“Зара” жыцця Івана Снарскага

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (4 оценок, среднее: 3,25 из 5)
Загрузка...

“Зара” жыцця Івана Снарскага.

портрет
Івану Снарскаму ёсць што ўспомніць

Івана Снарскага ў раёне ведаюць як старшыню калгаса “Зара” (цяпер філіял “Капыльшчына”), які ўзначальваў гаспадарку больш за два з паловай дзесяцігоддзі. Ну а на  агульным працоўным рахунку – 43 гады, якія Іван Іванавіч прысвяціў любімай справе на карысць малой радзімы. І ў маладосці, і цяпер, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, ён жыве ў вёсцы, сярод людзей, з якімі калісьці  штодня, на палетках, фермах,  у мехмайстэрнях, “пісаў” слаўны гістарычны летапіс  Глыбоччынны. Гаспадар, патрыёт, які не спакусіўся на заманлівыя прапановы,  не пабаяўся  чарнавой сялянскай працы, араў, сеяў, вырошчваў хлеб і чэрпаў сілы  з зямлі-карміцелькі.

старые фото
1992 год. Калгаснікі адзначаюць 40-годдзе сваёй гаспадаркі. (злева направа) Іван Снарскі, Анатоль Пачопка, ветэран вайны Аляксандр Хахолка, Мікалай Крук, былы старшыня калгаса “Зара” Генадзь Іўко, былы галоўны інжынер Іван Талкач

Хлопец, які нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і, змалку ведаў смак здабытага хлеба і моц працоўнага мазаля. Яму падабалася тэхніка, таму, скончыўшы Задарожскую школу, падаўся ў СПТВ-31, каб вывучыцца на трактарыста. Першую самастойную баразну пракладаў на палетках калгаса “Кастрычнік”. Затым служыў у 76-ай паветрана-дэсантнай дэвізіі ў Пскове. У яго “за плячыма” быў не адзін прыжок з парашутам. “Страшная прыгажосць” у вышыні блакіту заварожвала, але зямное прыцягненне  аказалася мацнейшым. Калі старшыне Снарскаму прапанавалі афіцэрскую пасаду і кантрактную службу ў арміі, ён адмовіўся. Вярнуўся ў Мнюта. Працаваў у “Кастрычніку” тракатарыстам, пазней – брыгадзірам. Яго старанне і  стаханаўскія паказчыкі ацанілі ў раёне і ўзнагародзілі медалём “За доблесную працу”.

коллектив
1983 год. Кіраўнікі раёна, прадпрыемстваў і сельскагаспадарчы актыў (у першым радзе злева направа) Зігфрыд Лукашэвіч, Ніна Хайноўская, Эдуарда Анкуд, Рыгор Тубалец, Віктар Сініцкі, Валянціна Карэпава

Пасля таго, як Іван Іванавіч скончыў Смальянскі тэхнікум, дзе рыхтавалі кіруючыя кадры для сяла, яго прызначылі старшынёй калгаса “Зара”. Іван Снарскі быў нязменным кіраўніком гаспрадаркі больш за 25 гадоў.

– На той час “Зара” была вялікай і  моцнай гаспадаркай. У яе склад уваходзілі 13 населеных пунктаў. Толькі ў “Капыльшчыне”  пражывалі 170 чалавек. У мясцовай школе было 120 вучняў. Мелі свой клуб, у якім кожныя выхадныя ладзілі дыскатэкі – моладзі тады хапала. Працаваў ФАП, дзіцячы сад, быў уласны асфальтны завод. У  1988 годзе мы сумесна з меліярацыяй  заклалі  на 33-ох гектарах вадаём. Гэтае месца стала любімым і для мясцовых, і прыезджых рыбаловаў, – расказвае Іван Іванавіч. – Што датычыць сельгасвытворчасці, то даведзеныя заданні па малаку, мясу, зерневых калгас выконваў і быў на добрым рахунку ў раёне. Жылі мы за кошт уласных сродкаў, заробкі выплочвалі своечасова, крэдытаў  у банку не бралі.

Час ішоў, многае мянялася. Патрэбны былі дадатковыя веды, і Іван Іванавіч па  накіраванні абкама партыі паступае ў Вышэйшую партыйную школу. За 5 гадоў завочнай вучобы ён добра тэарэтычна “падкаваўся”. Веды ў спалучэнні з паўсядзённая  практыкай давалі адчувальны плён. “Зара” займала лідарскія пазіцыі ў раённым рэйтынгу. Старшыню ўзнагароджвалі граматамі, з якіх назбіралася даволі важкае  ганаровае партфоліа.

– Маёй апорай, сілай і  багаццем былі людзі, і ў калгасе  мы стараліся адзначыць працу кожнага і заахвоціць вяскоўцаў да дасягнення яшчэ большых паказчыкаў. Наш гонар – механізатары, даяркі, жывёлаводы, аграномы, брыгадзіры. Я  акрэсліваў кола іхніх абавязкаў, даваў заданні і прастору для ініцыятывы. Давяраў людзям, не сумняваўся ў іх працаздольнасці і сумленнасці і ніколі татальна не кантраляваў. Героямі  хлебных палеткаў лічу механізатараў Яўгена Адзінца, узнагароджанага ордэнам Працоўнай славы III ступені, Алега Струя, які быў удастоены ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, Мікалая Іўчыка, Уладзіміра Паляка, Васіля Баговіча, — пералічвае заслужаных людзей гаспадаркі былы старшыня. – Прафесійна-граматная была ў калгасе бухгалтарска-эканамічная служба, у якой працавалі Ларыса Барсук, Глафіра Ганчаронак,  Святлана Рымдзёнак, Ала Снарская. Спачатку бухгалтарам, затым спецыялістам па корманарыхтоўцы, галоўным аграномам працавала Тоня Вазнякова, цяперашняя старшыня філіяла. Яе муж Васіль быў і застаецца  адным з лепшых камбайнераў. Галоўны аграном Лія Хахолка, галоўны інжынер Сяргей Дзічкевіч і яго жонка, брыгадзір Ірына Віктараўна… Усіх пералічыць немагчыма, але ў поспеху “Зары” закладзена часцінка працы, душы і любові да зямлі кожнага вяскоўца.

Івану Снарскаму  давялося працаваць з Рыгорам Тубальцом і Валерыем Акуленка, з Віктарам Сініцкім і Міхаілам Кандзерскім.

– Талковыя і мудрыя яны былі. Віктар Іосіфавіч пастаянна нам казаў: “Не крыўдзіце людзей, бо крыўда вам дабром не вернецца”. А Міхаіл Міхайлавіч, калі, бывала, крытыкаваў, пасля нарады  гаварыў: “Гэта, хлопцы, рабочыя моманты, і яны не павінны псаваць нашых чалавечых узаемаадносін”.

У цесным звязе працаваў я з начальнікам сельгасупраўлення  Аляксандрам Альхімёнкам, з калегамі-старшынямі, кіраўнікамі прадпрыемстваў. Па рабоце не аднойчы кантактавалі з Алегам Морхатам. Наша “Зара” межавала з калгасам імя Ільіча Шаркаўшчынскага раёна, дзе ён  тады быў старшынёй.

Трэба сказаць, што “Зара” стала не толькі школай росту і прафесійнага станаўлення старшыні Івана Снарскага, але і месцам нараджэння яго сям’і. Тут ён сустрэў сваё каханне: Ала Іванаўна пасля вучобы прыехала па размеркаванні ў калгас ды так і засталася тут. 44 гады адпрацавала эканамістам. Столькі ж гадоў была першай памочніцай, дарадцай і апорай мужу-старшыні.

Цяпер Іван Іванавіч пенсіянер, але па-ранейшаму пры справе: мае соткі, трактар, трымае гаспадарку, даглядае дом. Ну і , вядома ж,  разам з жонкай чакае прыезду дзяцей і ўнукаў.

– Галоўнае для мяне, што жыццё пражыў не дарэмна, займаўся тым, што любіў і што пры сустрэчы людзі, з якімі раней працаваў, не адварочваюцца, не пераходзяць  на другі бок вуліцы, не плююць услед, – кажа мой суразмоўца.

 

 

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2024

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru