Свае праекты прадставілі на конкурсе глыбачане, а таксама школьнікі з суседніх раёнаў – Шаркаўшчыны, Браслава і Верхнядзвінска. Праекты юных вынаходнікаў ацэньвалі эксперты, сярод якіх галоўны спецыяліст аддзела іэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Працук, педагог Цэнтра дзяцей і моладзі, пераможца абласнога і удзельнік рэспубліканскага этапа праекта “100 ідэй для Беларусі” Дзмітрый Лук’янёнак, настаўнік інфарматыкі Глыбоцкай раённай гімназіі, кіраўнік рэсурснага цэнтра лічбавай адукацыі і актыўны ўдзельнік беларускай скрэтч-супольнасці Лідзія Раманчук, старшы навуковы супрацоўнік Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея Аляксандр Хайноўскі, першыя сакратары Глыбоцкага, Шаркаўшчынскага, Браслаўскага і Верхнядзвінскага райкамаў ГА “БРСМ”.
Адзінаццацікласнік Браслаўскай гімназіі Мікіта Сачыўка прадставіў удасканалены кантэйнер для збору выкарыстаных батарэек. Кантэйнер цыліндрычнай формы ён абсталяваў «разумным» механізмам. Уявіце: вы кідаеце ў яго выкарыстаны элемент, а ў гэты ж час са спецыяльнай адтуліны выскоквае аднакапеечная манета і робат гаворыць вам “дзякуй”.
Дзяўчаты з Шайтараўскай СШ Верхнядзвінскага раёна Анастасія Родзік і Віялета Булаўская распрацавалі экалагічны праект па ачышчэнні вадаёмаў “Захаваем сажалку для нашчадкаў”. Вучні СШ №1 горада Шаркаўшчыны Аляксей Хвяцковіч, Даніла Лонскі і Дзяніс Шчарбакоў змайстравалі меліярацыйны робат-бульдозер, які можа стаць надзейным памочнікам у ачышчэнні каналаў і сістэм.
Глыбачане выступілі на занальным этапе з сацыяльна-адукацыйнымі праектамі. Педагог-арганізатар Карабоўскай школы імя Р. Мацеюна Вольга Ермаковіч прэзентавала праект “Водар Карабоўшчыны”. Гэта падушачкі, напоўненыя засушанымі зёлкамі, мыла ручной работы на адвары лячэбных траў, а таксама фітачаі.
Памочнікаў для сямей, у якіх падрастаюць дзеткі, зрабілі ўдзельнікі ўзорнага тэатра моды “Аліса” Цэнтра дзяцей і моладзі Аксана Рудак, Кацярына Курдо і Ксенія Хахолка. Прыгожыя лялькі (праект, дарэчы, называецца “Лялька. Бай”) расказваюць беларускія народныя казкі і спяваюць калыханкі на роднай мове.
Па рашэнні журы, пуцёўкі на ўдзел у абласным этапе атрымалі тры з пяці ўдзельнікаў занальнага этапа. Гэта браслаўчанін Мікіта Сачыўка (праект “Ад ідэі да стварэння робата”), педагог-арганізатар Карабоўскай школы Вольга Ермаковіч (праект “Водар Карабоўшчыны”) і ўдзельнікі ўзорнага тэатра моды “Аліса” Цэнтра дзяцей і моладзі (праект «Лялька.Бай»).


2.8900
3.3750
3.7400 






