У Глыбоцкім раёне прайшоў конкурс сярод маладых аператараў машыннага даення

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (1 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Загрузка...

У Глыбоцкім раёне прайшоў конкурс сярод маладых аператараў машыннага даення.

Лепшыя маладыя спецыялісты
Маладыя аператары машыннага даення

На базе ўнітарнага прадпрыемства “Каралі” прайшоў IV раённы конкурс прафесіянальнага майстэрства “Лепшы па прафесіі” сярод маладых аператараў машыннага даення. Чатыры аператары – Марыя Хрусталёва (філіял “Прошкава”), Ала Грыдзюшка (УП “Мнюта”), Андрэй Ляшкевіч (ААТ “Сельцы”), Юлія Матошка (УП “За Радзіму”) – змагаліся за гэтае высокае званне.

Арганізатарамі конкурсу, як і ў мінулыя гады, сталі ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райкам прафсаюза работнікаў АПК. Да правядзення конкурсу прычынілася таксама раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.

Інтрыга сёлетняга саперніцтва заключалася ў тым, што трое аператараў з чатырох удзельнічалі ўжо ў такіх конкурсах і займалі прызавыя месцы. Юлія Матошка – аж двойчы: была трэцяй і другой. І, канечне ж,  у сёлетнім конкурсе ёй вельмі хацелася стаць першай (гл. артыкул “Другое дыханне МТФ “Ракаўцы” ў № 98 “ВГ” за 7 снежня 2019 года). Можа, і па той прычыне, што за плённую працу ў гэтым годзе фота маладой жанчыны  занесена на раённую Дошку гонару. І высокаму прызнанню трэба было адпавядаць.

Зрэшты, маючы за плячыма вопыт такога саперніцтва, гатовы былі пазмагацца за перамогу і Андрэй Ляшкевіч, і Марыя Хрусталёва. Ды і дэбютанка конкурсу Ала Грыдзюшка – не навічок у жывёлагадоўлі: усё-такі 17 гадоў працы аператарам машыннага даення гавораць пра многае.

Адкрыццё конкурсу праходзіла ў Абрубскай бібліятэцы-клубе. Шчырыя словы віншавання, пажаданні ўдачы і поспеху ад галоўнага спецыяліста райсельгасхарча Васіля Шурпіка, песні ў выкананні вядомых у раёне спевакоў Юліі Фянько і Валерыя Мурзіча стварылі ўсім, хто прысутнічаў у зале, цудоўны настрой. І вось у такой цёплай, можна сказаць, святочнай атмасферы пачаўся першы этап выпрабаванняў: “візітная картка канкурсанта”.

Скажам кораценька, як прадстаўлялі сябе маладыя аператары машыннага даення.

Конкурс-аператараў-2019-033

Марыя Хрусталёва:

–Каб у вас на стале заўсёды было свежае малако, а яшчэ тварог, смятана, свой працоўны дзень я пачынаю вельмі рана. Таму што я – даярка.  Працую ў вельмі дружным калектыве, дзе адзін за ўсіх, усе за аднаго. І дырэктар гаспадаркі ў нас добры, і заатэхнік. Мая мама працавала даяркай, і я хадзіла на ферму  памагаць ёй. З маленства палюбіла жывёлу, таму пасля школы пра выбар прафесіі не задумвалася, ведала, што буду даяркай. Прафесію сваю люблю і хачу сказаць, што без любві і ласкі да  жывёлы ў нашай прафесіі няма чаго рабіць.

Ала Грыдзюшка

Ала Грыдзюшка:

– Мне—30 гадоў. Нарадзілася ў Казахстане. Я – шматдзетная мама.  На Глыбоччыне ўжо даўно. Працу сваю люблю. І задача мая такая: надаіць як мага больш малака. І каб ўсё яно было сортам “экстра”.

Конкурс-аператараў-2019-025

Андрэй Ляшкевіч.

Можа, таму, што Андрэй па характары  вельмі сарамлівы, расказвала пра яго (расказ суправаджаўся паказам відэакадраў) Тамара Савёнак з групы падтрымкі:

– Нарадзіўся і  вырас у шматдзетнай сям’і. Адразу ж пасля школы пайшоў на ферму Забор’е, дзе працавалі яго бацька, маці і старэйшы брат. Пачынаў жывёлаводам, пасля набраўся смеласці і стаў аператарам машыннага даення. І ў Андрэя ўсё атрымалася. Вынікі ў працы з кожным годам павялічваліся. Так, за дзесяць месяцаў 2019 года малады аператар атрымаў ад  каровы 4308 кілаграмаў малака і заняў другое месца ў раённым спаборніцтве.

Конкурс-аператараў-2019-057

Юлія Матошка:

– Мае бабуля і мама працавалі даяркамі. І бабуля расказвала мне, як цяжка  працавалі ў далёкім мінулым: малакаправоду не было,  даілі рукамі, а кароў у групе –  аж дваццаць. Сёння ж усё інакш. І калі ты любіш жывёлу, калі працалюбівы, сумленны, адказны, калі яшчэ кармы якасныя, то поспех абавязкова прыйдзе. У кінафільмах савецкіх часоў даярка – галоўны герой: уся такая рамантычная, ружовашчокая, прыгожая, вясёлая. На маю думку, і сёння ў вёсцы наша прафесія галоўная, паколькі малако мы атрымліваем круглы год.  Вось толькі на экране ўжо зусім іншыя героі. Рыхтуючыся к свайму трэцяму конкурсу, я доўга думала, як і што мне расказаць пра сябе. З пірагом на сцэну я выходзіла ўжо, слайды пра маю працу на экране былі, спяваць, на жаль, я не ўмею. Вырашыла: раскажу свой верш. Можа, не зусім складны, але гэта будзе мой верш.

У зале бібліятэкі-клуба, прайшоў і  другі, тэарэтычны  этап конкурсу: аператарам раздалі надрукаваныя на лістках заданні, і правільныя адказы трэба было абвесці кружком.

Практычная частка праграмы прадоўжылася на МТФ “Абруб” і ўтрымлівала ў сабе два моманты: трэба было разабраць і сабраць пульсатар і калектар даільнага апарата і ў адпаведнасці з патрабаваннямі тэхналагічнага рэгламенту падаіць карову. За тым, як гэта ўсё праходзіла, уважліва сачылі члены журы – вопытныя спецыялісты жывёлагадоўчай галіны.

Паколькі Ала Грыдзюшка з “Мнюты” ўпершыню прымала ўдзел у конкурсе і ў намінацыі “візітная картка” вельмі сціпла прадставіла  сябе, крышку пагаварыў з ёй. Ала заўважыла, што асаблівага хвалявання ў яе не было, што за плячыма – вялікі  вопыт працы ў жывёлагадоўлі:

– На МТФ “Мнюта-2” я ўсяго некалькі месяцаў.  На ферме ж ўвогуле – больш за сямнаццаць гадоў. Колісь працавала  ў вёсцы Мацюкова разам з Марыяй Хрусталёвай. І так атрымалася, што сёння мы з ёй спаборнічаем. Калі Марыя пераможа, я шчыра парадуюся за яе.  Я думаю, што конкурс, парады, якія пачула ад  вопытных спецыялістаў, памогуць мне ў маёй далейшай працы.

Па заканчэнні практычнай часткі ўдзельнікі конкурсу выказалі жаданне пабыць на рабатызаванай ферме “Абруб”, і дырэктар УП “Каралі” Аляксей Абрамчык арганізаваў ім такую экскурсію. Пасля яе ўсе вярнуліся ў Абрубскую бібліятэку-клуб, дзе і былі падведзены вынікі конкурсу.

Члены журы працавалі ў асобным кабінеце, а вядомыя ўжо нам артысты Юлія Фянько, Валерый Мурзіч і Таццяна Федаровіч, якая далучылася да іх, выступілі перад удзельнікамі конкурсу, перад спецыялістамі, якія ўваходзілі ў групы падтрымкі, з канцэртнай праграмай. І можна меркаваць, што слухаючы прыгожыя песні, удзельнікі конкурсу пазбыліся перажыванняў, хваляванняў, якія заўсёды паяўляюцца  перад падвядзеннем вынікаў.

Мінут дваццаць музыкі і песень праляцелі імгненна, і неўзабаве вынікі конкурсу абвясціла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Працук.

Кожны з аператараў стаў пераможцам у адной з намінацый конкурсу і атрымаў каштоўныя падарунак. А ў агульным заліку першае месца заняла Юлія Матошка з УП “За Радзіму”, другое – Марыя Хрусталёва з філіяла “Прошкава”, трэцяе – Андрэй Ляшкевіч. Ім, а таксама Але Грыдзюшцы з УП “Мнюта” ўзнагароды ўручыў галоўны спецыяліст райсельгасхарча Васіль Шурпік.

І пасля таго, як вынікі былі падведзены, узнагароды ўручаны, дырэктар прадпрыемства Аляксей Абрамчык запрасіў усіх, хто быў у зале, за стол: удзельнікі конкурсу, спецыялісты сельскай гаспадаркі пілі чай са смачнымі бутэрбродамі і дзяліліся ўражаннямі аб праведзеным мерапрыемстве.

 

Другие новости Глубокого и Глубокского района
читайте в печатной версии районной газеты «Веснік Глыбоччыны»

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru