З Дня Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне прайшлі ўжо 74 гады. Гэта цэлае жыццё. Чыёсьці жыццё, якое стала магчымым дзякуючы самаахвярнасці мільёнаў людзей: вядомых і невядомых герояў вайны.
З кожным годам іх, хто здабываў Вялікую Перамогу, становіцца ўсё менш і менш. Успаміны і пачуцці абаронцаў Айчыны зберагаюць для нас песні, песні, якія памагалі нашым дзядам і бацькам цярпець і выжываць, спадзявацца і не здавацца, змагацца і перамагаць. Таму з такім пранізлівым болем успрымаюцца песні ваенных і пасляваенных гадоў і сёння. “Кацюша”, “Смуглянка”, “Жураўлі”, “Балада пра маці”, “Дзень Перамогі”, “Сіняя хусцінка”, “Тры танкісты”, “Дарога на Берлін”, “Лізавета”, “Цёмная ноч” – назвы песень сталі ўжо сімваламі таго часу. Калі гэтыя песні пачынаюць спяваць артысты, песні, дзе б яны ні гучалі, падхоплівае ўся зала, усе слухачы.
У гэтым мы змаглі пераканацца 9 мая падчас флешмоба “75 песень Перамогі”, які праходзіў на Цэнтральнай плошчы горада.
На сцэну выходзілі Юлія Голяс Ірына Калужонак, Дзмітрый Грак, Дзмітрый Джаўшанашвілі, Павел Пеляёнак, група “Падсвільчанка”, многія іншыя, і ім падпявала ўся плошча. Гэта было вельмі хвалюючае мерапрыемства, якое з’яднала і артыстаў і слухачоў у адным парыве: “Ніхто не забыты і нішто не забыта”.