К ПАСЯЎНОЙ ТРЭБА БЫЦЬ ГАТОВЫМІ НА ЎСЕ СТО

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Такую задачу паставіў на гэтым тыдні старшыня райвыканкама Алег Морхат падчас выязной нарады, у якой прынялі ўдзел адказныя работнікі ад райвыканкама, спецыялісты райсельгасхарча, кіраўнікі і спецыялісты сельскагаспадарчых арганізацый, а таксама старшыні сельсаветаў, на тэрыторыі якіх знаходзяцца гаспадаркі.

Лінейка-1

Ідэя аб правядзенні такой нарады ў кіраўніка раёна ўзнікла пасля таго, як у выхадныя ён наведаў некалькі сельгасарганізацый і на свае вочы ўбачыў, што ў некаторых з іх падрыхтоўка к пасяўной, у прыватнасці, рамонт тэхнікі і пастаноўка яе на лінейку гатоўнасці, вядзецца не належным чынам.

Лінейка
Удзельнікі нарады наведалі восем гаспадарак — УП “Мярэцкія”, УП “За Радзіму”, сельскагаспадарчае прадпрыемства “Азярцы”, ААТ “Сельцы”, УП “Стрынадкі”, УП “Галубічы”, УП “Каралі” і УП “Канстанцінаў Двор” – на машынных дварах якіх на лінейку гатоўнасці была выстаўлена глебаапрацоўчая і пасяўная тэхніка. Справаздачу аб гатоўнасці калектыву да сяўбы, аб наяўнасці механізатараў, аб пасяўных плошчах і прыкладных тэрмінах правядзення вясновай кампаніі перад кіраўніком раёна трымалі кіраўнікі і спецыялісты сельскагаспадарчых арганізацый. Сярод якіх былі і галоўныя бухгалтары і галоўныя эканамісты. Менавіта ў абавязкі  работнікаў бухгалтэрыі ўваходзіць кантроль за выкарыстаннем абаротных сродкаў, і з гэтымі абавязкамі, яны, на жаль, не спраўляюцца, пра што і сказаў на нарадзе кіраўнік раёна. І такія адносіны да справы трэба мяняць.

Падчас нарады цікавыя выступленні, дыялогі, прапановы, абмеркаванні самых надзённых пытанняў можна было пачуць у кожнай гаспадарцы.

Машынны двор “Мярэцкія” УП “Мярэцкія” быў першым пунктам маршруту, распрацаванага А. В. Морхатам. Алег Віктаравіч  увогуле станоўча ацаніў лінейку гатоўнасці прадпрыемства, падкрэсліўшы пры гэтым вялікі ўклад у развіццё гаспадаркі дырэктара  Аляксандра Логінава. І тут жа акрэсліў адну з праблем, якая ёсць ці не ва ўсіх сельгасарганізацыях і якую трэба тэрмінова вырашыць.

Усё ў тым, што непадалёк ад тэхнікі, пастаўленай на лінейку гатоўнасці, стаялі два няспраўныя пасяўныя камбінаваныя агрэгаты, якія не прымуць удзел у сёлетняй пасяўной. На думку старшыні райвыканкама, такая пакінутая  і часткова   разукамплектаваная тэхніка не павінна знаходзіцца на тэрыторыі машыннага двара, яе трэба  даставіць у аграсэрвіс, каб з пяці агрэгатаў зрабіць хаця б два, з трох – хаця б адзін.

—Вы ж па сутнасці  адна сям’я  і самі павінны разабрацца, каму што патрэбна: каму – бункер, каму – дыскі, каму – гідраўлічны рукаў ці стойкі, — заўважыў А. В. Морхат, звяртаючыся да кіраўнікоў і спецыялістаў. – І ў сённяшняй няпростай сітуацыі павінны спрацаваць узаемавыручка, узаемадапамога.

На машынным двары вёскі Удзела УП “За Радзіму” ўдзельнікі нарады доўга не затрымаліся. Алег Морхат  звярнуў увагу дырэктара прадпрыемства Тадэвуша Зяновіча, спецыялістаў гаспадаркі на пасяўны агрэгат АПП-6 — на ржавыя дыскі, на трэшчыну на раме, заўважыў, што ніхто не падыходзіў і да дыскатара, і запатрабаваў неадкладна правесці неабходныя работы.

Практычна без заўваг прайшоў агляд выстаўленай на лінейку гатоўнасці тэхнікі ў дзяржаўным прадпрыемстве “Азярцы” і ў ААТ “Сельцы”. Сапраўды, лінейкі гатоўнасці ў гэтых гаспадарках кіраўнікі і спецыялісты ацанілі высока:  плугі, сеялкі, чызелі, культыватары, дыскі, падборшчык камянёў, дыскатар, раскідвальнікі арганічных і мінеральных угнаенняў, апырсквальнік – у “Азярцах”; гатовыя к выхаду ў поле АПП-6, СЗТМ-4Н, культыватары, плугі, іншая тэхніка, парадак на тэрыторыі і ў майстэрні – у “Сельцах”.

І хоць яшчэ адзін пасяўны агрэгат АПП-6 у “Азярцах” быў не гатовы, гэта не палічылі праблемай. І па той прычыне, што дырэктар Сяргей Мушкат запэўніў, што пытанне з запчасткамі вырашана і ў бліжэйшы час агрэгат будзе адрамантаваны.

Падчас наведвання УП “Стрынадкі” Алег Морхат расказаў пра цяжкую сітуацыю, у якой знаходзіцца сёння калектыў гаспадаркі. І пры гэтым знайшоў  цёплыя словы, каб падтрымаць маладога кіраўніка Рамана Хімянкова, які шмат чаго зрабіў па навядзенні парадку на машынным двары вёскі Кішы і нават змог паставіць тэхніку (няхай сабе не ўсю) на лінейку гатоўнасці.

Не ўзніклі пытанні ў кіраўніка раёна падчас наведвання машыннага двара УП “Каралі”: лінейка гатоўнасці была ў поўным парадку. Алег Віктаравіч толькі заўважыў, што будзе чакаць ад калектыву рабатызаванай фермы “Абруб” надою не  24 кілаграмы малака ад каровы за дзень, як сёння, а 30 кілаграмаў.

А вось на машынным двары УП “Галубічы” ўдзельнікам нарады прыйшлося крыху затрымацца. Тэхнікі ў гаспадарцы, у тым ліку новай, шмат, але вынікаў у вытворчасці няма. Калі яшчэ некалькі гадоў  таму гаспадарка прэтэндавала на ролю лідара ў раёне, то ў апошні час  тут намеціўся спад па ўсіх пазіцыях. Пра гэта і сказаў Алег Морхат. Не ўразіла  і лінейка гатоўнасці: асобныя глебаапрацоўчыя агрэгаты  не толькі не адрамантаваны, з восені іх нават не памылі, не пачысцілі, і так яны прастаялі ўсю зіму. Не гатовы к выхаду ў поле і некаторыя сеялкі.

Сумным выдаўся кароценькі дыялог каля аднаго з агрэгатаў паміж кіраўніком раёна і адным са спецыялістаў гаспадаркі.

—І што вы сёння робіце?

—Дык вось, перабіраем.

—А чаму раней не перабіралі?

У адказ – маўчанне.

І ўсё ж Ігар Вайцяховіч выказаў упэўненасць, што к выхаду ў поле ўся тэхніка будзе адрамантавана, і веснавыя палявыя работы пройдуць зладжана і арганізавана.

Запомніўся і такі эпізод на тэрыторыі машыннага двара. Мужчына ў спецвопратцы поркаўся ў кучы абрэзкаў (чытай: смецця), каб выбраць абярэмак дроў. Але як са смецця можна выбраць дровы? Пытанне з кагорты рытарычных.

Вынікі выязной нарады кіраўнік раёна падвёў на машынным двары вёскі Дзеркаўшчына УП “Канстанцінаў Двор”.

—Хачу яшчэ раз вам напомніць: мы – адна каманда, — падкрэсліў Алег Віктаравіч. – Я і задумаў гэтую нараду, каб вы пабывалі ў розных гаспадарках і падумалі, як хто падышоў да падрыхтоўкі да пасяўной. Сітуацыя ва ўсіх аднолькавая, але, вынікі, на жаль, розныя. Там, дзе хочуць жыць і працаваць, — парадак. Пасяўная нас чакае не простая, і мінеральных угнаенняў не стане больш, чым летась, таму асноўная наша стаўка – на арганіку. Многае будзе залежыць ад кіраўніка, ад яго аптымізму, ад умення арганізаваць людзей на справу.  Усе работы мы павінны правесці на высокім арганізацыйным і тэхналагічным узроўні. І мы можам зрабіць гэта. Разгубленасці ў кіраўнікоў, у спецыялістаў, у механізатараў няма, ёсць настрой на працу. І гэта радуе.

Вам также понравится



Веснік Глыбоччыны - Новости г. Глубокое и Глубокского района,
© Авторское право принадлежит учреждению "Редакция районной газеты "Веснік Глыбоччыны" Глубокского района , 2021г.
Гиперссылка на источник обязательна. Условия использования материалов.


Рейтинг@Mail.ru
Яндекс.Метрика Рейтинг@Mail.ru