СУСТРЭНЕМСЯ НА ПІРСЕ

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

У Глыбокім шмат прыгожых мясцін для адпачынку. Але сёння раскажам пра адну з іх на набярэжнай возера Кагальнае: гэта там, дзе ратонда, сквер маладажонаў, помнік “Дзеду-глыбачаніну”, прыгожыя ліхтары… Да Дня Перамогі  тут устаноўлена яшчэ адна арыгінальная скульптура – “Залатая рыбка” і пабудаваны пірс. А непасрэдна ў дзень 9 мая адкрыты і скульптура, і пірс на набярэжнай.

Рыбка

Адкрыццё пірса, скульптуры “Залатая рыбка”  — яркая падзея, якая хораша ўпісалася ў праграму раённага свята, прысвечанага 74-ай гадавіне  перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Пірс

Вядучая Наталля Шалонька, Залатая рыбка і яе памочнікі (у ролях выступалі Ганна Шалонька, Ліза Гапоненка і Аліна Паляніна), музыканты ўзорнага духавога аркестра Глыбоцкай дзіцячай школы мастацтваў, самадзейныя артысты Падсвільскага Дома культуры ад самага пачатку задалі высокі тон святочнаму мерапрыемству, якое праходзіла на набярэжнай возера, і стварылі цудоўны настрой усім яго ўдзельнікам і гледачам.

 Пад музыку духавога аркестра старшыня райвыканкама Алег Морхат адкрыў скульптуру “Залатая рыбка”, якая, несумненна, стане  сімвалам не толькі для рамантыкаў, але і для маладажонаў: праходзячы па скверы, яны абавязкова зойдуць у госці да казачнай рыбкі, каб загадаць свае жаданні. А вось пірс, з паяўленнем якога гэты куточак стаў яшчэ больш прыцягальным для жыхароў горада і для шматлікіх гасцей, кіраўнік раёна  адкрываў разам з дырэктарам Глыбоцкага доследнага лясгаса Сяргеем Гайдуком, галоўным ляснічым  Дзвінскай эксперыментальнай базы Віктарам Піскуновічам, індывідуальнымі прадпрымальнікамі Сяргеем Канцэдалавым і Аляксандрам Шугаевым.

Духавы-аркестр

Адкрыўшы пірс, Алег Морхат зазначыў:

—Усе, хто ўдзельнічаў у рэалізацыі гэтага праекта, працавалі для жыхароў горада. Хачу ад усёй душы падзякаваць вам за стварэнне такога цудоўнага месца для адпачынку. З кожным годам жыццё ў раёне становіцца больш камфортным для людзей. Гэта вынік вялікай работы, якая ідзе ў кожным двары і пад’ездзе, на вуліцах і скверах, у школах і ў арганізацыях. Добраўпарадкоўваецца і прыгажэе наш горад.  Калі спытацца ў кожнага з нас “Што такое шчасце?”, адказ будзе прыкладна аднолькавым: калі мір на зямлі, калі здаровыя родныя і блізкія, калі збываюцца нашы самыя запаветныя мары.  Цаніце і захоўвайце ўжо створанае намі, беражліва стаўцеся да ўсяго, што нас акружае, рабіце дабро, і яно к вам вернецца вашымі новымі поспехамі і дасягненнямі.

  За актыўны ўдзел у будаўніцтве пірса на набярэжнай возера Кагальнае і ў добраўпарадкаванні горада Алег Морхат уручыў  падзякі  Сяргею Гайдуку, Віктару Піскуновічу, майстру ўчастка ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мікалаю Сіманковічу, бетоншчыку ўчастка ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Валерыю Артамонаву, электрагазазваршчыку Глыбоцкага цэха ўнітарнага прадпрыемства “Витебсквторчермет” Уладзіміру Мальчэўскаму,  электраманцёру Глыбоцкага цэха ўнітарнага прадпрыемства “Витебсквторчермет” Аляксандру Усовічу, індывідуальным прадпрымальнікам Сяргею Канцэдалаву і Аляксандру Шугаеву.

Як ініцыятару многіх карысных спраў і пачынанняў у Глыбокім (у тым ліку  і стварэння  скульптуры “Залатая рыбка”, і будаўніцтва пірса на набярэжнай)  Залатая рыбка (Ганна Шалонька) уручыла Алегу Віктаравічу сувенір – жывую залатую рыбку.

Пасля гэтага вядучая запрасіла ўсіх на рэтра-канцэрт, які адбыўся на пірсе. Духавы аркестр  іграў даўнія мелодыі; па пірсе прагульваліся закаханыя; дзяўчынкі-студэнткі з кнігай у руках, штосьці актыўна  абмяркоўвалі; воддаль мама з дачкой дзівіліся з прыгажосці навакольнай прыроды і возера. Словам, пірс ажыў: спачатку загучалі вершы, а потым — і папулярныя мелодыі і песні мінулых гадоў у выкананні самадзейных артыстаў Падсвільскага Дома культуры – Святланы Дзякун, Людмілы Рудак, Ірыны Януковіч, Кацярыны Янучок, Валянціны Шымко,  Уладзіміра Бурэня,  Юрыя Стрэльчанкі, Аляксандра Дыро, ансамбля “Весялушкі”. Загучалі   песні, напісаныя сэрцам, песні, якім жыць вечна: “Стары клён”, ”Лясны алень”, “Сярэбраная мяцеліца”, “Цеплаход”, “Стары раяль”, “Ноч”, “Па каменьчыках”  і іншыя.   І якія ж рэтра-канцэрты без танцаў?! Харэаграфічная група Дома культуры “ Эдванс” выканала кампазіцыю “Мы танцуем бугі-вугі”, а пасля  пад музыку духавога аркестра дзіцячай школы мастацтваў у круг выйшлі ўсе жадаючыя патанцаваць.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района, 2025

Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru