З шырокім размахам прайшоў у Верхнядзвінску абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі-2018”, на якім былі ўшанаваны лепшыя працаўнікі аграпрамысловага комплексу Віцебшчыны.
Праграма свята была надзвычай цікавая і разнастайная. Самымі яркімі момантамі “Дажынак” сталі тэатралізаваны мітынг “Подзвіг доблесці і гонару”, святочнае прадстаўленне на вадзе “Водная феерыя”, выстава-конкурс “Дажыначны сноп” і выстава караваяў раёнаў вобласці “Каравай-2018”, конкурс юных прыгажунь і, канешне ж, шэсце ўдзельнікаў свята па вуліцах горада, а пасля – урачыстае адкрыццё фестывалю-кірмашу на цэнтральнай плошчы, цырымонія ўзнагароджвання і канцэрт.
У калоне пераможцаў на жніве 2018 года прайшоў камбайнер Глыбоцкай інтэграцыйнай структуры Сяргей Зелянкевіч, які намалаціў 1798 тон зерня і атрымаў Падзячнае пісьмо старшыні аблвыканкама і грашовую прэмію. Мікалай Шарснёў уручыў Падзяку выпускніку Глыбоцкага прафліцэя Ілью Панамарэнку за актыўны ўдзел у правядзенні веснавых палявых работ ва ўнітарным прадпрыемстве “Канстанцінаў Двор”. Ганаровую грамату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з рук нашага паважанага дэпутата, старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Андрэйчанкі атрымаў механізатар УП “За Радзіму” Андрэй Пятрага. Дыплом пераможцы рэспубліканскага конкурсу “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў і жывёлагадоўчых ферм” уручаны старшыні Удзелаўскага сельскага выканаўчага камітэта Віктару Карману. Важкім дадаткам к Дыплому стане трактар з навясным абсталяваннем. Ганаровай граматай абкама прафсаюза работнікаў АПК адзначана плённая праца старшыні прафсаюзнага камітэта УП “Ломашы-Агра” Наталлі Спасібёнак.
Выходзілі на галоўную сцэну свята і кіраўнікі УП “Стрынадкі” і ДП “Азярцы” Раман Хімянкоў і Сяргей Мушкат: як кіраўнікі гаспадарак, якія нядаўна ўвайшлі ў Глыбоцкую інтэграцыйную структуру, яны атрымалі для сельгаспрадпрыемстваў ключы ад легкавых аўтамабіляў.
Годна прадстаўлялі нашу родную Глыбоччыну на фестывалі-кірмашы нашы самадзейныя артысты і спартсмены. Гасцінна, спеўна было на гандлёвым падворку Глыбоцкай інтэграцыйнай структуры. А як хораша, ці не лепш за ўсіх, глядзелася падчас святочнага шэсця дэлегацыя з Глыбоччыны.
Карацей, на “Дажынках” у Верхнядзвінску глыбоцкія працаўнікі былі на віду, на вышыні.