Па выніках работы за 2018 год крымінальна-выканаўчая інспекцыя міліцыі грамадскай бяспекі Глыбоцкага РАУС прызнана лепшай у рэспубліцы, а яе начальнік маёр міліцыі Сяргей Ешчанка – лепшым супрацоўнікам крымінальна-выканаўчых інспекцый Віцебскай вобласці. Высокую ўзнагароду – пераходную зорку – маёр Сяргей Ешчанка атрымаў у лютым падчас урачыстага мерапрыемства, якое праходзіла ў Віцебскім абласным упраўленні ўнутраных спраў. Яна стала выдатным падарункам калектыву напярэдадні прафесійнага свята і нагодай для інтэрв’ю з Сяргеем Уладзіміравічам.
–Гэта першая ваша ўзнагарода такога ўзроўню?
–У 2013 годзе інспекцыя таксама была лепшай у краіне, але тады калектыў быў іншы і ўзначальваў яго Сяргей Пятровіч Петух.
–У кожнага поспеху ёсць свае складаемыя, а што дапамагло прыйсці да перамогі ў рэспубліцы вам?
–Першае: нам было на каго раўняцца, у каго вучыцца і з каго браць прыклад. Другое: трое супрацоўнікаў скончылі Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў, маюць вышэйшую юрыдычную адукацыю, адзін – заканчвае ВНУ сёлета. Атрыманыя веды – гэта моцны фундамент, на якім і будуем сваю работу. Трэцяе: практычны вопыт і навыкі, набытыя ў сістэме праваахоўных органаў – яшчэ адна каштоўнасць, незамянімая ў рабоце. Найбольшы стаж у сістэме праваахоўных органаў мае старшы інспектар, капітан міліцыі Сяргей Пашковіч. Больш за дзесяць гадоў працую ў інспекцыі я. Двое супрацоўнікаў прыйшлі нядаўна, але яны старанныя, адказныя, разумеюць важнасць таго, што мы робім. У кожнага свой накірунак работы, але працуем мы па прынцыпе ўзаемазамяняемасці, адчуваючы калегіяльную падтрымку, з жаданнем дапамагчы чалавеку і быць карыснымі грамадству.
–Не кожны наш чытач уяўляе ў чым сутнасць вашай работы. Можна больш падрабязна?
–Гэта не дзіўна, бо служба наша не на віду. Мы працуем з сацыяльна рызыкоўным кантынгентам грамадзян, якія здзейснілі злачынствы і асуджаны да розных мер пакарання, не звязаных з ізаляцыяй ад грамадства. Наша задача – выконваць патрабаванні крымінальна-выканаўчага заканадаўства ў адносінах да такіх асоб: кантраляваць іх паводзіны, займацца выхаваўчай работай, аказваць дапамогу з працаўладкаваннем і рабіць усё магчымае, каб яны сталі на шлях выпраўлення і не мелі праблем з законам, а таксама – не дапусціць росту рэцыдыўнай злачыннасці, садзейнічаць стабілізацыі аператыўнай сітуацыі ў раёне.
– Якія лічбы яскрава пацвярджаюць выніковую работу інспекцыі?
– У 2018-м годзе па лініі ўсіх службаў асобы, якія ўжо мелі
судзімасць, здзейснілі 61 злачынства, а гэта на 43 менш, чым у 2017-м (іх было 104). Удзельная вага ў агульнай колькасці здзейсненых у раёне злачынстваў – 34,9%, што на 2,9% менш за абласны паказчык мінулага года. Колькасць рэцыдыўных злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку летась склала 25%, што на 12% менш, чым па вобласці, у сельскай мясцовасці іх колькасць удалося знізіць з 63 да 25.
Акрамя таго, летась удалося павялічыць вынікі работы па асноўных накірунках службовай дзейнасці КВІ. Устанавілі 10 наглядаў, склалі 93 адміністрацыйныя пратаколы, узбудзілі 16 крымінальных спраў, 9 грамадзян, якія маюць судзімасць, накіравалі ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Па ўліках інспекцыі прайшлі 484 раней судзімыя грамадзяне. Цяпер на ўліку стаяць 259 асоб, з якіх 103 асуджаны, але знаходзяцца на волі, 156 маюць непагашаную судзімасць і знаходзяцца пад прафілактычным наглядам.
–Якая структура здзейсненых злачынстваў?
–Тры злачынствы адносяцца да катэгорыі цяжкіх. Адно з іх
здзейсніў мужчына, які, вярнуўшыся з месц пазбаўлення волі, праз пару тыдняў зноў замахнуўся на закон. Яшчэ адно злачынства на сумленні іншагародняга, раней судзімага грамадзяніна, які не стаяў на ўліку ў нашай інспекцыі. Астатнія 58 злачынстваў не прадстаўляюць вялікай небяспекі грамадству. 37 злачынстваў здзейснілі грамадзяне, якія нідзе не працуюць і не вучацца. У 19-і выпадках стаць злачынцам грамадзянам дапамог алкаголь.
–У рабоце з такім складаным кантынгентам што ставіце на першае месца?
–Звычайныя чалавечыя адносіны на роўных, якія не выклікаюць у нашых падапечных агрэсіі і дапамагаюць паверыць людзям у пагонах.