Імкліва мільгаюць яркія, радасныя падзеі “Вішнёвага фестывалю” у Глыбокім. У чацвер, 25 ліпеня, прайшоў дзень моладзі “Вішнёвая феерыя”. Завадныя мелодыі, цікавыя гульні, квэст “Тайна вішнёвага колеру”, аўта-шоу “Моладзь рулюе”, бенефіс тэатра моды “Аліса”, конкурсная праграма “Міні-Міс і Міні-Містр Вішанька” – усё гэта нікога не пакідала раўнадушным. Гулялі, весяліліся, танчылі, як і належыць маладым і крэатыўным.
Сёння ўсіх жыхароў краю і шматлікіх гасцей, якія прыехалі на фестываль з самых розных мясцін Беларусі і з рэгіёнаў замежных краін – з Расіі, Латвіі, Літвы, Малдовы, Украіны, Польшчы, чакае этна-вечарына “У вішнёвым садзе”.
А ад самага ранку з’язджаліся ў Глыбокае госцейкі дарагія. У зале пасяджэнняў афіцыйныя дэлегацыі сустракалі арганізатары “Вішнёвага фестывалю”. Пасля цёплага душэўнага вітання адбылася прэс-канферэнцыя, затым прайшла афіцыйная цырымонія падпісання важных афіцыйных дакументаў – пратаколаў намераў аб супрацоўніцтве: паміж Глыбоцкім раённым выканаўчым камітэтам і гмінай горада Равіч (Польшча), паміж Глыбоцкім райвыканкамам і муніцыпалітэтам Камрат аўтаномнага тэрытарыяльнага ўтварэння Гагаузія (Малдова), а таксама паміж Вілянскай краявой думай (Латвія) і муніцыпальным утварэннем горад Лукаянава Ніжагародскай вобласці (Расія). Завяршылася мерапрыемства цырымоніяй гашэння спецыяльным паштовым штэмпелем паштовай маркі ў гонар “Вішнёвага фестывалю”.
“Вішнёвы фестываль” шырыцца, набірае размах! Са святам, сябры!