нядаўна ў рамках Тыдня турызму на базе філіяла “Чачалі” УП “Глыбоцкі МКК” прайшло конкурснае мерапрыемства “Кулінарная спадчына-2018”, у якім прыняла ўдзел шэф-повар, эксперт беларускай кухні, аўтар кніг, радыё- і тэлевядучая Алена Мікульчык.
Алена таксама прысутнічала на кулінарным свяце ў аграэкасядзібе “Утрына”, што ў вёсцы Маргі Падсвільскага сельсавета, а назаўтра ўжо была старшынёй журы конкурсу ў Чачалях. Яго арганізатары — спецыялісты сектара спорту і турызму райвыканкама — запрасілі да ўдзелу аматараў кулінарыі з прадпрыемстваў і арганізацый горада, грамадскіх аб’яднанняў, жыхароў Глыбоччыны, якія гатуюць па рэцэптах, што перайшлі ім у спадчыну ад прадстаўнікоў старэйшага пакалення. Асноўныя мэты, якія ставілі перад сабой арганізатары, — вывучэнне страў мясцовай кухні, папулярызацыя і рэклама гастранамічных традыцый Глыбоччыны, выяўленне таленавітых кулінараў і кандытараў сярод жыхароў раёна і садзейнічанне ім у арганізацыі клубаў і аб’яднанняў па інтарэсах. Удзельнікі маглі паказаць сваё майстэрства ў васьмі намінацыях, прадставіўшы прыгатаваныя закускі і салаты, першыя стравы, стравы з рыбы, птушкі і мяса, з гародніны, зерневых культур, дэсерты і мучныя вырабы, а таксама напіткі.
У ліку ўдзельнікаў былі філіял “Чачалі” (Таццяна Статкевіч і Ніна Казлоўская), раённая арганізацыя ГА “Белая Русь”, якую прадстаўлялі старшыня пярвічнай арганізацыі СШ №2 Наталля Цяліца і яе дачка Валянціна, клуб аматараў здаровага харчавання “Эка” (Алена Белая і Таццяна Лаўрыновіч), народны клуб аматараў беларускай нацыянальнай кухні і фальклору “Кумачкі” Гатаўшчынскага СДК (Вольга Андзілеўка, Вольга Пацянкоўская і Таццяна Будрэвіч), майстар раённага Дома рамёстваў Алена Дабравольская, гаспадары аграсядзібы “Абярэг” з Ластавічаў Аляксей і Юлія Палавінчыкі з сынам-школьнікам, сядзіба “У Якімовіча” (Вольга Якімовіч і Наталля Сільмановіч), вучань СШ№2 Цімафей Пашковіч, а таксама прадстаўніца рэдакцыі газеты “Веснік Глыбоччыны” Наталля Дамашова.
Чаго толькі не было на сталах, засланых вышыванымі настольнікамі і сурвэткамі! Калдуны з мясам, каўбаскі па-вясковаму, прыгатаваныя ў каструлі без вады, солі і спецый, запяканкі, фаршыраваны шчупак, салаты для гурманаў, гарбузовыя супы і дэсерт з гарбузоў, бульбяное парася з рабрынкамі, дранікі ў гліняных гаршчочках, клёцкі пяці гатункаў – з салам, мясам, макам, вішнямі і “фестывальныя”, “салодкія пянёчкі”, пончыкі з сюрпрызам і бульбяныя лапці, настойка бруснічная, бярозавы сок… Кожны ўдзельнік падрыхтаваў прэзентацыю і з дапамогай мастацкага слова прадставіў свае кулінарныя шэдэўры. Эстэтычна аформленыя стравы не маглі не выклікаць апетыт і жадання пакаштаваць гэтую прыгажосць.
Ну а вызначыць лепшых сярод таленавітых павінна было кампетэнтнае журы пад старшынствам Алены Мікульчык. Дэгусціраваць стравы ёй дапамагалі кіраўнік Дэпартамента распрацовак Цэнтра комплекснай падтрымкі і планавання бізнесу Валянцін Возераў, прадстаўнік дылерскай кампаніі МТС па Віцебскай вобласці Іна Арлоўская, выхаванка мастацкай школы імя Я. Драздовіча, удзельніца праекта “Каляровы лён” Васіліна Мушкат і інструктар-метадыст Глыбоцкага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Ала Вярцінская.
Густ густам, смак смакам, але вызначыць пераможцаў, са слоў Алены Мікульчык, дапамагла дакладная навука матэматыка. Усе ўдзельнікі атрымалі граматы сектара спорту і турызму райвыканкама і падарункі ў розных намінацыях: “За лепшую закуску” – сям’я Палавінчыкаў (аграсядзіба “Абярэг”), за “Лепшую салату” – сядзіба “У Якімовіча”, за “Лепшы напітак” – Наталля Дамашова (рэдакцыя газеты “Веснік Глыбоччыны”), “За страву з бульбы” – Людміла Чэбан (філіял “Чачалі”), “За стравы з рыбы” – Алена Дабравольская (Дом рамёстваў), “За стравы з мяса” – Наталля і Валянціна Цяліцы (РА ГА “Белая Русь”), “За лепшы дэсерт” – Цімафей Пашковіч (СШ№2), “Здаровая кухня” – клуб “Эка”. Грамату атрымала і самая юная ўдзельніца — Валянціна Цяліца.
— Прыемна, што на Глыбоччыне захоўваюць нацыянальныя традыцыі і тым самым зберагаюць для нашчадкаў багатую спадчыну, — сказала Алена Мікульчык.
Людміла Чэбан, якая вяла мерапрыемства, уручыла ёй і членам журы салодкія падарункі – згушчонку з вішнямі і зборнік песень кампазітара і выканаўцы Ганны Шакола, а таксама сертыфікат на адпачынак у філіяле “Чачалі”.
Скончылася мерапрыемства квэстам, у ходзе якога ўсе ўдзельнікі шукалі схаванага на тэрыторыі філіяла Вішнёвіка – вешчуна і носьбіта добрых навін. Найхутчэй з заданнем справіліся Цімафей Пашковіч, Валянціна Цяліца і Алена Дабравольская, якія атрымалі вішнёвікаў у падарунак.