Больш дваццаці пар прынялі ўдзел у гарадской акцыі “Вальс Перамогі”, якая прайшла на Цэнтральнай плошчы горада. Людзі самага рознага ўзросту асмеліліся паказаць сваё ўменне танцаваць вальс.
—Сёння пары будуць танцаваць, як калісьці, у далёкім 1945 годзе, у дзень 9 Мая, кружыліся ў святочным пераможным вальсе іхнія прадзеды, дзяды і бабулі, — адзначыла ў размове загадчыца метадычнага аддзела Глыбоцкай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Марына Сакалоўская. – Любоў к гэтаму танцу ў нашых сэрцах не старэе, як і памяць аб Вялікай Перамозе, у гонар якой мы і праводзім акцыю “Вальс Перамогі”.
Пакуль харэограф гарадскога Дома культуры Таццяна Стахоўская праводзіла майстар-клас з удзельнікамі мерапрыемства, пагутарыў з Пятром Пятровічам Асонам, які прыйшоў на плошчу, каб падтрымаць унука Захарыя, які прымае ўдзел у акцыі.
—Канечне ж, перажываю, хоць унук умее добра танцаваць, — заўважыў Пётр Пятровіч. – У такі памятны і такі адказны дзень ён павінен выступіць як мага лепш. І дзяўчынка ў пары з ім добрая, умелая. Самі паглядзіце, як у іх усё добра атрымліваецца. Я, калі даведаўся, што ў горадзе будзе праводзіцца такая акцыя ў гонар Дня Перамогі, проста не мог не прыйсці. 9 Мая – самае галоўнае свята для ўсіх нас. Паглядзіце, колькі людзей прыйшло на плошчу!
Унук Пятра Пятровіча вучыцца ў 11 класе СШ №2, ён, можна сказаць, ужо стаіць на парозе дарослага жыцця. Уразіла ж тое, што ў акцыі прымалі ўдзел зусім юныя танцоры, і, на радасць ім, іхнім бацькам, дзядулям і бабулям, усё і ў хлопчыкаў, і дзяўчынак атрымлівалася добра.
…Гучаў на плошчы вальс. Вальс Перамогі. Танцавалі пары. І неба над намі было спакойным і мірным. І так будзе заўсёды.