140 гадоў – на развіццё Глыбоччыны!
15 студзеня Глыбоцкі раён адзначыў сваё 80-годдзе. Найлепшымі падарункамі да такой юбілейнай даты, якія красамоўна, лепш за ўсякія словы, пацвярджаюць любоў яе жыхароў да роднага краю, былі і застаюцца іх канкрэтныя справы дзеля росквіту Глыбоччыны. Менавіта такі, важкі і значны, падарунак вагой у 130 сумесна адпрацаваных гадоў, падарылі з гэтай нагоды прадстаўнікі дынастыі Пашковічаў з сельгаспрадпрыемства “Каралі”.
Маці
Як і многія вяскоўцы ў адказ на просьбу аб сустрэчы, яны казалі: “А што пра нас пісаць? Адрабілі ўсё жыццё, састарэлі і ўсё”. Працавітыя і старанныя, яны не прывыклі жыць напаказ і модна, а жывуць годна – па-сялянску сціпла і па-чалавечы прыстойна. Такімі аказаліся і мае чарговыя суразмоўцы з Шыпоў.
Вера Антонаўна Пашковіч у лютым гэтага года адзначыць 92 гады. Паважаны ўзрост і статус доўгажыхаркі не перашкаджаюць ёй кухарыць ля пліты, падбірацца па дому, а вясной і ўлетку ваяваць з пустазеллем на градках. І хоць яна ўжо не адзін год пенсіянерка, вольная распараджацца сваім часам, песціцца ў ложку да абеда сабе не дазваляе. Па-ранейшаму устае ў сем раніцы і шукае справы, якія займаюць яе рукі і напаўняюць жыццё сэнсам.
А жыццё жанчыны было не лёгкае і, як сажай мазанае: хапала ў ім чарнаты, болю і слёз.
– Нас у бацькоў было восем дзяцей – чатыры сыны і чатыры дачкі. Жылі мы на хутары каля Шыпоў. У хаце едакоў цэлая арава, а зямлі ўсяго 30 сотак мелі. Садзілі, сеялі, але вырашчанага не хапала. Галадавалі. За хлебам у суседнюю Крулеўшчыну пяшком хадзілі. Зранку да вечара ў чарзе стаялі, каб яго купіць. Надзець надта не было чаго. Адну сукенку мы, сёстры, адна за адной даношвалі. Ні пра якія ўборы і размовы не было. Пра выгоды, якія цяпер у людзей ёсць, і не чулі. Без свету жылі, без газу, за вадой у вёску хадзілі, — расказвае Вера Антонаўна. – Мы змалку бачылі, як бацькі працуюць, на іх гледзячы, вучыліся сялянскую работу рабіць і думалі, як бы хутчэй падрасці і ім дапамагчы. Ні пра вучобу, ні пра горад размовы не ішло.
У Шыпах тады школа пачатковая была. Скончыла я 5 класаў і ў працу ўпраглася.
Як сезон, да ўсходу сонца на сваіх сотках жыта жала, траву па іржышчы касіла, а ранкам ішла на работу ў калгас. Лён уручную рвала, а тады ўначную хадзіла, абівала яго і малаціла. Сена касіла і сушыла. Дзялкі палола, гной развозіла. Што загадвалі, тое і рабіла. Дні беглі, я іх лічыць не паспявала. Але маладосць сваё брала. Прыйду, бывала, з работы, у двары сцюдзёнай вадой з калодзежа абліюся, апрануся і бягу на вечарыну. Яна па чарзе то ў адной хаце была, то ў другой, а мой брат Сяргей – музыкант-самавучка, полькі і вальсы на ёй іграў. Замуж выйшла за хлопца з суседняга хутара. Фадзей – адзін сын у бацькоў, але багацця ён там не бачыў. Перайшла я да мужа ў хату і там гаспадарыла. Тады сынок Коля у нас з мужам знайшоўся. Вось толькі шчасце маё аказалася кароткае, як зімовы дзень. Аднойчы прыцемкам муж ішоў з работы і трапіў пад цягнік. Я засталася ўдавой, з малым дзіцём на руках і з яго састарэлымі бацькамі.
А тады загад далі ўсім з хутароў у вёскі перабірацца і мне, жанчыне, прыйшлося, перавазіць хату з хутара ў пасёлак. Дзякуй, браты памагалі па будаўніцтве, калгас чым мог, падсабляў. У ёй да цяперашняга і жыву з сынам, нявесткай і ўнукам. Вырабіла я 45 гадоў стажу, пенсію маю. Ці ж параўнаеш цяперашняе жыццё з ранейшым? У Шыпах працуе магазін. Аўталаўка прыязджае, каля хаты становіцца. Прывозіць усё, што душа пажае і ў Глыбокае не нада ехаць. Пенсію дзень у дзень прыносяць і я з яе яшчэ ўнукам магу дапамагчы. Чаго не хапае – дык гэта здароўя, якога не купіш і ў крэдыт не возьмеш. Удзячна Богу за міласць, за тое, што яшчэ трохі кратаюся, – завяршыла аповяд ветаран працы Вера Пашковіч.
Сын
Мікалай Пашковіч, які бацьку свайго бачыў толькі на старым партрэтным фотаздымку, да ролі гаспадара прывучаўся змалку. Ведаў, што прафесія яму патрэбна такая, каб сям’ю забяспечваць і быць апорай маці. Адслужыўшы ў аўтамабільных войсках ва Украіне, паступіў у СПТВ-31 на механізатара, бо надта любіў тэхніку. Самастойнае жыццё пачаў за баранкай аўтамабіля ў калгасе “Кірава”. З грузамі аб’ездзіў ўсю Беларусь і гарады Савецкага Саюза. З 1992 года і да цяперашняга, нягледзячы, што ўжо сем гадоў на пенсіі, працуе трактарыстам.
– Ён чалавек на сваім месцы, добрасумленны, старанны, безадказны. Тэхніку любіць. Кожную запчастку, кожны вінцік ведае куды прыстроіць. Трактар рамантуе і перабірае сам. Хоць у мазуце толькі вочы блішчаць, а, бачна, што шчаслівы, — гаворыць пра Мікалая старшыня Абрубскага сельвыканкама Анатоль Славецкі. – Ён сям’ю фінансава забяспечвае, соткі садзіць, дровы на зіму рыхтуе. І гаспадар спраўны і чалавек прыстойны.
За сваё жыццё Мікалай Фадзеевіч правёў 48 пасяўных і ўборачных. Ад цямна да цямна з нівы не сыходзіў.І ўафёрам, і трактарыстам, і памочнікам камбайнёра працаваў. Колькі людзей елі хлеб, здабыты яго працавітымі рукамі!
– У сезон у калгасе заробкі добрыя, у дадатак пенсія ідзе. Сабе на жыццё хапае і дзецям-унукам дапагаю. Ужо, здаецца, і сеў бы дома, але папросяць у гаспадарцы: “Папрацуй” і згаджаюся. Ну а як не замагу, трактар перадам сыну Міхаілу, які таксама працуе трактарыстам у “Каралях”, – гаворыць Мікалай Фадзеевіч.
Нявестка
Ніна Пашковіч мясцовая, шыпоўская. Як і яе свякроў Вера Антонаўна, са шматдзетнай сям’і, у якой было пяць дачок. Ніна хадзіла ў чацвёрты клас, калі памёр бацька. Сям’я, застаўшыся без мужчыны і гаспадара, і бедавала, і гаравала, і галадала. Ніне не прыйшлося нідзе вучыцца, бо трэба было здабываць працадні і змалку думаць пра кавалак хлеба.
– Як выйшла замуж за Мікалая, перайшла да іх у хату. Усё жыццё пражыла пад адным дахам са свякроўю, але “войнаў” за месца на кухні ў нас ніколі не было. Па дому кожны з нас рабіў тое, што мог і ўмеў. Работы хапала ўсім, спрэчкі разводзіць было некалі, – расказвае Ніна Міхайлаўна. – Я дваццаць гадоў адпрацавала даяркай. Спачатку ўручную даіла 25 кароў, а даільнымі апаратамі і пяцьдзесят, і сотню. У пяць дойку пачыналі, пад дзесяць вечара заканчвалі.
Як нарадзіліся дзеці, Вера Антонаўна, дзякуй ёй, іх даглядала, есці гатавала, у хаце і на агародах спраўлялася. Проста не ўяўляю як бы мы жылі без яе дапамогі. Цяпер дзеці выраслі, раз’ехаліся. Дзіма і Таня жывуць у Глыбокім, Міша – з намі. Маем двух унукаў і будзем рады маладому папаўненню, – кажа Ніна Міхайлаўна. – Коля ў нас галоўны ў доме, а калі вырашаем фінансавыя пытанні, то збіраемся на сямейны савет. Вера Антонаўна ніколі не застаецца ў баку ад нашых праблем і заўсёды дапамагае з пенсіі сваім унукам і праўнукам.
Агульны працоўны стаж прадстаўнікоў трох пакаленняў Пашковічаў, якія звязалі сваё жыццё з сельскай гаспадаркай, складае 140 гадоў. І людзі, пра якіх пішу, і іх працоўныя здабыткі – гэта неацэнны скарб Глыбоччыны, малой радзімы для сапраўды вялікіх людзей.
Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»