 сотак адной сям’і, незалежна адколькасці чалавек, не давалі. І карову можна было трымаць толькі адну. Вот і выходзіла, што працавалі многа, а жылі не багата. Калі мы з Міхаілам пажаніліся, узяліся ў Дзеркаўшчыне хату сваю будаваць. Збіралі талаку і думалі, як з людзьмі за работу разлічыцца? Плаціць не было чым, таму за стол усіх збіралі і кармілі. Даўней сяльчане ахвотна памагалі адзін аднаму, жылі адной сям’ёй, дружна, адкрыта, на віду.
Праца, у якую укладаем душу, узвышае чалавека
Працавітую актыўную брыгадзірку ў калгасе цанілі. У 1968 годзе “за актыўную вытворчую і грамадскую работу” Феліцыю Славецкую ўзнагародзілі Граматай Прэзідыўма Вярхоўнага Савета БССР. Праз год Ганаровай граматай райкама КПБ, райкама і райсавета “за дасягнутыя поспехі ў сацыялістычным спаборніцтве па павышэнні культуры земляробства” была адзначана праца работнікаў паляводчай брыгады №1, якую ўзначальвала ФеліцыяАнтонаўна.
Нечаканасцю для жанчыны стала яшчэ адна высокая дзяржаўная ўзнагарода. За высокія дасягненні ў сельскай гаспадарцы Феліцыі Славецкай у 1971 годзе ўручылі ордэн “Знак Пашаны”.
– Вядома ж, прыемна, калі тваю працу заўважаюць і так ацэньваюць. Ордэн заняў ганаровае месца ў шафе, а вось тры рублі, якія я атрымлівала за яго кожны месяц аж да часоў развала Савецкага Саюза, былі тады даволі адчувальнай матэрыяльнай падтрымкай, – кажа жанчына.
У 1974 годзе калгас “Герой працы” узначаліў Генадзь Іванавіч Лабаты. Ён вырашыў, што заслужанай брыгадзірцы месца ў канторы і перавёў Феліцыю Славецкую эканамістам па працы. Цяжка ёй не было, бо дапамагала матэматыка, якую добра ведала, і набыты брыгадзірскі вопыт, а вось прызвычаіцца да крэсла, на якім трэба было выседзіць цэлы дзень, доўга не магла.
– Мой муж таксама працаваў у калгасе. Спачатку шафёрам, тады ў пажарнай і газавай службах. Я рада, што кошт сялянскага хлеба ведаюць абодва сыны. Старэйшы Міхаіл, хоць па прафесіі настаўнік, нейкі час працаваў інжынерам па будаўніцтве ў калгасе імя Леніна ў Шаркаўшчынскім раёне. Я рада, што з сельскай гаспадаркай звязаў жыццё малодшы Анатоль. Ён скончыў сельгастэхнікум, пасля – акадэмію. Быў старшынёй у “Азярцах” і ў філіяле “Каралі”, цяпер ён старшыня Абрубскага сельсавета. Мае дзеці, унукі і праўнукі – мая радасць, сіла і апора, асабліва цяпер, калі гады закругляюцца ў юбіленую дату, калі ўжо не хочуць, як раней, слухацца ногі.
Усяго было ў жыцці: ва ўсім ашчаджалі, эканомілі , праз сілу працавалі, але дзякуй Богу, што ён не пакідаў і заўсёды дапамагаў нам, маленькім зямным людцам. Вера – гэта магутная сіла, якая ўздымае і вядзе па жыцці, – пераканана Феліцыя Антонаўна.
Да слова, яна – наша чытачка са стажам большым, чым працоўны. “Веснік Глыбоччыны” – адна з настольных газет жанчыны, якая любіць чытаць у ёй пра свае мясціны, знаёмых людзей і пра змены, што адбываюцца на Глыбоччыне. Мы віншуем нашу паважаную падпісчыцу з яе блізкім важкім юбілеем, жадаем здароўя і моцы на доўгія гады і спадзяёмся на далейшае сяброўства з газетай, якое мы вельмі цэнім.
Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»