Да “Вішнёвага фестывалю” засталося восем дзён. Горад заняты апошнімі прыгатаваннямі да прыезду гасцей з блізкага і далёкага замежжа.
Рыхтуюць запасы “вішнёвай” прадукцыі дзяржаўныя і прыватныя прадпрыемствы гандлю, упрыгожваюць вітрыны “вішнёвымі”, такімі прывабнымі воку, сувенірамі. Вішнёвыя разыначкі рыхтуюць для пакупнікоў работнікі тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і Цэнтра дзяцей і моладзі. Новыя, “вішнёвыя” элементы дэкору з’явіліся і на глыбоцкіх вуліцах. Жалезабетонныя агароджы з яркімі сакавітымі вішнямі ўстаноўлены на скрыжаванні вуліц Леніна і Чырвонаармейскай. “Вішнёвай”, дзякуючы новай афарбоўцы, стала і глыбоцкая “Аколіца” – тэрыторыя ля магазіна з адпаведнай назвай, што пры ўездзе ў горад з боку Барка.
—Агароджы мы не купляем, не прывозім аднекуль, а вырабляем у цэху свайго прадпрыемства. Набылі спецыяльныя, з вішнёвым арнаментам, матрыцы і працуем. На выраб, устаноўку і афарбоўку агароджаў з раённага бюджэту нам выдзелілі 20 тысяч 123 рублі. Кіруе работамі начальнік участка шматгаліновых паслуг Сяргей Мацюшонак, — гаворыць начальнік УП ЖКГ Юрый Лінкевіч. – Устаноўкай займаюцца работнікі ўчастка капітальнага і бягучага рамонту жылфонду пад кіраўніцтвам майстра Віктара Шышко. Тэрміны даволі сціслыя, таму працуем з максімальнай аператыўнасцю. Да фестывалю плануем устанавіць такія агароджы на перакрыжаванні вуліц Савецкай і Вольнай, а таксама па вуліцы Міру каля магазіна “Дамавы”.