У мінулыя выхадныя прайшоў апошні тур фінальнага раўнда чэмпіянату Віцебскай вобласці па футболе. Так атрымалася, што менавіта ў апошніх гульнях вызначыліся пераможца і прызёры гэтых цікавых спаборніцтваў, якія доўжыліся не адзін месяц.
Прайграўшы ФК “Детскосельский” (Гарадок) матч, які некаторыя футбольныя спецыялісты назвалі матчам за “серабро”, ФК “Глыбокае” апынуўся ў няпростай сітуацыі: каб стаць бронзавым прызёрам чэмпіянату, на выездзе трэба было абыгрываць клуб з Талачына, які меў на ачко больш і якога задавальняў нічыйны зыход сустрэчы. Вядома, мы верылі ў каманду, верылі ў перамогу і з нецярпеннем чакалі інфармацыі пра вынік гэтай сустрэчы.
Таму адразу пасля матча ў Талачыне па тэлефоне звязаліся з галоўным трэнерам нашай каманды Вячаславам Богушам, і вось што ён сказаў:
—Гульня была за медалі чэмпіянату, таму ўступаць ніхто не хацеў. Ужо адно тое, што суддзя паказаў ігракам адной і другой каманды чырвоныя карткі, а былі яшчэ і жоўтыя, дае яскравае ўяўленне пра характар матча. Першы тайм мы правялі лепш, шмат камбінавалі і пасля вострай перадачы з фланга ў штрафную пляцоўку сапернікаў Віталь Смалякоў адкрыў лік у матчы – 1:0. Здарылася гэта прыкладна на 30 мінуце першага тайма. У другім тайме маглі забіць і яшчэ, але мяч у вароты не ішоў. А вось апошнія дзесяць-пятнаццаць мінут былі вельмі цяжкімі для нас. Гаспадарам поля патрэбна была нічыя, і ўсёй камандай яны кінуліся ў атаку. Але нашы ігракі акуратна згулялі ў абароне і дабіліся ў такой няпростай, напружанай сустрэчы такой важнай перамогі. А гэта – бронзавыя медалі чэмпіянату вобласці!
Гол, які забіў Віталь Смалякоў, стаў для яго дзясятым па ліку, і Віталь увайшоў у шасцёрку лепшых снайпераў першынства.
“Залаты матч” праходзіў у Гарадку, дзе гаспадары поля прымалі ФК “Полацкгаз”, якому, каб стаць чэмпіёнам вобласці, дастаткова было дабіцца нічыёй. Але такая яна, каманда з Полацка: заўсёды гуляе на выйгрыш. Так сталася і ў гэтай сустрэчы. Перамога з лікам 2:1, і ФК “Полацкгаз” — пераможца чэмпіянату Віцебскай вобласці па футболе 2018 года! ФК “Детскосельский” (Гарадок) – сярэбраны прызёр.
Вынікі іншых сустрэч апошняга тура. ФК “Газавік” (Віцебск) – ФК “Міёры” — 4:1, ФК “Славянскі Велес-Дзвіна” – ФК “Лепель” — 3:0 (тэхнічная перамога).
Выніковая табліца чэмпіянату вобласці выглядае так.
ФК “Полацкгаз” (Полацк) – 35 ачкоў
ФК “Детскосельский” (Гарадок) – 29
ФК “Глыбокае” – 24
ФК “Ніва” (Талачын) – 22
ФК “Славянскі Велес-Дзвіна” – 20
ФК “Газавік” (Віцебск) – 15
ФК “Лепель” – 10
ФК “Міёры” – 2.
У адным з бліжэйшых нумароў “ВГ” мы прааналізуем выступленне ФК “Глыбокае” ў сёлетнім чэмпіянаце Віцебскай вобласці па футболе. Водгукі чытачоў пра гульню нашай каманды (мы ўключым іх у выніковы матэрыял пра ФК “Глыбокае”) на працягу тыдня прымаем па тэлефоне №. 5-38-15.