21 верасня ў Віцебску пройдзе штогадовая выстава-продаж прадукцыі ўстаноў адукацыі вобласці “Восеньскі карагод”. У праграме — і майстар-класы для наведвальнікаў выставы, і “Горад майстроў”, і канцэртная праграма, у якой прымуць удзел лепшыя дзіцячыя творчыя калектывы Віцебшчыны.
На “Восеньскі карагод” прадставіць сваю прадукцыю і Глыбоцкі прафліцэй.
– Нам ёсць чым парадаваць жыхароў і гасцей Віцебска, — гаворыць дырэктар навучальнай установы Васіль Любоза. – Мы ж – людзі ад зямлі, таму самі вырошчваем зерневыя, бульбу, гародніну і частку сёлетняга ўраджаю павязём на выставу. Сярод навінак – насенне бульбы такіх папулярных сартоў, як “Маніфест” і “Брыз”. Удзельнікаў выставы пачастуем квашанай капустай, карэйскай морквай, іншай смакатой і, канечне ж, выпечкай кулінарных вырабаў. Плануецца, што ў складзе дэлегацыі ад прафліцэя будуць не толькі майстры вытворчага навучання, але і навучэнцы.