Надвор’е выдалася па-сапраўднаму вясновае. У прыродзе панавала гармонія, цішыня ў спалучэнні з яркай восеньскай прыгажосцю дарыла лірычны настрой. З вышыні нябеснага блакіту сонейка пасылала мілым жанчынам букеты залатых сонечных промняў – у падарунак да іх свята матуляў.
У мерапрыемстве “Любоўю няхай напоўняцца сэрцы…”, прысвечаным гэтаму дню, удзельнічалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Шубскі і яго намеснік па сацыяльных пытаннях Таццяна Тарасевіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч, загадчыкі аддзелаў і службаў райвыканкама, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вера Цяліца, прадстаўнікі прыгожай палавіны чалавецтва з прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў горада.
—У Глыбоцкім раёне налічваецца 476 шматдзетных сем’яў, у якіх падрастае 1 тысяча 536 дзяцей. Толькі ў гэтым годзе 38 сем’яў набылі статус шматдзетных. І паважаныя матулі, і іх дзеці – гэта наш самы каштоўны капітал, які мы павінны аберагаць і памнажаць. Дзяржава клапоціцца пра ваша здароўе, прадстаўляе жыллё з выгодамі, падтрымлівае матэрыяльна. Красамоўным сведчаннем сказанага з’яўляюцца лічбы: 328 шматдзетных сем’яў Глыбоччыны аформілі сямейны капітал, толькі сёлета гэта зрабілі 53 сям’і, — гаварыў у выступленні Аляксандр Шубскі.
Ён адзначыў неацэнную ролю жанчыны-маці ў грамадстве і ў сям’і, пажадаў матулям моцнага здароўя, трывалых сямейных адносін, радасці ў дзецях і ўнуках, дабрабрабыту і шчасця ў кожным дні.
Затым пачалася цырымонія ўзнагароджання.Падзякі Глыбоцкага выканаўчага камітэта “за значны асабісты ўклад ў выхаванні дзяцей, захаванне духоўных і маральных асноў сям’і”, падарункі і кветкі, прадстаўленыя прафсаюзнымі арганізацыямі раёна, Аляксандр Мікалаевіч уручыў Вользе Цецеранкевіч, Кацярыне Пучынскай, Вікторыі Маслёнай, Наталлі Акачонак, Юліі Саланінка, Дзіяне Леднік, Вераніцы Таляронак, Марыі Нямер, Юліі Мішчанка, Наталлі Відзянеевай, Ганне Міхеенкавай, Сняжане Швыдкой, Людміле Гардзіевіч, Алесі Шэйдзінай, Валянцінай Арцёмавай, Вользе Герасімёнак, Марыне Крыўко, Кацярыне Плыгаўка, Ірыне Бекіш, Вікторыі Хвасцюлёвай, Ірыне Данільчык, Таццяне Лаўрыновіч, Алене Андрэевай, Наталлі Вавінскай, Іне Казенка, Таццяне Канстанцінавай, апекуну Жанне Юргель, Алесі Слесарэвіч.
— Алеся – мама Дзімы, Цімафея і Станіслава. Усе дзеці разам з бацькамі актыўна ўдзельнічаюць у спартыўных мерапрыемствах, што праходзяць у раёне. Сям’я Слесарэвічаў з’яўляецца прызёрам рэспубліканскага сямейнага фестывалю “Папа, мама, я – футбольная сям’я” (2 месца), — гаварылі вядучыя Марына Цяліца і Юрый Ламачэнка. — Якраз сёння ў Віцебскім аблвыканкаме праходзіць урачыстая цырымонія ўшанавання шматдзетных матуляў і ўзнагароджанне іх дзяржаўнымі прэміямі. На гэтым мерапрыемстве Глыбоччыну прадстаўляе жыхарка вёскі Удзела, інспектар па асноўнай дзейнасці аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Надзея Сямашка, якой уручана прэмія імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі. Мы ганарымся, радуемся за нашу Надзею Уладзіміраўну і падтрымаем яе дружнымі апладысментамі.
Букет музычных віншаванняў усім прысутным матулям у той дзень дарылі салісты народнай эстраднай студыі “Архіў” Надзея Якімовіч, Пётр Васілевіч, Віялета Пятровіч, Дар’я Жук, Юлія Фенько, Ірына Калужонак, Дзмітрый Грак, Валянціна і Паліна Шнітко з юнымі выканаўцамі дзіцячай вакальнай студыі “Голдэн смайл”, вакальная група “Асарці” Цэнтра дзяцей і моладзі, народная харавая капэла Глыбоцкага ГДК пад кіраўніцтвам Дар’і Волкавай. У праграме выступілі таксама ўдзельнікі харэаграфічных груп “Вяснушкі” і “Фарсаж”, малодшая група мажарэтак узорнага ансамбля барабаншчыц “Віват”, танцавальны калектыў “Салют” СШ№1 імя В. Сухога пад кіраўніцтвам і акампанемент акардэяністкі Аксаны Закрэўскай. Песні, танцы, гумарыстычныя вершы, усмешкі – усё гэта было ў падарунак самым дарагім людзям на свеце – матулям.