Багаты асартымент “вішнёвай” сувенірнай прадукцыі да сёлетняга свята падрыхтавалі ў тэрытарыяльным Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Гурток “Чароўны куфэрак” пад кіраўніцтвам Наталлі Маслёнчанкі нейкі час быў больш падобны на вытворчы цэх, у якім наведвальнікі аддзялення дзённага прыбывання для інвалідаў, які ўзначальвае Наталля Мурзіч, давалі волю сваім фантазіям і справу старанным рукам. Сваю лепту ў падрыхтоўку да “Вішнёвага фестывалю” ўнеслі інстуктары па працатэрапіі Ганна Міхно і Таццяна Януковіч.
На выставе, аформленай у Цэнтры па вуліцы Мінскай, 91 чаго толькі няма?! Самашытыя ручнікі з сакавітымі вішнямі, бірулькі і бутаньеркі – аксэсуары да розных відаў мужчынскіх касцюмаў, дэкаратыўныя “вішнёвыя” пано для кухняў, арыгінальныя шкатулкі-лялькі і шкатулкі-веласіпеды, “вішнёвыя” домікі для захоўвання чайных пакецікаў, магніцікі, дэкаратыўныя вішнёвыя дрэўцы з бісеру.. – усе вырабы ручной работы. Асобны від прадукцыі – друкаваная з вішнёвым каларытам. Ламініраваныя падстаўкі пад гарачыя стравы для дбайных гаспадынь з яркімі малюнкамі на вішнёвую тэматыку, каляндарыкі кішэнныя, настольныя, перакідныя, візітныя карткі, штотыднёвікі, блакноты фармата А-4.
—Усё гэта робіць Таццяна Януковіч. Яна прайшла адаптацыю да працоўнай дзейнасці, цяпер з’яўляецца штатным супрацоўнікам Цэнтра. Яна сама робіць эскізы, а затым ажыццяўляе свае ідэі з дапамогай камп’ютара і прынтара. Усё, што вы бачыце на выставе, прадаецца. Нашу “вішнёвую” прадукцыю могуць набываць і арганізацыі раёна, і глыбачане. Ёй можна ўпрагожваць вітрыны магазінаў, уваходныя групы на прадпрыемствах і ва ўстановах, можна дарыць на памяць сябрам і знаёмым. Цэны ў нас даволі прымальныя. Калі мы вас зацікавілі, звяртайцеся па нумары 2-31-57, — сказала дырэктар тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ала Стоцік.